Ад «Меліяратара» да Цэнтра культуры г. Хойнікі

25 крокаў на шляху Незалежнасці

Хайнічане і да гэтай пары кажуць на сённяшні Цэнтр культуры – «Меліяратар».

Давайце ўспомнім, калі пачалася гісторыя яго адкрыцця, дырэктароў установы і як з цягам часу змянялася сама назва.

У 1972 годзе адчыніў дзверы па вуліцы Калесніка райцэнтра прафсаюзны ДК будаўніча-мантажнага кіравання «Меліяратар». Прычым, установа тады адносілася да Калінкавіч. Першым дырэктарам была Таццяна Кірпічэнка, затым – Сямён Рабоўскі. Песні, танцы, канцэрты – гледачы з задавальненнем хадзілі паслухаць песні артыстаў мастацкай самадзейнасці, якія працавалі ў «Меліяратары».

З 1975 па 1980 года ў «руля» стаяў Аляксей Сярмяжка, стваральнік і рэжысёр народнага тэатра РДК. Дарэчы, зараз мужчына на заслужаным адпачынку, пражывае ў Хойніках. Раней ва ўстанове была пасада кінамеханіка, таму што радавала кінаўстаноўка. Паказвалі хайнічанам мастацкія фільмы і савецкія мультфільмы.

З 1980 па 1999 г. культураўская «мясціна» змяніла нямала кіраўнікоў: вялікі ўклад у росквіт ДК «Меліяратар» Хойніцкай перасоўнай механізаванай калоны-86 (ПМК) унеслі Аляксандр Кавалёў, Лідзія Корасціна. У дальнейшым – Васілій Найдзенка, Анатолій Навуменка, Андрэй Бельскі, Леанід Шут. У 91-м годзе назву перайменавалі на ГДК «Меліяратар», потым – гарадскі Цэнтр культуры і спорту. Сваю цяперашнюю назву – філіял «Цэнтр культуры г. Хойнікі» ДУК «РДК» – атрымала ў 2020 годзе.

З 1982 г. і па сённяшні момант працуе ў гэтым будынку Лілія Краўчанка, кіраўнік аматарскага аб’ядання «Спадчына». А пачынала яна педагогам-выхавальнікам пакоя школьніка (вучыла дзяцей спяваць). Яна нам расказала, чым адметным былі васьмідзесятыя-дзевяностыя. Працавалі інструментальны ансамбль, жаночая вакальная група і мужчынскі вакальны ансамбль, які складаўся з работнікаў ПМК і іх родзічаў. Харавы калектыў карыстаўся попытам у хайнічан (кіраваў ім Уладзімір Чарнякоў). Ніводны канцэрт не абыходзіўся без таленавітага акампаніятара Рыгора Лушча, культарганізатара Тамары Карповіч. Харэограф Ніна Котава адказвала за гурток, які наведвалі вучні трэцяй гарадской школы.

Агіт-брыгада выязжала з гастролямі па сельскіх клубах, гаспадарках. Выпускалі і сценгазету, якая распавядала пра творчае жыццё «Меліяратара».

Аказваецца, ужо ў тыя гады на другім паверсе была бібліятэка, загадчыкам працавала Тамара Кутузава.

У 2005 г. адбылася рэканструкцыя будынка (замянілі дзверы, вокны, унутры цалкам перапланіроўку зрабілі). У пачатку 2020 устанавілі камеры відэаназірання.

Вернемся ў цяперашні час. Зараз загадчыкам Цэнтра культуры г. Хойнікі з’яўляецца Людміла Лобан. У штаце два культарганізатары – Аляксандр Бутэнка і Васілій Найдзенка. За гурткі адказная Анжэліка Віннік, харэограф – Алена Ляснічая. Працуе танцавальны калектыў «Каскад», аб’яднанне «Спадчына», аматарскае фарміраванне «Грамада» (узначальвае Дзяніс Шарапаў). Работнікі культуры штогод паказваюць прафесійнае майстэрства, удала выступаюць на фестывалях у вобласці, рэспубліцы, займаюць прызавыя месцы. Калектыў і работнікі прызнаваліся лепшымі за дасягненне высокіх паказчыкаў, іх імёны заносіліся на раённую Дошку Гонару.

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *