У ліку першых тысячнікаў

Сельское хозяйство

Быў час, калі сезонны намалот  у 1000 тон збожжа быў верхам майстэрства камбайнера. І дабіваліся яго нямногія. Толькі няма мяжы тэхнічнай думцы. Магутная айчынная тэхніка прыйшла на палеткі, рух тысячнікаў стаў ужо масавым. Таму сёлета крытэрыем вышэйшай ацэнкі стаў  1500-тонны намалот.

Але ж заўсёды былі і будуць першыя. На пачатак дня 30 ліпеня ў Гомельскай вобласці было ўжо шэсць камбайнераў-тысячнікаў. У тройцы лідэраў і экіпаж КЗС-1218 КСУП “Судкова” ў саставе Рыгора Аляксандравіча Сцішанка і Мікалая Міхайлавіча Краўца (на здымку злева) з невялікім адрывам у 69 тон ад камбайнераў КСУП  “Чамярыскі” Брагінскага раёна. А што датычыць першага месца, то тут, можна сказаць, сілы не зусім роўныя: у экіпажа “Лексіон-600” агракамбіната “Холмеч” Рэчыцкага раёна ўборачная машына мае шырыню захопу жняяркі 12 метраў.

 На гэтую ж дату  12 вадзіцеляў Гомельшчыны першымі перавезлі па тысячы і больш тон збожжа. У іх ліку Фёдар Сцяпанавіч Яфіменка з КСУП “Судкова” (на здымку справа). І ўжо калі сонца хілілася да захаду,  Р.А. Сцішанка, М.М. Краўца і Ф.С. Яфіменку ад імя абкома прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу павіншаваў і ўручыў Падзячныя пісьмы і падарункі яго старшыня М.І. Садчанка.

Шчырыя словы віншаванняў і пажаданняў далейшых поспехаў прагучалі ў адрас перадавікоў ад намесніка старшыні райвыканкома В.М. Шаўчэнкі, начальніка ідэалагічнага аддзела Ж.М. Чарняўскай, старшыні райкома прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу В.В. Харошка. І, безумоўна ж, не абышлося з такой нагоды без прыгожых букетаў летніх кветак ад адміністрацыі і прафкома гаспадаркі, а таксама  добрых песень, якія падарылі працаўнікам нівы самадзейныя артысты гарадскога цэнтра культуры і спорту.


Фота Уладзіміра СЯМЕНАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *