Макотра кашы

Год малой радзімы

Вёсцы Уласы Хойніцкага раёна, спаленай фашыстамі і паліцаямі 22 мая 1943 года, прысвячаецца…

У апавяданні захаваны асаблівасці мовы жыхароў вёскі.

– Аксіння, немцы!

Гэты вокліч мужа застаў Аксінню, калі яна заканчвала порацца. Здаецца, самі сабой пападалі дадолу пустыя вёдры… Немцы? Адкуль? За два гады вайны іх ні разу не бачылі ў іх сяле! У чэрвені 41-га прайшлі праз Уласы нейкія славакі, але нікога не зачапілі. Потым у Аравічы прыплыў па Прыпяці і высадзіўся Каўпак, з Уласоў хлопцы і маладыя мужчыны пайшлі да яго ў атрад.

І вось – немцы! Што ж рабіць?

– Аксіння, што ты стаіш, як корч у лазе? – спехам запрагаючы каня, крыкнуў Майсей. – Бяры дзяцей, сядайце хутчэй на воз! Уцякаць трэба…

– Дык жа ж Волечка гусей пасці пагнала… Мо, я пачакаю, пакуль яна вернецца? – кінуўшыся было ў хату, спынілася на паўдарозе Аксіння.

– Ты мо здурэла? – злосна крыкнуў Майсей. – Я ж кажу табе: немцы і паліцаі ачапляюць вёску. З Украіны, з Машава ідуць. Вольга, як уратуецца, то знойдзе нас. А як не, то што, астатніх шасцёра палажыць тут, ды яшчэ і ўнукаў?

– Але ж, Майсей… – спрабавала яшчэ нешта запярэчыць жонка. І тут недзе застракатала аўтаматная чарга. Аксінні на момант падалося, што страляюць у суседнім двары. Яна кінулася ў хату.

– Хадоска, ты куды дзіця валачэш? – спынілася ўжо на парозе ад мужавага воклічу. – Ратуйся!

Па вуліцы подбегам шыбавала Хадоска, цягнучы за руку сплаканую малую.

– Я да Хамы, у яго ж жонка надоечы памерла. Каля смерці, кажуць, чапаць не будуць. Не звяры ж, мусіць, і немцы тыя!

– Дурніца, уцякай у лес!

– Ды куды я ўцяку з ёю! – тузанула дзеўка малую за руку, і тая заплакала яшчэ мацней. – І на руках не панясеш, важкая ўжо, і пабегчы шчэ не можа…

– Ну, як знаеш, – махнуў рукой Майсей. – Выбачай: я б і рады ўзяць на воз, ды свае ці памесцяцца. Аксіння, ты доўга куёўціцца будзеш! – зноў крыкнуў ён жонцы. І тая, перапалоханая, уляцела ў хату.

– Дзеці, хуценька на воз! Уцякаць трэба. Немцы…

Малыя яшчэ менш, чым маці, ведалі, хто такія немцы і чаму ад іх трэба ўцякаць. Але ўсе, нават маленькая Раіса, борздзенька пасаскоквалі з печы, з прыпечка, з пасцелі і, як гарох, высыпалі на двор. Толькі Хведар разгублена сядзеў: у яго не згіналася ў калене нага (малым гуляўся з дзецьмі і зашчаміў паміж стальцамі, а да доктара не павезлі, так і застаўся калечкай). Але тут у хату ўскочыў бацька, узяў сына на плечы і панёс да воза.

– Майсей, мо трэба што ўзяць? Чымсьці трэба будзе дзяцей карміць, – кінуўшы на абярэмак сена, што ляжаў на возе, старое радно, спытала Аксіння.

– Ты чуеш, што страляюць? Сядай хутчэй!

І перш чым Аксіння ўладкавалася ззаду воза, скамандаваў паслухмянаму Орліку:

– Н-но!

Конь, моцна перацяты скураной пугай, прыспешыў крок, цягнучы воз, на якім умасцілася немалая сям’я. Ён ужо выйшаў са двара, як Аксіння саскочыла з воза:

– Ой, у печы ж макотра з кашай засталася!

– Ты што, зусім з глузду з’ехала? – не спыняючы каня, азірнуўся муж. – Якая каша?!! Якая макотра?

– Вы едзьце, я даганю! – гукнула ўслед Аксіння.

І ўжо ўбягаючы ў хату, пачула:

– Мы ў Яўменавым беразе будзем!

Аксіння хуценька адкінула засланку, дастала з печы макотру, у якой даспявала ячневая каша, схапілася за яе круглыя бакі: гарачая, хай на цябе трасца! Разаслала пасярод стала рудую канаплянку, укруціла гарачую макотру, закінула за плечы, завязаўшы наперадзе на вузел, і памкнулася да дзвярэй – даганяць сваіх.

І тут пад вакном мільгануў цень. Аксіння прыгнулася, ушчамілася пад шырокі дашчаты полік, на якім спала ўся сям’я.

– І гэтыя, мусіць, паспелі ўцячы, халера на іх, – пачула яна голас, які падаўся ёй знаёмым. Здаецца, так картавіў машаўскі хлопец, які некалі заляцаўся да іх дачкі Сафеі. Казалі, што ён, як пачалася вайна, пайшоў служыць у паліцыю. Добра, што і не аддалі за гада такога!

– А ты правер! – скамандаваў іншы, незнаёмы голас.

Рыпнулі дзверы, і маладзіца ўціснулася ў самы кут, баючыся дыхнуць. Брудныя боты пратэпалі праз хату і спыніліся ля стала. Аксіння ўбачыла, што на правым запяклася кроў, і заплюшчыла ад страху вочы… Але боты пагрукалі назад:

– Няма там нікога, – пачулася з надворку.

У двары стала ціха. Аксіння паўзком дабралася да драбіны, і, не ўзлезла, а, здаецца, узляцела на гарышча. Кінулася да акенца, што выходзіла на гароды: за імі – лаза, от каб зараз там апынуцца!

Пэўна, пра ратавальную лазу думала не яна адна: туды ж бегла суседская дзяўчына, Юркава Волечка: косы яе распляліся і рассыпаліся па плячах, белая касыначка матлялася ў руцэ… І раптам прагучаў стрэл – і Воля, узмахнуўшы касыначкай, павалілася на грады, дзе ўжо вытыркаліся зялёныя іголачкі нядаўна пасаджанай цыбулі…

«Божа, што ж гэта робіцца?» – Аксіння ў роспачы кінулася да другога акенца, якое выходзіла на вуліцу. І тут жа адхінулася: пад дуламі аўтаматаў людзей выводзілі з хаты, дзе ляжала памерлая Хамічыха і куды не адна Хадоска з дзіцём, відаць, пабегла, спадзеючыся ля чужой смерці ўратавацца ад сваёй. Хадоска ішла з самага краю натоўпу. Малая абшчаперыла матку за шыю і крычала на ўвесь голас, а Хадоска, кусаючы малой пальцы, спрабавала адарваць ад сябе яе ручкі: тая адпускала іх на хвіліну – і зноў чаплялася на шыю. «Мусіць, звар’яцела маладзіца», – да крыві закусіла губу Аксіння.

Натоўп гналі да школы. Над саламянай страхой Хамічовай хаты займалася полымя. Занялася агнём суседская хата, гумно.

І тут Аксіння ўбачыла, што языкі полымя скачуць і па яе акенцу. Яна кінулася да драбіны, кулём скацілася ўніз, перакінуўшы канаплянку з макотрай са спіны наперад, прыкрылася ёй і, стараючыся не дыхаць, выпаўзла з ахопленай агнём хаты. Дым слаўся па-над зямлёй, і маладзіца папаўзла з селішча да гародаў. Ужо калі мінула мёртвую Юркаву Вольку – белая касыначка, заціснутая ў руцэ, трапятала на ветры, як сцяг – прыўзнялася.

І тут жа пачула за спіною грознае «Хальт!». Азірнулася – зводдаль стаяў немец. «А хай цябе хіндзя б’е!» – раззлавалася Аксіння і, прыціскаючы да грудзей макотру з кашай, кінулася бегчы. Ззаду даносілася «Хальт!», «Хальт!» і важкі тупат ног, а яна, не азіраючыся, шпарка бегла – і адкуль толькі сілы браліся? – да выратавальнай лазы.

Тупат за спіной сціх, і пачуўся бразгат зброі. «Зараз будзе мне тое, што Вольцы», – падумала Аксіння, не спыняючыся.

І тут сцежка абарвалася на беразе вялікай копанкі, куды яны круглы год хадзілі праць папярэдне пазоленую ў жлукце бялізну. Не думаючы, што копанка глыбокая, а вада халодная, Аксіння з разбегу ўскочыла ў яму. І ў той жа момант прагучаў стрэл.

«Мусіць, жывая», – падумала, адпаўзаючы ў зараснікі чароту пад крутым берагам.

Важкія крокі набліжаліся да яе хованкі. Жанчына апусцілася як мага глыбей, уціснулася ў ілістае дно – з вады вытыркалася толькі запэцканая сажай плямка твару.

Крокі спыніліся якраз над ёй. Бразнуў затвор аўтамата. «Ну вось і ўсё… Накарміла дзяцей кашай…» Аўтаматная чарга паласнула па вадзе – кулі ціўкалі і падымалі бурбалкі на сярэдзіне копанкі, затым пасеклі лісце па кустах вербалозу, што схілілі голле да самай вады на тым беразе.

Немец пастаяў на беразе яшчэ колькі часу, потым буркнуў «Капут!», і цяжкія крокі пачалі аддаляцца.

Яны даўно заціхлі, а Аксіння ўсё яшчэ ляжала ў вадзе, не верачы, што ацалела. Адзінае, што прыўзняла вышэй макотру, каб каша не сплыла з вадою.

…Калі яна выбралася на другі, зарослы лазою бераг, вёска дагарала. Аксіння пашукала вачыма сваё селішча, з якога ўцякла некалькі гадзін таму. За грушай-дзічкай, дзе стаяла колісь іх хата, падпіраў неба такі ж чорны комін, як і на ўсіх астатніх, і гэтак жа курэў дым. Ад школы чуліся крыкі і енкі людзей, аўтаматныя чэргі і адзінокія стрэлы, крыкі на незразумелай мове і лаянка паліцэйскіх.

Аксіння не плакала – слёзы, здаецца, высушыла полымя, у якім згарэла іх горкім мазалём зробленая хата і ўся вёска. Не радавалася, што засталася жыць. Цешыла адно: яна ўсё ж прынясе дзецям цэлую макотру кашы!

І Аксіння падалася ў Яўменаў бераг шукаць сваіх.

Ніна РЫБІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *