На агеньчык бібліятэкі

Образование

Лёгкая праца ў бібліятэкара: выдаў кнігу і сядзі сабе, думаюць некаторыя. Я ж, адпрацаваўшы 26 год у бібліятэчнай сістэме раёна, не магу згадзіцца з гэтым.


А што цікавая і неабходная праца людзям – гэта так. Каталогі, картатэкі, планы, распрацоўка сцэнарыяў, мерапрыемствы розныя, краязнаўчая работа і інш. Адпачываю толькі тады, калі чытаю перыядычныя выданні. Тэлевізара ў нашым СДК няма, а хочацца ведаць, што ў краіне і за мяжой адбываецца.

Перыёдыкі ў бібліятэку прыходзіць нямала: 56 назваў газет і часопісаў. У мінулым годзе і літаратуры паступіла многа. Таму з ахвотай наведваюць бібліятэку вяскоўцы. Не толькі каб узяць новую кнігу, але і пагутарыць аб жыцці-быцці. Такія сустрэчы для мяне адно задавальненне. Дзеткі з першага класа пачынаюць ужо наведваць нашу ўстанову, а ў старэйшых класах яны – актыўныя чытачы. У ліку такіх трэццякласнікі Алена Прыходзька, Настасся Цырулік, Валерыя Катлярчук, шасцікласнікі Святлана Пархоменка і Наталля Далянчук, дзевяцікласніца Кацярына Ляшчун, адзінаццацікласніца Жанна Ларкоўская.

Некаторыя дарослыя чытачы здзіўляюць тым, што акрамя раманаў аб каханні ды дэтэктываў нічога не хочуць ведаць. Праўда, ахвотна бяруць часопісы. А для тых, хто просіць апошнія навінкі мастацкай літаратуры, выкарыстоўваю паслугі цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Самыя актыўныя наведвальнікі нашай бібліятэкі радыёлаг І.М. Эсауленка, якая летась прачытала 210 кніг і часопісаў, пенсіянерка С.М. Кушчава (176), прыбіральшчыца Судкоўскага СДК Т.В. Мароз (130), маці і дачка, рабочая КСУП “Судкова А.М. Сачанка і прадавец Ж.М. Пінчук, пенсіянер П.Н. Саханькоў, жывёлавод А.П. Варанецкі, работніца КБА А.В. Маліноўская, навуковы супрацоўнік музея “Трагедыя Чарнобыля” А.П. Паўлючэнка і іншыя.


Н. КОЎЗІК,
бібліятэкар
Судкоўскай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *