Фактар сацыяльны і эканамічны


У нашым раёне самая буйная будаўнічая арганізацыя – Хойніцкая перасоўная механізаваная калона. З гутаркі з намеснікам дырэктара В.М. Жаўняком і інжынерам па ахове працы С.М. Домнічам даведаўся аб тым, што за час, які прайшоў з дня стварэння арганізацыі (ў жніўні 2007 года) тут не зафіксавана фактаў грубых парушэнняў бяспекі працы, за выключэннем сумна вядомага выпадку з угонам аўтамабільных кранаў. Аднак, хто тады на прадпрыемстве мог ведаць аб намерах злачынцаў? Мяркую, што ад такога форс-мажору ніхто не застрахаваны і сёння. Па словах субяседнікаў, адзіная віна ў тым, што на той момант не была аформлена ліцэнзія на ажыццяўленне аховы. Аднак гэтае пытанне зараз вырашана. Вось толькі шкада, што чалавека ўжо не вярнуць…

Тым не менш, работу па забеспячэнню належных умоў працы і яе бяспекі тут імкнуцца будаваць у поўнай адпаведнасці з дзеючымі нарматыўнымі дакументамі. Па-першае, усе рабочыя поўнасцю забяспечаны індывідуальнымі сродкамі аховы працы і спецадзеннем. Па-другое, распрацавана і дзейнічае сістэма пакаранняў за любыя, нават самыя дробныя парушэнні бяспекі працы. Напрыклад, працаваў муляр без ахоўнай каскі – значыць, пры налічэнні зарплаты ён будзе пазбаўлены 10 працэнтаў прэміяльных.

Што датычыць п’янства на рабочым месцы, то тут размова наогул кароткая: пры выяўленні такіх фактаў вінаватых адразу ж звальняюць па адпаведнаму артыкулу Працоўнага кодэкса. І калі ў мінулым годзе такія выпадкі ў ПМК мелі месца, то сёлета можна канстатаваць іх адсутнасць. Тлумачыцца гэта проста: людзі сталі больш трымацца за сваю работу, якая нядрэнна аплачваецца: зарплата кваліфікаванага муляра, напрыклад, у сярэднім складае 800 тысяч рублёў.

Добры эфект, на думку кіраўніцтва арганізацыі, павінен даць і ўвод (пачынаючы з зарплаты за ліпень) каэфіцыента працоўнага ўдзелу, у якім бяспецы працы таксама адведзена немалая роля: яе парушэнні будуць мець адмоўныя для работнікаў вынікі, а іх адсутнасць, наадварот, станоўчыя.

Наладжана на прадпрыемстве і сістэма кантролю за станам працоўнай дысцыпліны, захаваннем патрабаванняў бяспекі і аховы працы. У першую чаргу такая адказнасць ускладваецца на інжынера па ахове працы. Аднак штомесячна такія праверкі праводзяць начальнік ПМК і яго намеснік, аб чым робіцца запіс у адпаведным журнале.

Акрамя таго, інжынерам па ахове працы С.М. Домнічам ажыццяўляюцца штодзённыя праверкі, аб выніках якіх таксама робіцца запіс ужо ў іншым журнале. Калі выяўляюцца парушэнні, то на майстра выпісваецца прадпісанне з указаннем парушэння і тэрміну яго ўхілення.

Свой запіс у журнале штодзённага кантролю абавязаны пакідаць і майстры на кожным аб’екце.

Каб застрахавацца ад надзвычайных сітуацый і непажаданых здарэнняў, распаўсюджванне на прадпрыемстве атрымалі і рэгулярныя месячнікі па ахове працы, у ходзе якіх праводзіцца аб’езд усіх будаўнічых аб’ектаў ПМК, а потым складаецца падрабязны заключны пратакол і выдаюцца прадпісанні на ўхіленне выяўленых недахопаў.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *