Прыгажэюць нашы вёскі

Добраўпарадкаванне

СоветЗ кожным годам усё больш прыкметна прыгажэюць вёскі нашага раёна. На вуліцах з’яўляюцца доўгія рады рознакаляровых драўляных агародж, арыгінальныя малыя архітэктурныя формы і стракатыя клумбы. Прыемна, што большасць нашых вяскоўцаў шануе сваю малую радзіму. У прыклад можна прывесці жыхароў Барысаўшчанскага сельсавета, якія агульнымі намаганнямі змянілі свае вёскі да непазнавальнасці.
Рэдакцыйны аўтамабіль павольна коціцца па вуліцы Савецкай Барысаўшчыны. Уважліва разглядваю дамы – праводжу так званы кастынг, выбіраючы, які лепш сфатаграфаваць для газеты. Прашу вадзіцеля спыніцца, прыкмеціўшы з густам аформлены прысядзібны ўчастак. Выходжу, фатаграфую яго з розных бакоў. Сапраўды прыгожа! А вось і наступны дом ярка пафарбаваны, і кветнікі такія шыкоўныя. Раблю і яго здымкі. Пасля заўважаю, што і ў суседзяў прыдамавая тэрыторыя ўзорная – падыходжу і стрыкаю на фотаапарат… Так, спыняючыся амаль каля кожнага дома, я прайшла ўсю вуліцу – зрабіла дзве сотні кадраў! Што цяпер выбраць? І гэта толькі адна вуліца, а ўжо столькі станоўчых прыкладаў добраўпарадкавання. Што ж, без дапамогі старшыні сельвыканкама тут не абысціся. Накіроўваюся да Алены Уладзіміраўны Сташкевіч.
Ёй вылучыць лепшых таксама было няпроста, і ўсё ж. Пачалі з вёскі Віць.

Дом-Борисовщина
На вуліцы Лясной як прыклад, варты для пераймання, адзначыла яна дамы сям’яў Талюк (№ 79) і Сідарок (№ 100). Сярод жыхароў вуліцы Наберажнай прыгажосцю і парадкам на прысядзібных участках вызначаюцца сем’і Талюк (№ 2), Матвяйчук (№ 55) і Мастабай (№ 56). А вось лідарам па колькасці добраўпарадкаваных прыдамавых тэрыторый па праву можна лічыць вуліцу Дзядова. Я толькі паспявала занатоўваць лепшых: сем’і Бурак (№ 16), Купрыенка (№ 17), Судзенка (№ 23), Мастабай (№ 24), Паўленка (№ 61), Судзенка (№ 88), Рабянок (№ 105), Лук’яненка (№ 121), Талюк (№ 146). А на Пінскай вуліцы ўвагі заслугоўвае дом пад нумарам 27, дзе жыве сям’я Туравец.

зона-отдыха-на-въезде
Пераходзім да барысаў-шчанцаў. Я была вымушана прасіць Алену Уладзіміраўну называць паменш прозвішч, бо, каб пералічыць усіх, старонкі не хопіць. Па вуліцы Савецкай заўсёды належны парадак у сям’яў Сцішанок (№ 52), Пляско (№ 58) і пенсіянерак Марыі Мікалаеўны Віннік (№ 29) і Валянціны Міхайлаўны Козел (№ 76). На вуліцы Паркавай узорныя дамы ў Марыі Фёдараўны Яршовай (№ 7) і сям’і Варабей (№ 22), на вуліцы Рачной – у маладой сям’і Вяргейчык (№ 50), на Лясной – Алімавых (№ 31).
І нарэшце лепшыя падворкі аграгарадка Храпкаў. Сярод жыхароў вуліцы Першамайскай варта адзначыць старанне пенсіянераў Ігната Мікалаевіча і Марыі Аляксандраўны Сачанка (№ 81), Валянціна Адамавіча і Ніны Іванаўны Сцішанок (№ 84), Евы Станіславаўны Фешчанка (№ 87), Алены Трафімаўны Коваль (№ 93) і Кацярыны Кірылаўны Пабядзінскай (№ 167), а таксама сям’і Серада (№ 89). На вуліцы Будаўнічай сярод тых, хто ўважліва сочыць за тэрыторыяй каля дамоў, былі названы сям’і Гушча (№ 142) і Сінгаеўскіх (№ 106).
Бясспрэчна, у тым, што сёння вёскі сельсавета дагледжаныя і ўтульныя, вялікая заслуга жыхароў, але нельга недаацэньваць значную ролю, якую адыгрывае ў якасці арганізатара ў навядзенні парадку сельвыканкам. Для яго старшыні А.У. Сташкевіч добраўпарадкаванне – пастаянны клопат. Штогод, як толькі зямля крыху падсыхае і выглядаюць першыя веснавыя промні, на тэрыторыі сельсавета згодна з распрацаваным планам распачынаюць актыўную работу па навядзенню парадку. Першымі за справу, канешне, бяруцца дэпутаты сельскага Савета дэпутатаў і ўпаўнаважаныя вёсак. Дарэчы, А.У. Сташкевіч аб’яднала вакол сябе нераўнадушных, ініцыятыўных людзей, якія жывуць клопатамі сельсавета, у іх ліку Р.А. Матвяйчук, В.Л. Талюк, Н.А. Пляско і М.А. Белаус.

Коник-возле-магазина
Для многіх мясцовых жыхароў навядзенне парадку каля ўласнага дома, на вуліцы стала нормай жыцця, але ёсць пенсіянеры, якім ужо цяжкавата працаваць з косамі і граблямі. Сельвыканкам і сацыяльныя работнікі, а на тэрыторыі сельсавета іх працуе двое, заўсёды прыходзяць ім на дапамогу, пажылыя людзі вельмі ўдзячны ім за гэта.
Няма нараканняў па пытаннях добраўпарадкавання да аб’ектаў сацыяльнай сферы – работнікі ўстаноў культуры і адукацыі, гандлёвых кропак, ФАПаў у вясенне-асенні перыяд актыўна прыбіраюць смецце на сваіх тэрыторыях, беляць дрэвы, разбіваюць кветнікі, рамантуюць і фарбуюць агароджы, устанаўліваюць малыя архітэктурныя формы. Планамерна займаецца навядзеннем парадку на сваіх аб’ектах і сельгаспрадпрыемства «Аравічы». А вось, як адзначае А.У. Сташкевіч, аддзяленні паштовай сувязі з’яўляюцца ў гэтым ланцужку слабым звяном – неяк пасіўна ставяцца да агульнай справы.
Вялікая ўвага надаецца зносу пустуючых дамоў, летась такіх на тэрыторыі сельсавета было знесена 21, яшчэ падлягаюць зносу 30. Вызваленыя ўчасткі аддаюць па заявах насельніцтву пад агародніцтва або пускаюць у севазварот. У мінулым годзе мясцоваму сельгаспрадпрыемству пад апрацоўку перадалі 40 га.
Вялікая работа праводзіцца па добраўпарадкаванню могілак, тут часта арганізоўваюць суботнікі. Апошні з іх быў праведзены шэфскімі арганізацыямі ПВУ ААТ «Мілкавіта», ДЭУ-45 і КСУП «Аравічы» напярэдадні Радаўніцы, вяскоўцы таксама далучыліся да гэтай справы.

Формы-клуб
Трэба адзначыць выніковую работу агляднай камісіі, у ходзе праверак шмат прадпісанняў выдаецца якраз па прычыне бесгаспадарчасці. Спачатку насельніцтва крытычна ўспрымала візіты «няпрошаных гасцей» і іх заўвагі, але пасля пачалі мясцовыя жыхары прыслухоўвацца.
Усяго на тэрыторыі сельсавета 459 домаўладанняў, з пачатку года пафарбавана жыхарамі 14 дамоў, засталося яшчэ 56. Людзі ж розныя – да кожнага патрэбен свой падыход, знайсці яго Алене Уладзіміраўне заўсёды ўдаецца: пагаворыць, растлумачыць – і вынік ёсць. Да слова, калі праязджалі па вёсках, я заўважыла шмат жыхароў, якія касілі каля дома – цяпер трава хутка расце, але тут ёй не даюць раскашаваць.

Дом-Храпков
Па цэнтральных вуліцах усіх трох населеных пунктаў сельсавета ўстаноўлены новыя драўляныя агароджы – глядзіцца, канешне, шыкоўна. У асноўным гэта работа была выканана ў 2012-2013 гг. на сродкі, выдзяляемыя з бюджэту раёна. Да прыкладу, летась на добраўпарадкаванне тэрыторыі Барысаўшчанскага сельсавета было накіравана 380 млн. рублёў. Акрамя дзяржаўных, укладваюцца сродкі, сабраныя ў ходзе самаабкладання насельніцтва. Летась людзі сабралі 22 млн. рублёў, за іх набылі фарбу, а таксама патрацілі на навядзенне парадку на могілках у Храпкаве. З пачатку гэтага года людзі сабралі 7 млн. рублёў.
Алена Уладзіміраўна так натхнёна расказвала пра насычанае жыццё сельсавета, працавітых жыхарах і іх заслугах – відавочна, што яна сама гарыць і запальвае іншых. Няхай агонь іх энтузіязму не гасне.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *