Станоўчы вынік дасягаецца толькі разам


У мінулую пятніцу адбылося чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта пад старшынствам кіраўніка раённай вертыкалі А.В. Бічана. Зацікаўлены актыўны ўдзел у ім прынялі запрошаныя першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Ю.М. Алымаў, начальнік эканамічнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці Д.Я. Гурар’е, намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкома В.В. Барысенка, першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь В.У. Назаранка.


У дакладах намеснікаў старшыні райвыканкома А.М. Іўковай, А.М. Байкова, Н.А. Слесарэнка аб рабоце па выкананню за першае паўгоддзе на Хойнікшчыне прагнозных паказчыкаў у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве пераважалі лічбы. Падобную справаздачнасць крытыкаваў кіраўнік раёна А.В. Бічан. Патрэбна не канстатацыя лічбаў і фактаў, а глыбокі аналіз з выцякаючымі канкрэтнымі прапановамі па змяненню сітуацыі дзе недапрацавалі. 

У ходзе прадметнай размовы давалася ацэнка работы кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый. Яна была нездавальняючай, напрыклад, для цяпер ужо былога дырэктара філіяла па дрэваапрацоўцы “Палескі” РУП “Белінвесткамлект” М.М. Захарава. Узначальваемы ім калектыў не толькі не выканаў прагнозныя паказчыкі па выпуску таварнай прадукцыі, але нават не дасягнуў узроўню мінулага года. Як неаднаразова адзначаў Прэзідэнт краіны А.Р. Лукашэнка, калі прадпрыемства па тых або іншых прычынах упала на калені, дзяржава дапаможа яму падняцца, але ўжо на чале з новым кіраўніком, які зможа правільна арганізаваць працу людзей.

З 20 параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця ў раёне не забяспечаны 6, у тым ліку адзін – экспарт тавараў – ніжэй узроўню адпаведнага перыяду 2008 года.

А што замінае, напрыклад, мясцоваму хлебазаводу так наладзіць выпуск і рэалізацыю прадукцыі, каб паўтарыць дасягненне калег з “Гомельхлебпрома” – адзіных у вобласці павялічыўшых экспартныя пастаўкі ў два разы.    

Як адзначалася, выпуск прадукцыі прамысловасці ў 113,2% – дастойны паказчык для Хойніцкага раёна. Але такая паспяховасць не павінна быць заслонай на вачах. Спыняцца нельга, галоўнае – рухацца далей.

Каб наблізіцца да мінімальнага працэнта эмісіі, якая ў раёне выражана лічбай 26,2, пастаўлена задача з 1 верасня перавесці на зарплатнае абслугоўванне з выкарыстаннем банкаўскіх пластыкавых картачак “Хойніцкі Аграсервіс”, камбікормавы і рамзавод, Хойніцкі філіял КУП “Гомельаблпаліва”, “Хойнікікінавідэасетку”.

Многія праблемы ўскрыты ў сельскай гаспадарцы. Галоўная задача сённяшняга дня – убраць і захаваць ураджай збожжавых. У раёне гэта работа адладжана. А вось якасць малака – асноўная крыніца даходу сельгаспрадпрыемстваў – пакідае жадаць лепшага. Базісную яго тлустасць у 3,6 працэнта ні адна гаспадарка не мае. У выніку губляюць не толькі сельгаспрадпрыемствы, але і прадпрыемства па яго перапрацоўцы – ПУП “Палескія сыры”. Есць упэўненасць, што сітуацыя палепшыцца з уводам у строй дзеючых жывёлагадоўчых комплексаў самых перадавых тэхналогій для дойнага статка ў КСУП імя Мележа, эксбазе “Стралічава”, КУП “Аравічы”.

У ходзе абмеркавання малочнай праблемы адзначалася, што 30 працэнтаў якасці малака губляецца ў час яго транспарціроўкі на перапрацоўку. Аказаць садзеянне ў набыцці малакавозаў па лізінгу для гаспадарак Хойнікшчыны абяцаў першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Рэспублікі Беларусь Ю.М. Алымаў.

Увод жылля ў цэлым у раёне выкананы добра, але магло быць і выдатна, калі б здалі не 8, а 9 запланаваных домікаў на вёсцы.

Пастаўлена задача – каб праз 5 гадоў чаргі ў раёне на жыллё не было. Для няльготнай катэгорыі насельніцтва гэтага дасягнуць лягчэй за ўсё. Самы найкарацейшы і самы зручны шлях яго атрымання – будаўніцтва з дапамогай банкаўскіх крэдытаў.

Як прагучала ў ходзе пасяджэння, нельга жыць багажом учарашняга дня. Жыццё кожны дзень мяняецца, ускладняецца. На дасягнутых пазіцыях трэба замацоўвацца і штурмаваць новыя. Гэта напрамую датычыць калектыву завода жалезабетонных вырабаў, дзе выпускаецца, бадай, самая запатрабаваная прадукцыя ў час будаўнічага бума ў краіне. Хайнічанам рэкамендавана не ўпусціць свой шанц, перайсці на дзвюхзменны рэжым работы і заняць нішу на рынку для аказання гэтых паслуг, у прыватнасці, у Мінску. Тады будзе загружана прадпрыемства пад поўную магутнасць, што пасадзейнічае стварэнню новых рабочых месц, росту зарплаты.

Па ўсіх разгледжаных пытаннях прыняты адпаведныя рашэнні.


Ірына ЛУКАШЭНКА.


СЛОВА ЗАПРОШАНЫМ


Першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Ю.М. Алымаў:

– Лакаматыў, які павінен штурхаць развіццё эканомікі, – інсвестыцыі ў асноўны капітал. Яны павінны быць не менш 25 працэнтаў. Больш – можна, менш – не. Адзін са шляхоў іх павелічэння – будаўніцтва жылля.

Дарэчы, у першым паўгоддзі 2009 года адзначаны высокі ўзровень попыту на крэдытаванне жыллёвага будаўніцтва. На гэтыя мэты банкамі Рэспублікі Беларусь за студзень-чэрвень выдадзена льготных крэдытаў на 1959,4 мільярда рублёў, што на 64,6 працэнта перавышае аб’ём адпаведнага льготнага крэдытавання за аналагічны перыяд мінулага года.

З указанай сумы на льготнае крэдытаванне фізічных асоб для мэт жыллёвага будаўніцтва за 6 месяцаў 2009 года было накіравана 1427,4 мільярда рублёў. Такім чынам, аб’ёмы льготнага крэдытавання ў параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года павялічыліся на 87,2 працэнта. А гэта азначае, што многія жыхары краіны змаглі палепшыць свае жыллёвыя ўмовы.

За кошт льготных крэдытаў няспыннымі тэмпамі вядзецца і будаўніцтва жылля сельскагаспадарчымі арганізацыямі. Імі атрымана крэдытаў за паўгоддзе сёлета на суму 532 мільярды рублёў. Пры гэтым ствараецца добры задзел для замацавання кадраў на вёсцы, а значыць і для эфектыўнага развіцця сельскагаспадарчай галіны.

Хачу адзначыць, што адносна і фізічных, і юрыдычных асоб выкарыстанне дзяржаўнай падтрымкі ў выглядзе льготнага крэдытавання – адзіны верны шлях паляпшэння жыллёвага статусу.

Намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкома В.В. Барысенка:

– Хачу адзначыць, што сацыяльна-эканамічныя паказчыкі даведзены дзяржавай і іх нельга не выконваць. Напрыклад, Хойніцкае райпо сёння не дасягнула задання па рэалізацыі тавараў. Выходзіць, людзі не ідуць у вашы магазіны. Вучыцеся гандляваць. Разглядвайце пытанне аж да таго, каб дадому разносіць пакупнікам тавары. Адносна малавыніковай работы АТУП-14 зазначу, калі няма работы транспартнікам ў раёне, прапануйце свае паслугі за яго межамі.

Абласное заданне па энергазберажэнню – мінус 13,3 працэнта, пры гэтым у Хойніцкім раёне мінус 20. Як развязаць гэты вузел і выканаць пастаўленую задачу? Толькі за кошт павелічэння выпуску прадукцыі. Пры гэтым павінна быць ініцыятыўнай работа маркетынгавай службы. Праца ва ўмовах фінансавай нестабільнасці ў свеце патрабуе нестандартнага мыслення і нестандартных падыходаў. Як вядома, вынік тады ёсць, калі разам брацца за справу.

Першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь В.У. Назаранка:

– Большасць вытворцаў малочнай прадукцыі ў краіне працуюць не толькі на ўнутраны, але і на знешні рынак. Але, як вядома, Расія, Украіна зрабілі больш жорсткімі патрабаванні да сыравіны. Пахвальна, што “Палескімі сырамі” закуплена абсталяванне, каб правяраць якасць малака і аператыўна ўмешвацца ў вырашэнне праблемных сітуацый. Кармленне, лячэнне, даенне кароў, захоўванне, транспарціроўка малака – усё павінна выконвацца ў адпаведнасці з патрабаваннямі і нормамі. Нагадаю, што ў адваротным выпадку з 1 лістапада няякаснае малако прымацца ад вытворцаў на перапрацоўчыя заводы не будзе.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *