Эстэтычнае задавальненне, ды і толькі

Год малой радзімы

Прыемна прыязджаць туды, куды запрашаюць, дзе заўсёды табе рады, дзе настолькі чароўная атмасфера і добраўпарадкаваны дом, што вачэй немагчыма адарваць ад той прыгажосці, якая там створана.

Такі візіт у мяне адбыўся да сям’і Шкут з вуліцы Пушкіна райцэнтра.

Дарэчы, да іх мы наведваемся ўжо не ў першы раз. І да кожнага нашага прыезду дабаўляецца нешта новае, архітэктурная форма, якой не было раней. І як не скарыстацца магчымасцю сфатаграфаваць усё гэта?

У двары – сапраўдная казка. Тут і два буслы каля вадаёмчыка сустракаюць любімых гасцей. І качкі плешчуцца ў вадзіцы. Праз некалькі крокаў відаць і яркую саву. А лапкі гэтай начной птушкі стаяць на рагах лася, крэпка прымацаваных да дрэва. Такое было пачуццё, што знаходзішся ў самабытным дамашнім музеі.

Але каб стварыць падобную кампазіцыю, трэба значна пастарацца. Аднак для прыгажосці не шкада ніякіх сіл і нават сродкаў. А частку патрэбных матэрыялаў і вырабаў дзеці творчых хайнічан купляюць у сталіцы.

Жанна Шкут вельмі неабыякава да кветак. Асабліва да пятунняў. Таму зрабіла з «дзікага» камню кошык спецыяльна для іх, тут цяпер яны і «жывуць». А вось сам кошык змацавала цэментам, пафарбавала лакам. Падвясныя плеценыя кашпо з пятуннямі таксама красуюцца і каля брамкі. Паблізу размешчана падсветка, якая працуе ад сонца. Прызнаецца, што не так цяжка здзейсніць задуманнае, галоўнае – жаданне.

Увогуле ў двары няма і мястэчка, дзе не «ступалі» рукі сям’і Шкут. Яны таленавіта падыходзяць да ўсяго антуражу. Напрыклад, падсобныя памяшканні і печку, дзе вараць есці дамашняй жывёле, упрыгожылі камнямі. Эстэтычнае задавальненне, ды і толькі!

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *