Разведчык Сяргей Гушча

75 - под мирным небом

Вось такім салдатам, як на здымку, радавым Чырвонай Арміі, пачынаў свой баявы шлях у 1943 годзе 21-гадовы хлопец з вёскі Храпкаў Хойніцкага раёна Сяргей Гушча.

А закончыў яго ў Берліне, лейтэнантам, камандзірам разведузвода. На гэтым шляху было вызваленне Мінска, Брэста падчас аперацыі «Баграціён», Вісла-Одэрская наступальная аперацыя, штурм Кёнігзберга, баі ў Берліне.

Ужо тое, што радавы разведчык пазней быў прызначаны камандзірам разведузвода са званнем малодшы летэнант, гаворыць аб многім.

Розныя былі выпадкі. Але асаблівае месца ў баявой біяграфіі Сяргея Рыгоравіча займае Кёнігзберг. І не толькі з-за жорстскасці баёў. Група, якой камандаваў лейтэнант Гушча, павінна была захапіць «языка» ў горадзе. Заданне было выканана, але група была выяўлена і вымушана прыняць бой. Вось тады ў пачатку кастрычніка 1944 года малодшы лейтэнант і атрымаў цяжкае раненне. За гэтага «языка», які даў каштоўныя звесткі аб гарнізоне горада і сістэме абароны, Сяргей Рыгоравіч быў узнагароджаны медалём «За адвагу». Ужо пасля шпіталя лейтэнант Гушча ў складзе трэцяга Беларускага фронта прымаў удзел у штурме Берліна.

Вярнуўшыся дадому, Сяргей Рыгоравіч паступіў вучыцца ў Пінскі настаўніцкі інстытут. А пасля яго заканчэння ў 1951 быў накіраваны на працу настаўнікам гісторыі ў райцэнтр Столін, горад, які, дарэчы, ён сам у свой час і вызваляў у гады вайны. Пазней завочна закончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага, працаваў дырэктарам Плотніцкай сямігадовай школы, інспектарам Столінскага раённага аддзела народнай адукацыі, дырэктарам Белагушскай, Вялікамалешаўскай школ Столінскага раёна. Менавіта ў Вялікім Малешаве С. Гушча атрымаў ў 1966 годзе званне «Заслужаны настаўнік Беларускай ССР». Там жа ён і пайшоў з жыцця ў 1976 годзе.

Д. ХРОМЧАНКА, кандыдат гістарычных навук.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *