Не правакуйце сабак

Медыцына і здароўе

У летні час рэзка ўчасціліся выпадкі ўкусаў дарослых і дзяцей дамашнімі жывёламі. Толькі за апошні тыдзень сабакамі пакусаны 3 дзіцяці ва ўзросце да 6 гадоў (у аднаго з іх ампутавана ногцевая фаланга пальца рукі, у двух астатніх – пакусаныя раны надброўя, ягадзіцы) і 5 дарослых.

Часцей за ўсё ўкусы справакаваны дзеяннямі людзей, якія набліжаюцца да сабак у час кармлення, рэзка нахіляюцца або працягваюць руку,  дражняць іх,  свабодна ўваходзяць у двор да суседзяў, думаючы, што сабакі іх не ўкусяць.

Маленькія дзеці – асаблівая катэгорыя рызыкі. У іх вельмі высокая запатрабаванасць у зносінах, а рызыку яны яшчэ не ў стане ацаніць адэкватна. Бацькам трэба памятаць, што нават уласны сабака можа нанесці сур’ёзную траўму дзіцяці. Трэба тлумачыць дзецям паводзіны пры гульні з жывёламі, а самых маленькіх старацца не выпускаць з поля зроку.

Жывёлу, якая пакусала чалавека, не трэба забіваць, таму што абавязкова давядзецца вырашаць пытанне аб правядзенні прафілактычных прышчэпак пацярпеўшаму супраць шаленства. У выпадку ўкусу бадзяжнымі жывёламі або калі жывёла збегла і няма магчымасці на працягу 10 дзён назіраць за ёй, прышчэпкі павінны быць зроблены ў абавязковым парадку.


Н. ЛАГВІНЕЦ, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *