Нашаму Дзіме падзякаваў Прэм’ер-міністр

Сельское хозяйство

Мой журналісцкі шлях пачаўся з аддзела сельскай гаспадаркі, чаму я вельмі рада, бо з тых часоў шчыра прасякнулася асаблівай павагай і любоўю да вяскоўцаў.

Разумееце, ёсць людзі, якія лёгка «пералятаюць» з месца на месца, у вялікія гарады і іншыя краіны і ім добра. А ёсць людзі з магутнай унутранай карнявой сістэмай, якія зрастаюцца з зямлёй, на якой жывуць. І чым далей, тым глыбей пранікаюць каранямі ў гэтую зямлю – сокамі яе сілкуюцца, фізічнай і духоўнай энергіяй. Вяскоўцы (у большасці сваёй) яны такія – «карнявыя». У іх сваё шчасце. Яно тут, на роднай зямлі.

У НАВІНАХ ПА ТЭЛЕБАЧАННЮ

Поле, лес, пералесак, зноў поле – яны любяць раздолле гэта. Гэта іх лёс, усё жыццё, гэта доля. Тут, у вёсцы, шмат пройдзена і шмат пражыта… Хапае клопатаў, але без іх яны сябе ўжо не ўяўляюць.

Вось з такіх «прыросшых» да зямлі і малады трактарыст КСУП «Імя І.П. Мележа» Дзмітрый Юшкевіч. Колькі працую ў рэдакцыі, штогод яго прозвішча на слыху. Яго здымак тройчы быў занесены на раённую Дошку гонару, яго кожны год ушаноўваюць на раённых «Дажынках», ды і наогул дома ўзнагародамі завешаны сцены.

А нядаўна да шматлікіх грамат і дыпломаў дадалася Падзяка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. 29 мая ў Мазыры ўшаноўвалі пераможцаў (з Гомельскай вобласці) рэспубліканскага спаборніцтва па дасягненні лепшых вынікаў у сацыяльна-эканамічным развіцці сельскагаспадарчай галіны сярод раёнаў Беларусі. На ўрачыстасці Падзяку нашаму земляку ўручыў памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Шулейка.

Я ўбачыла Дзіму ў навінах па тэлебачанню і адразу пачала тэлефанаваць, каб павіншаваць і дамовіцца аб інтэрв’ю.

«КАЛІ Ў ВЫХАДНЫ БУДУ СЯДЗЕЦЬ БЕЗ СПРАВЫ – ЗВАР’ЯЦЕЮ»

Малады трактарыст нарадзіўся ў вёсцы Вадовічы Калінкавіцкага раёна, але гэтыя мележаўскія мясціны сталі яму сапраўды роднымі. Тут ён ведае кожную сцежку-дарогу. Год за годам па іх намотваюць колы яго «жалезнага каня»…

Дарэчы, у сакавіку яму далі новенькі МТЗ-1221. І не выпадкова Дзіме давяраюць новую тэхніку – ён руплівы, адказны і працавіты. Наогул, на трактары ён пачаў працаваць адразу пасля заканчэння прафтэхвучылішча ў Калінкавічах. І кожнае лета садзіцца за штурвал камбайна і атрымлівае асалоду ад рамантыкі жніва. Яна, канешне, не бывае без мазалёў і поту, без спякоты і пылу, але ўсё гэта Дзмітрыю па душы.

Добра памятаю, як у адзін год нашы камбайнеры ехалі дапамагаць з уборкай Петрыкаўскаму раёну. І жонка з дзецьмі прыехалі на трасу каля Глінішч праваджаць Дзіму. Як гэта было пяшчотна: сямейныя абдымкі на фоне вялікага камбайна…

Без справы малады чалавек сядзець не можа – заняты круглы год: сяўба, хімпраполка, корманарыхтоўка, уборачная, а зімой дастаўляе кармы для жывёлы на фермы. На маё пытанне аб адпачынку, адказвае: «Калі ў выхадны буду сядзець без справы – звар’яцею».

ЛЕПШАЯ СТРАВА – ДРАНІКІ З САЛАМ

У Глінішча юнака «прывяло» каханне – ажаніўся на мясцовай прыгажуні Надзеждзе і пераехаў у аграгарадок. Маладой сям’і выдзелілі дом, у якім разам з імі прапісаліся цеплыня і ўтульнасць. Жонка працуе ў школе, у апошнія гады захапляецца вырошчваннем кавуноў – збірае ўраджай на прышкольным участку разам з вучнямі, а таксама на хатніх градках. Мужу падабаецца салодкая ягада, але з усмешкай ён зазначае, што галоўнае, каб раслі бульба, цыбуля і агуркі. Наогул яго любімая страва – дранікі з салам.

Гаворачы аб ежы, я пацікавілася аб харчаванні на палях, на што Дзмітрый выказаў задаволеннасць. А лепшая музыка для яго – гук матора, таму ні ў трактары, ні ў камбайне ён не слухае песні, аддаючы перавагу цішыні. Зазначае, што так нішто не адцягвае ўвагу.

Што датычыць ураджаю, то прадказанняў механізатар ніякіх не робіць, толькі штодзень сочыць за прагнозам надвор’я. Сітуацыя з вільгаццю палепшылася, аднак пэўную шкоду нанеслі замаразкі. Дзмітрый заўсёды перажывае за справу, часта думкі аб рабоце не даюць спаць па начах. Неабыякавасць – таксама адметная яго рыса.

Пагутарылі мы з ім і аб газіфікацыі аграгарадка – цяпер з «блакітным палівам» значна лягчэй стала. Эканомяцца сілы і час. Ды і, канешне, прыемна, калі аграгарадок развіваецца.

У Дзмітрыя і Надзежды двое дзяцей. Дар’і адзінаццаць гадоў, а Лёне – дзесяць. Спыталася, па чыіх прафесійных кроках яны мараць пайсці? Субяседнік, смеючыся, адказаў: «Дакладна не па маіх, бо ездзіць яны любяць не на трактары, а з матуляй на машыне па магазінах». Дзіма лічыць сябе шчаслівым чалавекам, бо ў яго ёсць любімая сям’я і работа. А аб чым марыць? Сказаў, не раздумваючы: «Каб быў добры ўраджай». І ўсе вяскоўцы, безумоўна, падзяляюць гэта жаданне.

Наталля РЭВЯКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *