Выхаванне рублём


З 1 студзеня 2007 года тым беларусам, якіх за бяздушныя адносіны да ўласных дзяцей пазбавілі бацькоўскіх правоў, даводзіцца плаціць па рахунках.

На практыцы гэта выглядае наступным чынам. Як толькі выяўляецца сям’я, дзе жыццю і здароўю непаўналетняга пагражае рэальная небяспека, выносіцца пастанова аб адабранні дзіцяці. Такое рашэнне прымае камісія па справах непаўналетніх. Дарэчы, цяпер любая пасадавая асоба, якая даведалася аб неспрыяльнай сям’і і не паведаміла аб гэтым, нясе адказнасць аж да звальнення з работы. Гэта датычыць усіх – настаўнікаў, урачоў, работнікаў камунальнай службы і гэтак далей.

Потым дзіця змяшчаюць у спецыялізаваную ўстанову. У нашым раёне гэта Барысаўшчанскі сацыяльны прытулак, створаны  пры аддзеле адукацыі райвыканкома. І вось з гэтага часу для абавязаных асоб  пачынаецца зваротны адлік. Калі на працягу наступных шасці месяцаў яны адумаюцца і знойдуць у сабе сілы пачаць нанава нармальнае жыццё, іх дзіця могуць вярнуць назад у біялагічную сям’ю. Пры гэтым, канешне, падобная “ячэйка грамадства” па-ранейшаму будзе знаходзіцца на прафілактычным кантролі ў супрацоўнікаў зацікаўленых служб.

У адваротным выпадку суд прымае рашэнне аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў і перадае дзяцей на папячыцельства педагогаў дзіцячага дома. А гора-бацькам і маці давядзецца поўнасцю кампенсаваць дзяржаве затраты на ўтрыманне сваіх малышоў. Прычым, уцякчы ад адказнасці ўжо не атрымаецца: у пашпарты бацькоў ставіцца спецыяльны штамп, які ўказвае, што ўладальнік дакумента “абавязаны пакрываць затраты на ўтрыманне дзяцей”. Затым такіх людзей у прымусовым парадку прывядуць у сектар па занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкома  і ўладкуюць на працу на адно з прадпрыемстваў, пералік якіх вызначаны рашэннем Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта за № 124. У нашым раёне гэта ДЛГУ “Хойніцкі лясгас”, ДБУ-23, ДЭУ-45, ПМС, ДЭУ-155, КЖУП “Хойніцкі камунальнік”, дрэваапрацоўчы камбінат, леспрамгас, раённае спажывецкае таварыства і ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна.

А далей у кошт пагашэння запазычынасці перад дзяржавай у чалавека забіраецца 70 працэнтаў зарплаты. Дарэчы, упамянутая вышэй адзнака ў пашпарце – адна з мер, закліканых змагацца з тымі, хто самавольна рызыкне звольніцца з працы або проста збегчы. Акрамя таго, калі працаўладкаваны не будзе з’яўляцца на сваё рабочае месца больш за 10 дзён на працягу трох месяцаў, у яго адносінах можа быць узбуджана крымінальная справа.

У сектар па  занятасці з пачатку дзеяння Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18  прыйшлі 143 копіі рашэння суда на асоб, якія абавязаны пакрываць расходы на ўтрыманне дзяцей, працаўладкавана 102, у бягучым годзе – 9 чалавек. Есць такія, што знаходзяцца невядома дзе.

Найбольшая колькасць абавязаных асоб працаўладкавана ў агракамбінат “Віць” (15 чалавек), у КСУП “Судкова” – 11, сельгаспрадпрыемствы  “Велікаборскі” і “Аравічы” – па 8 чалавек, у Хойніцкі “Аграсервіс” – 6. Работнікі сектара па занятасці кожны дзень звязваюцца з інспектарамі аддзела кадраў прадпрыемстваў і арганізацый, вядуць табель выхадаў на працу. На жаль, бывае так, што абавязаныя асобы ігнаруюць работу. У такім разе звяртаемся ў райаддзел унутраных спраў, дзе распрацаваны план мерапрыемстваў па абавязаных асобах.

Вядома, што пазбаўленыя бацькоўскіх правоў людзі не ўсё жыццё будуць прылічаны да ізгояў. У любы момант яны могуць звярнуцца ў суд або орган апекі – маўляў, праверце, усё ў нас наладзілася і мы хочам забраць дзяцей у сям’ю. Калі гэта пацвердзіцца, спецыяльная адзнака ў пашпарце будзе ануліравана, а чалавек будзе працягваць нармальнае жыццё ўжо разам са сваім дзіцём. Хацелася б, каб такіх выпадкаў было больш. Ды і дзяржава наша можа часткова ануліраваць доўг абавязанай асобы за выхаванне яе дзяцей.


А. ІЎКОВА,
вядучы спецыяліст сектара па занятасці ўпраўлення па працы,
занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкома.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *