Беларусь турыстычная: Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі, г. Мінск

Беларусь турыстычная

Расказвае Ганна Шамро:

– «Сінявочка», «Паўлінка», «Беласнежка», «Мулатка» – менавіта такія сарты бэзу я ўбачыла ў сталічным батанічным садзе, куды завітала ў канцы мая. Ездзіла да дзяцей у госці і не магла не скарыстацца магчымасцю палюбавацца пышнымі суквеццямі галоўнай майскай прыгажуні (у той час праходзіў тыдзень бэзу).

Там прадстаўлены лепшыя «экспанаты» айчыннай і замежнай селекцыі, якія адрозніваюцца паміж сабой афарбоўкай, памерамі кветак і суквеццяў, тэрмінамі і працягласцю цвіцення. У складзе калекцыі ёсць сарты селекцыянераў Расіі, Украіны, Германіі, Нідэрландаў, ЗША і Канады і 23 сарты селекцыі Цэнтральнага батанічнага саду. Але аснову калекцыі складаюць класічныя сарты французскай селекцыі, створаныя фірмай Лемуан.

Парадавалі нас жыццярадасныя «Бюфон», «Фенелон» і своеасаблівая «Мулатка» з рэдкім шакаладным адценнем. Іх ружовыя суквецці кружылі галаву ашаламляльным водарам. І ўвогуле, чароўны водар напаўняў сад цудоўнай духмянасцю, адорваў бэзавымі мроямі, і нібы павялічваў сілы, прыносіў свет, спакой, гармонію і прымусіў адчуваць толькі станоўчыя эмоцыі.

Дарэчы, даведаліся, што калекцыя Батанічнага саду пачыналася ў 1932 годзе з невялікіх кусцікаў у паркавай частцы. Падчас вайны бэз не ўяўляў асаблівай цікавасці для жыхароў горада – яго не выкарыстоўвалі для распалкі, таму шматлікія кусты захаваліся.

Калекцыя бэзу пачала фарміравацца ў 1954-1956 гадах, і ўжо да 1964 году навукоўцы сталі скрыжоўваць сарты бэзу, прывезеныя з Германіі і Францыі.

У калекцыі Батанічнага саду сёння каля 200 сартоў бэзу. Па назвах можна вызначыць, у які час сорт вывелі. «Канстанцін Заслонаў», «Вера Харужая», «Партызанка», «Абаронцам Брэста» з’явіліся пасля заканчэння вайны. Потым дадаліся назвы з этнаграфічным ухілам: «Несцерка», «Паўлінка», «Свіцязянка».

Цікавы факт: калекцыя Батанічнага саду ўваходзіць у сусветны каталог і атрымала Залаты дыплом Міжнароднага таварыства бэзу. Пагуляць па квітнеючых бэзавых алеях можна будзе яшчэ на працягу прыкладна двух тыдняў – потым бэз, на жаль, адцвітае. Але ўжо на наступным тыдні Цэнтральны батанічны сад запрашае на свята, прысвечанае прыгажосці і магіі півонь.

Як фларыст адзначу, што калі вам падарылі букет бэзу і ён хутка панік, то можна адарваць лісце і пакінуць толькі кветкі. Можна зрабіць доўгі касы зрэз на галінцы, каб вада хутчэй паступала да кветак. Можна рэанімаваць букет, паставіўшы яго ў гарачую ваду, а на ноч можна прыбраць у прахалоднае месца.

Запісала Алена СМУСЯНОК.

Фота Г. Шамро і з інтэрнэту.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *