Ганна Атрошчанка: «Сёння па плану – быць прыгожай»

Элегантный возраст

«Напішыце, калі ласка, пра Ганну Іванаўну з вуліцы Камарова.

Яна ж такая актыўная, сапраўдны «жыўчык» у любой кампаніі, а як душэўна спявае, заслухаешся! І гаспадыня цудоўная, бабуля клапатлівая, ды і прыгажуня, што казаць. Забярыце яе сабе ў рубрыку, не пашкадуеце», – такі тэлефонны званок паступіў да нас у рэдакцыю ад адной хайнічанкі.

Нярэдка нашы чытачы «падкідваюць» нам кандыдатуры для матэрыялаў. І мы, карэспандэнты, канешне прыслухоўваемся да меркавання сваіх падпісчыкаў. І тут зноў такая знаходка. Што ж, з задавальненнем імчымся ў госці да Ганны Іванаўны Атрошчанкі. Тым больш, пасля такіх кампліментаў у яе адрас.

Дарэчы, тое, што нашай гераіне крыху за 60, выдае толькі хустачка. А вось па колькасці захапленняў, энергічнасці не дасі больш трыццаці. Яна спявае, танцуе, вышывае, вяжа, смачна гатуе розныя стравы, у агародзе добра спраўляецца. За сваім знешнім выглядам сочыць, таму што лічыць, што ў любым узросце жанчына застаецца жанчынай і заўсёды хоча быць прыгожай.

1970 год

«Мы вось нядаўна з мужам Іванам 45 гадоў сумеснага жыцця святкавалі. Да нас сюды прыехалі самыя блізкія. Я лічу сябе вельмі шчаслівым чалавекам, бо ў мяне ёсць такое багацце, якое не купіш ні за якія грошы – дзеці і восем унукаў. Трое сыноў і адна дачка бягуць да нас па першаму клічу, а ўнукі меншыя на канікулы часта прыязджаюць у госці, дапамагаюць дзядулі з бабуляй па гаспадарцы. Канешне, усімі ганаруся. Унучак Дзяніс, напрыклад, спартсмен па цяжкай атлетыцы, штангу падымае. Неаднаразовы пераможца і прызёр на абласных, рэспубліканскіх, міжнародных спаборніцтвах», – расказвае мая субяседніца.

З мужам Іванам, 1974 год

Па адукацыі Ганна Іванаўна – бухгалтар. Закончыла Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж, па спецыяльнасці працавала ў Нароўлі на маслазаводзе, потым – у нашай ЦРБ. А вось на фабрыцы мастацкіх вырабаў не толькі бухгалтарам (вышывальшчыцай, майстрам, інжынерам па працы і якасці).

Цяпер пяройдзем да талентаў Ганны Іванаўны. Сцэна для яе, як дом родны, і ўжо много-многа гадоў. Бо яшчэ дзяўчынкай пачала спяваць народныя песні, выступала для мясцовай публікі (родам з выселенай вёскі Руднае) у сельскім клубе, зрывала апладысменты. Прызналася, што ў школьныя гады была на Дошцы гонару, вельмі добра вучылася. Далей дарога жыцця «занясла» ў Хойнікі, дзе працуючы на ФМВ, калясіла з гастролямі па раёну. Але ўжо тады пачынала бегаць на рэпетыцыі ў «Меліяратар». Зараз жа яна ўдзельніца аматарскага аб’яднання «Спадчына», падзяк на рахунку вакалісткі – безліч. Гомель, Ляскавічы, Нароўля, Мазыр, Калінкавічы, Жыткавічы, Лельчыцы, Рэчыца – актыўна працягвае ездзіць з выступленіямі у гэтыя гарады.

2017 год

2018 год

Дарэчы, і сталіцу ўжо паспела пакарыць, толькі ў якасці танцоркі. Так, у конкурсе беларускіх танцаў, у складзе з Мікалаем Бурліём, заняла першае месца сярод 150 танцораў з усёй краіны. Наша пара паказала журы нумар з элементамі знакамітых народных танцаў – лявоніхі, полькі, каробачкі, вальсу, барыні. Малайцы!

«Што ты там зноў спяваеш?», – пытаецца сусед у Ганны Іванаўны. Бо ў агародзе без песні таксама нікуды. Ужо пасадзіла наша гераіня памідоры, агуркі, кабачкі, моркву, буракі, кукурузу, дыні, сланечнікі. Кажа, што толькі капусту засталося ўладкаваць.

Аказваецца, хайнічанка заўсёды плануе свой распарадак дня. Сёння па графіку ў Ганны Іванаўны – быць прыгожай, вышыць крыжыкам карціну, зварыць боршч. Выканана.

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *