Расцём і развіваемся


Гісторыя нашай арганізацыі вядзе свой адлік са жніўня 2007 года і, такім чынам, на нашым рабочым календары зараз трэцяе працоўнае лета. Невялікі, здавалася б, тэрмін, але і за гэты час на рахунку нашай перасоўнай механізаванай калоны 1315 квадратных метраў жылля, 527 з якіх уведзены ў бягучым годзе. Ен, дарэчы, складваецца для нас куды больш паспяхова, чым папярэдні 2008-ы. Так, па стану на 1 жніўня агульны аб’ём генпадрадных будаўніча-мантажных работ склаў 3 мільярды 7 мільёнаў рублёў (у тым ліку ўласнымі сіламі – 2 мільярды 559 мільёнаў руб.), або 301 працэнт да ўзроўню адпаведнага перыяду мінулага года. Прагнознае заданне па гэтаму паказчыку выканана на 115 % пры планавай лічбе 103 %. Адзначу, што Хойніцкая ПМК па вытворчых паказчыках пастаянна знаходзіцца ў ліку лепшых і сярод 17 арганізацый Мазырскага УП “Палессебуд”.

За ўсімі гэтымі сухімі лічбамі стаіць карпатлівая штодзённая праца людзей. Зараз асноўнымі вытворчымі аб’ектамі нашай ПМК з’яўляюцца 60-кватэрны жылы дом у мікрараёне “Юбілейны” райцэнтра, Храпкаўская малочнатаварная ферма КУП “Аравічы”, 6 аднакватэрных жылых дамоў у Велеціне, 4 жылыя дамы для мнагадзетных сем’яў па вул. Берагавога райцэнтра. А ў мінулым месяцы мы прыступілі да будаўніцтва 4 аднакватэрных жылых дамоў у аграгарадку “Стралічава”. Ужо ў трэцім квартале года мы плануем здаць пад ключ па 2 жылыя дамы на вул. Берагавога, у Велеціне і Стралічаве.

Больш якаснаму і хуткаму  выкананню будаўніча-мантажных работ паспрыяе ўвод у дзеянне і запуск на поўную магутнасць свайго растворна-бетоннага вузла, будаўніцтва якога ўласнымі сіламі мы завяршылі ў чэрвені бягучага года. Дзякуючы гэтаму, зараз усе вытворчыя аб’екты своечасова забяспечваюцца будаўнічым растворам і бетонам у адпаведнасці з заяўкамі майстроў участкаў.   

Сёння штат нашай арганізацыі складае 124 чалавекі, 20 з якіх – інжынерна-тэхнічныя работнікі. Паводле палажэнняў калектыўнага дагавора, кожны з іх мае пэўныя сацыяльныя гарантыі – штомесячнае прэміраванне работнікаў у адпаведнасці з каэфіцыентам працоўнага ўдзелу (для спецыялістаў – паквартальна), дапамогі да нараджэння дзіцяці, уступлення ў шлюб і іншых важных падзей асабістага жыцця.

Сярод лепшых хацелася б назваць машыніста экскаватара М.Л. Смальцара, аўтакранаўшчыка А.Р. Кузьменку, вадзіцеля Р.А. Рудзянка, муляра А.Г. Стрэльчыка, цесляра Ю.С. Сацура, майстра П.Р. Кудрыцкага, спецыяліста па кадрах і па сумяшчальніцтву старшыню прафсаюзнага камітэта Н.А. Кудака.

Душой хварэюць за справу і кіраўнікі нашай арганізацыі – дырэктар А. А. Новік, яго намеснік В. М. Жаўняк і галоўны інжынер Ю.А. Краўцоў, якія пастаянна знаходзяцца на вытворчых аб’ектах і якіх няпроста адшукаць у адміністрацыйным будынку ПМК.

Віншую ўсіх работнікаў нашай ПМК з Днём будаўніка і жадаю ім здароўя, бадзёрасці, аптымізму, поспехаў у нашай самай мірнай і патрэбнай людзям прафесіі.


Л. ЧАРОМУШКІНА, начальнік вытворчага аддзела Хойніцкай ПМК.
На здымку: будаўніцтвам жылых домікаў у Велеціне заняты рабочыя Ю.І. Дземскі, М.А. Краўчанка, І.Я. Бяспалы, П.В. Каральчук, А.В. Кавалёў, С.М. Хлістуноў.
Фота Віктара НАЗАРАНКІ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *