У калектыве дысцыплінаваных і ўмелых

Сельское хозяйство

Сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна КУП “Аравічы” вызначаецца моцнай будаўнічай брыгадай.


– У 2006 годзе, – расказвае прараб гаспадаркі Васілій Сямёнавіч Шкурко, –  у брыгадзе  было ўсяго тры чалавекі. Па-сутнасці займаліся латаннем дзірак, нешта падправіць, падрамантаваць. Ужо да лета наступнага года ў калектыве стала 8 чалавек, а пасля далучэння КСУП “Барысаўшчына” працуюць 15. Фронт работ ёсць пастаянна, аб’екты вясковыя будаўнікі пачынаюць з нуля і здаюць “пад ключ”.

 Адна з такіх будоўляў – памяшканне для адкорму буйной рагатай жывёлы на ферме вёскі Віць. Стары хлеў разабралі, пакінуўшы толькі цагляныя тарцы і сцены і за кароткі прамежак часу пабудавалі новае памяшканне, якое зараз радуе вока новенькім шыферным дахам. Узвялі новы дах  на адным з жывёлагадоўчых памяшканняў на Барысаўшчанскай ферме, пачалі будаўніцтва малочных блокаў у вёсках Храпкаў і Віць. Гэта не лічачы менш аб’ёмных работ: выгароджванне кашар, рамонт вагавых і інш. Бадай, ні ў адной гаспадарцы раёна няма такіх зручных і прыгожых домікаў для пастухоў на адгонных выпасах, як у “Аравічах”. І гэта заслуга брыгады.

Узначальвае калектыў Віктар Міхайлавіч Віннік, чалавек спакойны, памяркоўны, аб якіх гавораць: сем разоў адмерае, перш чым адрэзаць. З дысцыплінай праблем ніколі не бывае. Ды і хто асмеліцца парушаць яе, калі ў летнія месяцы заробак кожнага больш за мільён рублёў. Добра папрацуеш – дастойная і аплата. Так што ўладкавацца на працу ў будаўнічую брыгаду гаспадаркі – справа прэстыжная.

Генадзій  Віннік, Аляксандр Віннік, Леанід Аўтушка, Аляксандр Кончын, Андрэй Шараў,  Ігар Гушча,  Ігар Канцавы, Сяргей Сцішанок, Юрый Рабянок, Уладзімір Сізянок, Дзмітрый Міненка, Дзмітрый Шкурко, Васілій Бурак… Аб кожным з іх прараб і брыгадзір сказалі шмат добрых слоў, не выдзяляючы некага асабліва. У калектыве кожны можа быць і мулярам, і цесляром, і сталяром, і тынкоўшчыкам. І хаця пачыналі сваю працоўную дзейнасць многія па іншай спецыяльнасці, лічаць сябе толькі будаўнікамі. І заўтрашняе свята – іх прафесійнае.


На здымку:  прараб  В.С. Шкурко  (злева) і брыгадзір В.М. Віннік (у цэнтры) перад пачаткам працоўнага дня з членамі брыгады С.А. Сцішанком, І.А. Гушча і А.А. Віннікам.


Тэкст і фота Уладзіміра СЯМЕНАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *