Вынік бацькоўскага раўнадушша

Законнасць і парадак

BПрыкладаў неналежнага выхавання бацькамі ўласных дзяцей, якія становяцца прычынай для разбірацельства на пасяджэннях камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, на вялікі жаль, з цягам часу не становіцца менш. Як правіла, у такіх сем’ях адсутнічае цесны кантакт паміж бацькамі і дзецьмі, без чаго немагчыма выхаваць паўнавартасную асобу. А да чаго можа прывесці раўнадушша бацькоў, паказала справа, якая разглядвалася 14 мая.

Як трава пры дарозе, прадастаўлены сам сабе расце гэты хлапчук, 2002 года нараджэння. Яго бацькі ў асноўным былі заняты высвятленнем асабістых адносін, чым выхаваннем сына. Урэшце скасавалі шлюб, у бацькі другая сям’я. А маці не можа справіцца з сынам, які ступіў на дарогу крадзяжоў. Заняткі ў школе прагульвае, вучыцца дрэнна, таму што галава забіта толькі тым, што дзе ўкрасці.
Пачынаючы з 2011 года двойчы на камісіі па справах непаўналетніх выносілася пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах гэтага падлетка, таму што ён не дасягнуў узросту крымінальнай адказнасці. У студзені сёлета яго бацькі былі папярэджаны за невыкананне абавязкаў па выхаванню непаўналетняга дзіцяці.

Але не прайшло і трох месяцаў, як хлопец зноў здзейсніў крадзёж. На гэты раз – з домаўладання свайго роднага дзядулі. На гужавой павозцы разам са сваім хаўруснікам-равеснікам вывезлі каля 300 кілаграмаў чорнага лому з мэтай продажу. Як растлумачвалі ў міліцыі, хацелі нешта прыдбаць сабе да Вялікдня.
На пасяджэнне камісіі прыходзіла толькі маці малалетняга зламысніка, бацька праігнараваў выклік, можна сказаць, ад выхавання сына ён самаўхіліўся.

На гэты раз, разгледзеўшы пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, усе члены камісіі выказаліся за тое, каб накіраваць правапарушальніка ва ўстанову закрытага тыпу тэрмінам на два гады.
Як адзначыў прысутнічаючы на пасяджэнні пракурор раёна М.Л. Беларусаў, гэта зусім не карная ўстанова, а прафілактычная. Тут падлетак будзе працягваць вучобу, а самае галоўнае – знаходзіцца пад пастаянным наглядам. А яго бацькі на гэты раз аштрафаваны за невыкананне сваіх абавязкаў па выхаванню дзіцяці ў памеры паўтара мільёна рублёў кожны. Заўважым, гэта мінімальная сума штрафу, які мог быць накладзены. Магчыма, прынятыя меры паўплываюць на тое, каб падлетак збочыў з крымінальнай сцяжынкі.

А. ТАКАРСКАЯ, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *