Ёсць пытанне? Задавайце!

Власть

Скарыстацца магчымасцю напрамую задаць пытанне прадстаўнікам улады жыхары Хойнікшчыны могуць падчас сустрэч з прадстаўнікамі дэпутацкага корпусу, служб жыццезабеспячэння.

Такія сустрэчы праходзяць кожны тыдзень на тэрыторыі кожнага сельсавета і горада (уважліва сачыце за інфармацыяй на першай старонцы газеты).

У максімальна магчымай колькасці сустрэч прымае ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар. Яна абавязкова інфармуе прысутных аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна, фарміраванні бюджэту, яго даходных і расходных частках.

Дарэчы, у невялікіх населеных пунктах такія сустрэчы часцей нагадваюць хатнія пасядзелкі: абмяркоўвацца бытавыя пытанні, узаемаадносіны паміж родзічамі і суседзямі, людзі старэйшага пакалення дзеляцца сваім прафесійным і жыццёвым вопытам. Так, па-хатняму, пагутарылі на сустрэчах у Партызанскай, Хвойным. Як адзначыла Галіна Віктараўна, часцей не столькі праблему якую ўзняць людзі хочуць, а проста пагутарыць, падзяліцца сваімі думкамі, бачаннем сітуацыі, перажываннямі.

Таксама на гэтым тыдні Галіна Бондар сумесна з дэпутатамі сустрэлася з працоўным калектывам фабрыкі мастацкіх вырабаў. Работніцы, дарэчы, выконваюць вялікі заказ на пастаўку ў Германію масак. Работаюць старанна. Сярод паступіўшых пытанняў – просьба добраўпарадкаваць вуліцу Міра, бо ні тратуару на ёй няма, ні дарогі. Як кажуць, ні прайсці, ні праехаць.

У Храпкаве абмяркоўвалі зямельнае пытанне: утрыманне ўчасткаў, іх выдзяленне.

Падчас сустрэчы ў Мархлеўску паступіла пытанне па гандлёваму абслугоўванню: населены пункт апошні па шляху руху аўтамагазіну, і многіх тавараў проста жыхарам вёскі ўжо не хапае. Гандлёвай сетцы неабходна звярнуць увагу на недапушчэнне рэалізацыі тавараў з памежным тэрмінам прыдатнасці. Зварот пастаўлены на кантроль.

Жыхарам Загалля даведзена інфрамацыя па добраўпарадкаванню іх населенага пункту, дадзены тлумачэнні наконт якасці пітной вады.

Удзел у сустрэчы з жыхарамі Стралічава прыняў дэпутат райсавета Аляксандр Паляенка. Ён давёў інфармацыю аб дзейнасці дэпутацкага корпусу, пытаннях, якія разглядваюцца на пасяджэннях, а таксама заклікаў больш увагі ўдзяляць прафілактыцы, вядзенню здаровага ладу жыцця.

Сапраўды, калі ёсць пытанні, прапановы, скаргі і падзякі – лепш прыходзьце на сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады і служб жыццезабеспячэння, скарыстайцеся магчымасцю.

Вольга БЕЛАШ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *