Тры любімых убора мастацкага кіраўніка «Спадчыны» Ліліі Краўчанка

Культура

Нездарма песню называюць гаючымі лекамі для душы.

А калі гэта яшчэ і беларуская народная, то асалоду ад яе праслухоўвання атрымліваеш удвая большую.

Перад сілай музыкі, удала падабраных слоў, якія пранікаюць у тваю душу, адступаюць любыя нягоды і на сэрцы становіцца лягчэй.

Ужо на працягу трыццаці гадоў звязана моцнымі ніткамі з народным аматарскім аб’яднаннем Лілія Краўчанка. Гэта чалавек апантаны, заўсёды ў творчым пошуку. І сёння мастацкі кіраўнік, побач з якой усё жыццё ідзе песня, раскажа аб сваіх любімых уборах.

– Канцэртныя ўборы – мая слабасць. Асабліва строі з нацыянальным каларытам: вышыўкай, карункамі, элементамі народнага арнаменту. З вялікім задавальненнем апранаюся і заўсёды адчуваю сябе годна і пазітыўна. Яркія колеры – блакітны, чырвоны, зялёны, бардовы, жоўты – ствараюць не толькі прыгожую карцінку, але і цудоўны вясёлкавы настрой.

Блакітны – мой самы любімы ўбор. У ім пашчасціла прымаць удзел у самых разнастайных мерапрыемствах: конкурсах, фестывалях, абрадах, тэатралізаваных святах. Гэты строй разам са «спадчынцамі» выкарыстоўваем на канцэртах, выступаючы перад гарадскімі і вясковымі гледачамі на Хойнікшчыне і за яе межамі. Прыгожы блакітны колер адразу ж выклікае самыя светлыя асацыяцыі, якія звязаны з кветкавым сімвалам Беларусі – васільком.

Змест жоўтага ўбора – некалькі іншы. Ён ужо стылізаваны, больш падыходзіць пад выкананне сучасных твораў, беларускіх песень у сучаснай апрацоўцы. Касцюм сам па сабе такога нейтральнага гучання, поўны сонечнага святла, адразу акунае гледача ў кветкавую паляну.

Апошні сцэнічны касцюм – кофта, андарак з даматкай посцілкі, фартук з ручной вышыўкай – дапамагае пры выкананні старажытных беларускіх песень, аўтэнтычных твораў, а таксама пры правядзенні старадаўніх абрадаў, тэатралізаваных пастановак. Асабіста я адчуваю сябе ў ім такой пектнай кабетай, жанчынай-гаспадыняй, сялянкай, якая працуе ў полі альбо завіхаецца па хатняй гаспадарцы.

Ведаеце, іншы раз мне здаецца, што за сваё творчае жыццё я больш прыбіралася ў такія вось строі, чым у святочныя сукенкі. І мне гэта вельмі прыемна. Мне падабаецца. Нават не хочацца і думаць, што некалі прыйдзецца з усім гэтым развітацца. Без гэтага мне будзе сумна.

Запісала Алена СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *