З новай тэхнікай – новыя магчымасці

Экономика

Дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова «Хойніцкі лясгас» – адно з самых дынамічна развіваючыхся прамысловых прадпрыемстваў нашага раёна. І справа тут не толькі ў тым, што лесаперапрацоўка заўсёды была сферай патэнцыяльна перспектыўнай і выгаднай – вытворчы працэс яшчэ патрэбна належным чынам наладзіць і арганізаваць, знайсці ўстойлівыя рынкі збыту прамысловай прадукцыі і надзейных эканамічных партнёраў. Усё гэта стала магчымым з прыходам год назад на пасаду дырэктара прадпрыемства Уладзіміра Васільевіча Грыцкова. Яму і слова.
– Сёння можна з поўным правам сказаць, што наша прадпрыемства працуе стабільна і рытмічна. Вытокі гэтай стабільнасці ў тэхнічным перааснашчэнні нашага рухомага саставу, якое мы пачалі ў мінулым годзе. Летась лясгас набыў 8 адзінак самай сучаснай тэхнікі, што значна пашырыла нашы вытворчыя магчымасці. І хаця каштавала гэта зусім не танна – больш за 6 мільярдаў рублёў уласных сродкаў, канчатковы вынік таго варты.
Напрыклад, дзякуючы набыццю двух тралёвачных трактараў ТТР-401 у структуры лясгаса з’явілася новая вытворчая адзінка – брыгада лесанарыхтоўшчыкаў, у склад якой уваходзяць 2 трактарысты (працуюць яны на новых, зразумела, трактарах), 4 вальшчыкі лесу і брыгадзір. Пры гэтым аб’ёмы лесанарыхтовак узраслі да 2 тысяч кубічных метраў за месяц і ўвесь гэты вал мы накіроўваем на рэалізацыю як лесам-кругляком, так і перапрацаванай драўнінай – палеткай, абразной і неабразной дошкай.
Набылі 3 трактары МПТ-461.1 з прычэпамі і маніпулятарамі для Паселіцкага і Глінішчанскага лясніцтваў. Такім чынам сёння ў кожным нашым лясніцтве ёсць па два тралёвачныя трактары і па аднаму трактару для вывазкі драўніны з месц нарыхтоўкі да МАЗаў на транспарціроўку.

Таксама летась набылі новы многафункцыянальны харвестар «Амкадор 25-51». Для навучання рабоце на ім у Рэчыцкім лясгасе купілі спісаны, але яшчэ рабочы аналагічны харвестар. Пасля заканчэння навучання на ім, яго таксама задзейнічалі ў вытворчым працэсе.
IMG_6158 А ў лістападзе дадаткова закупілі новы франтальны пагрузчык «Амкадор-352Л» . Яго выкарыстоўваем на рамонце лясных дарог, вывазцы шчэпы і пілавання, для аказання тэхнічнай дапамогі, а ў зімовы час – для расчысткі снегу. Дарэчы, што датычыць шчэпы, то ў 2013 годзе мы наладзілі яе прамысловую вытворчасць і рэалізуем Рэчыцкай міні-ЦЭЦ, Светлагорскаму цэлюлозна-кардоннаму камбінату, а таксама кацельням, якія працуюць на гэтым відзе паліва ў Брагіне, Гомелі і Жлобіне. Акрамя таго, рэалізуем шчэпу на экспарт у Польшчу па 80 вагонаў у месяц і цане 80 еўра за кубаметр. Для таго каб не назапашваць рэшткі тэхнічнай сыравіны, арандуем у іншых лясгасаў рубільныя машыны і рэалізуем спажыўцам шчэпу – гэта таксама дадатковы даход.
Ужо ў гэтым годзе набылі яшчэ адну машыну «Форвардэр-Амкадор» для падвозкі лесу пад пагрузку на МАЗы. Гэта прадыктавана значным павелічэннем аб’ёмаў лесанарыхтоўкі, з тых жа меркаванняў закупілі і новы МАЗ-сартаментавоз – для вывазкі з месц нарыхтоўкі раскрыжаванай драўніны. Не стаў лішнім і новы МАЗ для вывазу шчэпы.

IMG_6148
Не забываем і пра лесагаспадарчую дзейнасць, штогод высаджваем столькі гектараў лесу, колькі і высякаем. Пасадкі лесу праводзім у адпаведнасці з дзеючым адзіным планам лесасек. Так, у мінулым годзе намі было створана 320 новых гектараў насаджэнняў лясных культур. Высаджваем традыцыйныя для нашага рэгіёна пароды дрэў – сасну, дуб, бярозу, альху і іншыя.
У выніку пераўтварэнняў у вытворчасці прадпрыемства набыло фінансавую ўстойлівасць, у мінулым засталіся праблемы з гаруча-змазачнымі матэрыяламі, выплатай зарплаты і запазычанасцямі па плацяжах і разліках. Сярэднямесячная зарплата ў сярэднім па прадпрыемству ўзрасла з мінулагодніх 3,5 млн. руб. (у тых, хто працуе па бюджэту) і 3,9 млн. руб. (у работнікаў на гасразліку), адпаведна да 4,5-5,5 млн. руб. Гэта ў сярэднім па прадпрыемству, а асобныя катэгорыі работнікаў зарабляюць і таго болей.
А таму калектыў стабілізаваўся, людзі з упэўненасцю глядзяць у будучае, на якое ў нас ёсць пэўныя планы і задумы. Упэўнены, што ўсе яны ўвасобяцца ў рэальнасць.
Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *