Вышыўкі, што саграваюць душу

Увлечения хойничан

Днямі мне пашанцавала трапіць у карцінную галерэю. І пры гэтым далёка не прыйшлося ехаць – толькі да вуліцы Шасейнай райцэнтра.

Так-так, не здзіўляйцеся. Праўда, галерэя хатняя, аматарская, аднак па пачуццях і эмоцыях, якія там набываеш, ніколькі не саступае больш масштабным. А паколькі пабываць там могуць не ўсе – прапануем палюбавацца прыгажосцю праз газету.

Пераступаеш парог дома – і адразу заварожваешся. Творы, вышытыя бісерам, не проста прыгожыя… Яны валодаюць нейкай чароўнай сілай… Гляджу на карціну і бачу кветкі – здаецца больш нічога. А калі затрымалася, угледзелася, то здаецца, што вось-вось падзьме лёгкі ветрык і закалышуцца іх пялёсткі… У руках майстра бісер нібыта «ажывае». Карціны ўражваюць не толькі бездакорнай тэхнікай выканання, але і цудоўна перададзенымі адценнямі.

У якасці экскурсавода выступіла гаспадыня хаты, майстрыха Еўдакія Зубок. Яна з тых людзей, знаёмства з якімі выклікае захапленне. Прыцягваюць яны сваёй жыццёвай мудрасцю, талентам, аптымізмам. Жанчына такая добразычлівая, сардэчная, шчырая і працавітая. А яшчэ вельмі сціплая. Праводзячы мяне па пакоях дома і паказваючы свае работы, яна раз-пораз прыгаворвала, што няма чым хваліцца. Як жа няма?! Карцін жа ў яе больш за сотню! А самая вялікая з 40000 бісерын! Мне, напрыклад, цяжка нават уявіць, якая гэта карпатлівая справа. А Еўдакія Міхайлаўна гаворыць, што занятак вышыўкай яе супакойвае і праганяе сумныя думкі. З чатырох гадзін раніцы можа вышываць – час ляціць непрыкметна, калі занятак па душы і атрымліваеш вялікую асалоду.

Шэсць гадоў яна захапляецца вышыўкай. За гэты час назбіралася вялікая калекцыя карцін разнастайных памераў – пейзажы, партрэты, малюнкі жывёл. Важнае месца займаюць абразы. Многія работы ўпрыгожваюць інтэр’еры дамоў дзяцей. Яны таксама захапляюцца шэдэўрамі, якія матуля стварае сваімі ўмелымі рукамі пры дапамозе тонкай іголкі і мініяцюрнага бісеру.

Карціны – гэта вокны, праз якія можна зазірнуць у загадкавы свет натхнення. І ў кожнай з іх адчуваецца настрой аўтара. Пабачыўшы гэтыя работы, злавіла сябе на думцы аб тым, як добра мець крыніцы натхнення. Творчасць дазваляе падняцца над штодзённасцю жыцця і забыцца на звычайныя турботы. Пры чым, як таму, хто ёй займаецца, так і таму, хто ёй любуецца.

Наталля РЭВЯКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *