Работа ў студатрадзе: карысна, весела, выгадна

Общество

Для многіх дзяцей цёплы час года – перыяд выключна для адпачынку. А для некаторых – выдатная магчымасць падзарабіць падчас летніх канікул.

Адзін з асноўных спосабаў правесці іх з карысцю і атрымаць за гэта грошы – гэта студэнцкі экалагічны атрад.

Штогод працаўладкаваннем у іх вучнёўскай моладзі па ўсёй краіне займаецца грамадскае аб’яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». У нашым раёне студэнцкія атрады таксама запатрабаваныя, і з кожным годам толькі набіраюць папулярнасць. Я зазірнула ў гарадскі парк, дзе працуе «Экалагічны дэсант» імя Героя Савецкага Саюза А.Г. Качаткова. Юнакі і дзяўчаты часова папоўнілі калектыў КЖУП «Хойніцкі камунальнік».

Насустрач ідзе вучань першай гарадской школы Васіль Сідарэнка. Ён падзяліўся меркаваннем, што правесці ўсе вакацыі, качаючыся на канапе ці ўткнуўшыся ў манітор камп’ютара, сумны занятак. Пры гэтым юнак падкрэсліў, што ўлетку трэба заводзіць новыя знаёмствы, атрымліваць яркія эмоцыі і зараджацца добрым настроем, для гэтага студатрад падыходзіць лепш за ўсё. А яшчэ прыемны бонус у тым, што можна зарабіць – мець сродкі на кішэнныя выдаткі хочацца кожнаму маладому чалавеку.

З ім салідарны і Мікалай Каламійчук. Хлопец прызнаецца, што працаваць у атрадзе яму падабаецца, за справай і не заўважае, як пралятае дзень. І нават матэрыяльны стымул для яго не галоўны. У студатрад ідзе за атмасферай. Плюс, безумоўна, прыемна рабіць свой родны горад чыстым і прыгожым.

Да размовы далучылася і Дыяна Мілешка, дадаўшы, што праца летам дае вельмі прыемнае адчуванне самастойнасці. А яшчэ таварышы па атрадзе ніколі не даюць засумаваць. У памяці застаецца шмат цікавых, пацешных і кранальных момантаў, і гэта выдатна. Добра, што і ў нашым раёне ёсць такая магчымасць правесці лета з карысцю. Ды і час на адпачынак застаецца, бо працуюць школьнікі па чатыры гадзіны ў дзень.

Байцы студатрада з радасцю бяруцца за любую справу і адказна падыходзяць да працы. Нядоўга пагутарыўшы са мной, зноў узяліся за справу. Гледзячы на іх, я падумала: добрыя рабяты – добры прыклад. Праспаць да абеду, затым уткнуцца ў смартфон – гэта дакладна не пра іх! Яны жывуць цалкам інакш – насычаным і цікавым жыццём. І гэта выдатна!

Таццяна БЕЛЬСКАЯ,
студэнтка Гродненскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *