Стаўка — на новыя вырабы, надзея — на маладыя кадры


Забяспечыць работай прамысловыя прадпрыемствы, не дапусціць іх прастойвання і скарачэння рабочых месц – адна з важнейшых задач сёння. Міністэрства прамысловасці Беларусі нацэльвае на тое, каб узровень аб’ёму прадукцыі быў не ніжэй чэрвеня месяца, а складскія рэшткі павінны змяншацца і ні ў якім разе павялічвацца. Рэалізаваць атрыманую прадукцыю – першачарговая справа. Бо прадукцыя, якая знаходзіцца на складзе – гэта замарожаныя грошы. А для таго, каб развіваць вытворчасць, неабходны абаротныя сродкі.


У цяперашніх эканамічных умовах працаваць нялёгка ўсім сферам, аднак наша прадпрыемства працягвае вырабляць запатрабаваную прадукцыю.Завод гідраапаратуры працуе зараз па пяцідзёнцы і ў дзве змены, у той жа час да чэрвеня працавалі шэсць дзён і ў тры змены. Назіраюцца тэмпы зніжэння аб’ёмаў вытворчасці, але гэтаму ёсць шэраг аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын. Як вядома, наша прадпрыемства з’яўляецца філіялам Мінскага трактарнага завода, куды пастаўляем да 85 працэнтаў камплектуючых вырабаў. У сувязі з тым, што галаўное прадпрыемства знізіла аб’ёмы вытворчасці, наш завод пачаў паскорана асвойваць новыя віды прадукцыі, у прыватнасці для энерганасычаных трактараў МТЗ. Доследную партыю канечнай пары (рэдуктараў) паставілі ў ліпені для Смаргонскага агрэгатнага завода, дзе выпускаюцца міні-трактары. У жніўні запускаем рэдуктары ў серыйную вытворчасць. Адначасова вядзецца падрыхтоўка вытворчасці па 5 відах шасцяронак для Смаргонскага завода, доследная партыя вырабаў паступіць туды ў гэтым месяцы.

У стадыі распрацоўкі пытанне аб перадачы з РУП “Мінскі трактарны завод” сямі відаў новых вырабаў разам з абсталяваннем. Іх выпуск будзе асвоены ў верасні згодна з загадам генеральнага дырэктара МТЗ А.А. Пухавога.

 У цяперашні час наш завод выпускае 40 працэнтаў новых відаў вырабаў, іх колькасць да канца года плануем значна павялічыць. Згодна з распрацаванай праграмай на МТЗ за верасень месяц выйдзе з канвеера 3 тысячы трактараў, а штомесячна ў чацвёртым квартале – па 4 тысячы. Гэта дазволіць нашаму прадпрыемству выйсці на аб’ёмы вытворчасці 150-170 працэнтаў і выканаць гадавую праграму, таму што заданне першага паўгоддзя намі забяспечана на 101,3 працэнта пры прагнозе 110 працэнтаў.

Зараз мы ўшчыльную працуем з Коханаўскім экскаватарным заводам (г. Орша), куды пастаўляем 4 віды шасцяронак для газонакасілак. У другім квартале сёлета аб’ём выпуску прадукцыі для гэтага прадпрыемства склаў 150 працэнтаў.

Па-ранейшаму неаслабная ўвага ўдзяляецца на нашым заводзе выпуску тавараў народнага ўжытку, якія рэалізуюцца праз гандлёвую сетку. Іх асвоена 9 відаў, попытам карыстаюцца рэдуктары, петлі для варот і брамак, закатачныя машынкі.

Важным застаецца і кадравае пытанне. Не сакрэт, што ў многіх краінах паралельна са скарачэннем вытворчасці скараціліся і рабочыя месцы. У Беларусі такога не здарылася. Больш таго, неабходнасць захавання рабочых месц была прапісана ўрадам у плане антыкрызісных мер.

Стаўку робім на маладыя кадры. Шэсць станочнікаў нядаўна прыйшлі на завод, спецыяльнасць набывалі ў Хойніцкім прафтэвучылішчы на дагаворнай аснове. Таксама прыбылі да нас па размеркаванню згодна заявак прадпрыемства чатыры выпускнікі з Бабруйскага  каледжа па спецыяльнасцях “слесар-інструментальшчык”, “тэхнолаг”, “электрык” (дарэчы, па апошняй спецыяльнасці адчуваем дэфіцыт). Таксама павінны прыбыць два выпускнікі Мазырскага каледжа па спецыяльнасці “тэхнолаг”.

За кошт уласных сродкаў завод навучае чатыры чалавекі ў вышэйшых навучальных установах – Гомельскім політэхнічным універсітэце і Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэце спажывецкай кааперацыі па спецыяльнасцях “інжынер-маркетолаг”, “эканоміка і кіраванне”, “бухгалтарскі аналіз і аўдыт”, “электрамеханік”. І сёлета завод даў мэтавыя накіраванні сямі чалавекам для вучобы па спецыяльнасцях, якія патрэбны нашаму заводу.

Хачу адзначыць, што ўсіх маладых спецыялістаў, што прыбылі па размеркаванню, забяспечваем жыллём ў заводскім інтэрнаце. Пакоі ў ім выдзяляем і тым работнікам, якія жывуць у сельскіх населеных пунктах нашага і Брагінскага раёнаў. Лічу, што гэта немалаважны фактар для замацавання кадраў.

Радуе, што нашы працаўнікі хварэюць за агульную справу, за сваё прадпрыемства. З такім калектывам, несумненна, можна перажыць глабальны крызіс.


В. СМАЛЬЦАР,
дырэктар завода гідраапаратуры.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *