Традыцыі плюс творчасць

Экономика

Аб’ектыўнасць, калегія-льнасць і галоснасць – гэта асноўныя прынцыпы, якімі кіруецца прафкам работнікаў ААТ «Хойніцкі завод жалезабетонных вырабаў». Расказвае старшыня прафсаюзнага камітэта, інспектар аддзела кадраў прадпрыемства Людміла Аляксандраўна Валасюк (на здымку).

IMG_1592
– Скажу адразу, што асаблівых складанасцей у ажыццяўленні гэтай грамадскай дзейнасці ў мяне не ўзнікала – у калектыве працую з 1999 года, людзей добра ведаю. Важна і тое, што папярэднімі лідарамі прафсаюза В.А. Рыжыкам і А.М. Бандарэнкам зроблена нямала для таго, каб справы прафсаюзныя вяліся, каб была стройная сістэма працы, накіраваная ў першую чаргу на згуртаванне калектыву як у мінуты поспеху, радасці, так і пры ўзнікненні цяжкіх жыццёвых сітуацый.
Як вядома, сіла прафсаюзнай арганізацыі – у яе масавасці. У нас усе кіраўнікі вытворчых падраздзяленняў, спецыялісты, рабочыя састаяць у ёй. У мінулым годзе членамі нашага прафсаюза з’яўляліся 83 чалавекі, а з 1 студзеня колькасць павялічылася да 150 чалавек у сувязі з далучэннем да нашага акцыянернага таварыства «Хойнікірамбуда». З усімі навічкамі ўжо пазнаёмілася, некаторыя з іх уведзены ў актыў прафкама.
У папярэднія гады многае зроблена па розных напрамках практычнай дзейнасці. Перш за ўсё, у ажыццяўленні грамадскага кантролю за захаваннем заканадаўства аб працы і ахове працы і выкананню калектыўнага дагавора. У гэтым напрамку адміністрацыя завода і прафкам узаемадзейнічаюць вельмі цесна. Дырэктар прадпрыемства Ганна Аляксандраўна Васіленка ўхваляе і падтрымлівае ўсе пачынанні, ініцыіраваныя прафкамам.
Наша прадпрыемства прамысловае, і трэба вельмі пільна сачыць, каб папярэдзіць траўматызм на рабочым месцы. Вось чаму акцэнт зроблены на фінансаванне мерапрыемстваў па ахове працы. Да прыкладу, летась на гэту мэту было выдзелена 55 млн. рублёў, у разліку на аднаго працуючага – 685 тысяч рублёў.
Сацыяльныя гарантыі членаў прафсаюза на нашым прадпрыемстве забяспечваюцца калектыўным дагаворам, згодна з «мясцовай канстытуцыяй» усе адлічэнні расходваюцца на гуманныя мэты – наведванне хворых, аказанне матэрыяльнай дапамогі ў вырашэнні сацыяльна-бытавых праблем, заахвочваецца матэрыяльна ўступленне ў шлюб і нараджэнне дзяцей, ніколі не забываем пра нашых юбіляраў. Наймальнік ідзе насустрач прафкаму пры арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў.
Выконвае абавязкі казначэя нашай пярвічкі і адначасова ўзначальвае камісію прафкама па аздараўленню і санаторна-курортнаму лячэнню эканаміст па працы Надзежда Уладзіміраўна Будаш. Раней 15 гадоў была казначэем наш ветэран працы З.В. Праказава. І нават у той час, калі ў выніку распаду СССР існавала пагроза ліквідацыі нашай прафсаюзнай арганізацыі, Зоя Віктараўна ажыццяўляла збор членскіх узносаў. Маніторынг захавання заканадаўства аб працы праводзіць адпаведная камісія па ахове працы. Інжынер па ахове працы Яўгеній Іванавіч Рабінкін і галоўны інжынер Аляксандр Анатольевіч Ладыгін каардынуюць усю работу прадпрыемства ў гэтым важным напрамку. Таксама плённа працуе камісія па барацьбе з п’янствам на чале з інжынерам-механікам Анатоліем Рыгоравічам Рашатнюком. У полі зроку прафсаюзных актывістаў пытанні аховы сям’і, мацярынства і дзяцінства.
Жыццё нашага прафсаюза шматграннае, разнастайнае і выніковае ў вялікай ступені дзякуючы аператыўнай, зладжанай рабоце нашага накіроўваючага – райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу на чале з яго старшынёй Верай Васільеўнай Харошка. Для аператыўнай работы з людзьмі выкарыстоўваем абсталяваны кабінет па ахове працы, дзе можна атрымаць усю інфармацыю па прафсаюзу, са спецыяльных стэндаў любы працаўнік можа азнаёміцца з саставам прафкама, планам работы, саставам камісій, якія пры неабходнасці зробяць усё для паляпшэння сацыяльнага становішча, абароны эканамічных інтарэсаў завадчан.

Клаўдзія БОСАК.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *