Справы паляўнічыя Першыя «трафеі»


У тым, што паляванне на ваўка вельмі непрадказальнае, даўно ўпэўніўся патомны ваўчатнік, жыхар вёскі Дворышча Яўгеній Піліпавіч Валяваты. На яго асабістым рахунку 61 забіты драпежнік, чым прадухіліў паляўнічы вялікія страты грамадскай жывёлы і на прыватных падворках, патэнцыяльныя набегі на людзей. Па слядах бацькі пайшоў сын Ігар, які працуе егерам  раённай арганізацыйнай структуры  рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”.

Аб тым, што І.Я. Валяваты забіў днямі ваўчыцу ў раёне вёскі Навасёлкі, і якая, па ўсім было відаць, прыйшла з тэрыторыі ПДРЭЗ, паведаміў старшыня таварыства В.М. Фешчанка. Ен жа адзначыў, што камісія па каардынацыі вядзення паляўнічай гаспадаркі пры Гомельскім аблвыканкоме прыняла рашэнне павялічыць колькасць брыгад, якія займаюцца паляваннем на ваўкоў.

На парадку дня “воўчая тэма” ўзнікла не выпадкова. У апошні час лясныя драпежнікі сталі рэгулярна наведвацца ў населеныя пункты. Асабліва тыя, што знаходзяцца побач з запаведнікам. Зона адчужэння, пакінутая чалавекам больш за 20 гадоў назад, стала сапраўдным раздоллем для дзікіх жывёлін. Паколькі паляванне ў звычным разуменні тут забаронена, папуляцыю ваўкоў нічога не абмяжоўвала. Па словах вядучага паляўніцтвазнаўцы ПДРЭЗ Р.І. Сыса, у мінулым годзе  налічвалася ў зоне больш за 300 гэтых асобін. Для харчавання аднаму “шэраму” патрабуецца прыкладна 800 кілаграмаў мяса ў год. У натуральным асяроддзі такіх апетытаў не наталіць. Значыць, набегі ваўкоў непазбежныя.

Не менш сур’ёзную праблему ўяўляе шаленства гэтых небяспечных жывёлін. Выхад адзін – адстрэл. Дзеля гэтага пры раённым таварыстве паляўнічых і рыбаловаў створаны тры брыгады.

Акрамя таго, улады Гомельскай вобласці звярнуліся ў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь і Мінпрыроды з просьбай дазволіць паляванне ў забароненай зоне, бо лепшая абарона – гэта нападзенне.

Р.І. Сыса расказаў, што брыгада пры атрыманні гэтага дазволу гатова адразу ўключыцца ў работу. Тым больш, што ў саставе яе паляўнічыя са стажам: вадзіцель запаведніка  Р.В. Кот, начальнік ППС М.М. Юхневіч, рабочы сталярнага цэха В.У. Каласок, егеры В.А. Цішкевіч і В.У. Мыслік.


Клаўдзія МІКАЛАЕВА.
На здымку: І.Я. Валяваты  са сваім “трафеем”.
 Фота Ірыны НОВІКАВАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *