Мяльчае рака жыцця

Вёсачка мая

5

У 1930 годзе тут было 182 двары і 829 жыхароў, у 2004-м – 35 дамоў і 53 жыхары, у 2014-м – 8 дамоў і 14 жыхароў… Так паступова мяльчае рака жыцця прыгожай вёсачкі Ізбынь. Многа тут было дружных сем’яў: Казмерчукі, Лешчанкі, Іванюшкі, Працко, Янкоўскія, Васіленкі, Часнакі і іншыя. Весела жылі, згуртавана, а зараз як? Каб высветліць гэта, едзем у чарговую вандроўку – у госці да ізбынцаў. Дваццаць два кіламетры ад Хойнік па трасе, паварот налева, яшчэ адзінаццаць кіламетраў па «лясному тунелю» – і мы на месцы!

1
На вясковай вуліцы цішыня, якую перыядычна праразаюць клёкат буслоў і пошчак салавейкі. Павольна іду, атрымліваючы асалоду ад прыемнага кветкавага водару. Спрабую застаць дома якога-небудзь гаспадара. Стукаюся ў дзверы.
У той дзень мне пашчасціла пазнаёміцца з дзвюма цудоўнымі бабулькамі Соф’яй Мікалаеўнай Іванюшка (на здымку ўверсе) і Еўдакіяй Аляксееўнай Іванюшка (на здымку ўнізе). Яны расказалі мне, што Ізбынь вядома з XIX стагоддзя, калі перасяленцы з суседніх вёсак пачалі будаваць тут свае сядзібы. Найбольш актыўная забудова прыпадала на 20-я гады мінулага стагоддзя. У час Вялікай Айчыннай вайны, у чэрвені 1943 года, акупанты спалілі вёску і расстралялі 29 жыхароў. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 79 ізбынцаў, памяць аб іх увекавечвае помнік, устаноўлены ў 1975 годзе ў цэнтры населенага пункта.

4
Успаміналі бабулі аб тым, як гаравалі ў калгасе, копы сена насілі ўручную, і аб тым, як адпачывалі: танцавалі босыя пад балалайку. А вось адкуль паходзіць назва вёскі, так і не ўдалося высветліць – тутэйшыя не ведаюць.

3
Ізбынь у многіх асацыіруецца з двума месцамі: прыпынкам на чыгуначнай ветцы Васілевічы – Хойнікі і возерам, дзе ўлетку часцяком праводзяцца турыстычныя злёты. Вопытныя рыбакі, якіх мы ў час нашай паездкі засталі на беразе ізбынскага возера, расказалі аб яго «ваенным» паходжанні і максімальнай глыбыні да 22 метраў. Праўда, за апошнія гады яно моцна змялела і зарасло. А раней жа ўся вёска тут адпачывала, ды і з іншых населеных пунктаў шмат людзей пакупацца і парыбачыць прыязджалі.
– Нягледзячы на тое, што наша вёска аддаленая ад райцэнтра, мы нічым не абдзелены: і аўталаўка ездзіць, і аўтобус, і перасоўная пошта. Доктар з Вялікага Бору прыязджае, старшыня сельсавета часта бывае, школьнікі наведваюць, на святы кветкі да помніка ўскладаюць.Карацей кажучы, мы не адчуваем сябе пакінутымі. А гэта вельмі важна, – адзначаюць жанчыны.
Хацелася б, каб пачуццё адзіноты ніколі не наведвала іх…

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *