Жывыя ўпрыгожванні горада


Свой непаўторны, утульны і камфортны выгляд надаюць населеным пунктам зялёныя насаджэнні – дрэвы, кветкі, газоны і дэкаратыўныя кустоўі. Прыемна палюбавацца разнастайнай кветкавай гамай, адпачыць у летнюю спёку ў цяні раскідзістай ліпы або таполі, прайсціся па халаднаватай паркавай алеі. Але за ўсёй гэтай жывой прыгажосцю патрэбен карпатлівы і пастаянны догляд – праполка, абкошванне і паліў кветнікаў і газонаў, абрэзка дрэў і кустоўяў, іх апрацоўка супраць хвароб і шкоднікаў.

У брыгадзе па азеляненню, якая абслугоўвае 11102 кв. метраў зялёных насаджэнняў на вуліцах і тэрыторыях нашага горада, зараз працуе 12 чалавек, 5 з якіх заняты абкошваннем газонаў і вуліц, а астатнія займаюцца доглядам кветнікаў і клумб.

Так атрымалася, што вясной гэтага года мы набылі не зусім дастатковую колькасць насення кветак. Аднак на будучы год плануем кардынальна змяніць сітуацыю і высадзіць на гарадскіх вуліцах і плошчах куды больш петуній, аксамітак, сальвій, алісумаў і цынерарый. Усе гэтыя кветкі больш адапціраваны да вырошчвання ва ўмовах горада, доўга цвітуць і надаюць свой прыгожы і непаўторны выгляд абліччу населеных пунктаў. Насенне кветак набываем у Гомельскім аб’яднанні “Сортнасеннегародніна”, а іх расаду – у Мазырскай сортавыпрабавальнай станцыі.

Сёлетняй вясной на гарадскіх вуліцах высаджана больш  за 180 саджанцаў дрэў. У асноўным гэта ліпа, клён, каштан і бяроза. Хацелася б, каб усе яны не толькі добра прыжыліся, але і не падвяргаліся нападкам малых і дарослых хуліганаў. А на год будучы маем намер высадзіць больш хваёвых насаджэнняў – ядлоўцу і туі.

Асаблівую ўвагу надаем стану газонаў. Для іх рэгулярнага падкошвання маем 8 механічных кос (трымераў). Акрамя таго, вясной закупілі дадатковую колькасць галандскай травяной газоннай сумесі, якую падсяваем на выгарэўшых ўчастках газонаў на гарадскіх вуліцах. Такім чынам ужо падладзілі газоны па вуліцы Савецкай, а на наступны год тут жа плануем поўнасцю замяніць травяны покрыў. Новыя газонныя ўчасткі створаны сёлета і на вуліцы Калгаснай.


А. МАШЭЎСКАЯ,
майстар зялёнага будаўніцтва КЖУП “Хойніцкі камунальнік”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *