Дом, дзе жыве прыгажосць


Калі б у мяне былі маленькія дзеткі, абавязкова аддаў бы іх у дзіцячы сад “Каласок” да выхавальніцы Людмілы Сяргееўны Юкко. Праўда, пасля трох з паловай дзесяткаў год працы на педагагічнай ніве яна выйшла на заслужаны адпачынак, але яе любоў да сваіх маленькіх выхаванцаў, прыродная дабрыня і абвостранае пачуццё прыгожага засталіся такімі ж нязменнымі. Асабліва моцна адчуваеш гэта, пабываўшы ў яе на дзіва ўтульным і гасцінным доме, пакаштаваўшы духмянай травяной гарбаты і пагутарыўшы, як кажуць, за жыццё, з самой гаспадыняй і яе мужам Віктарам Эрнставічам.

Усё на гэтым падвор’і выклікае здзіўленне: аздобленая ажурнымі драўлянымі карункамі альтанка, абкладзеная каменямі-дзікаросамі дэкаратыўная сажалка з жывымі рыбкамі, летні домік, упрыгожаны вышыўкай, макрамэ і карцінамі-мініяцюрамі, на суцэльным доўгім падаконніку якога ўпітваюць цеплыню сонейка пялёсткі руж і самыя розныя лекавыя травы. Але першае, што адразу кідаецца ў вочы, – гэта мора кветак, самых розных колераў і адценняў, вялікіх і маленькіх. Чаго тут толькі няма: велічныя прыгажуні-ружы, сарамлівыя астры і каллы, сціплыя прымулы, самага рознага колеру фіялкі, герані і фуксіі. А яшчэ – бальзаміны, хрызантэмы, коліўсы, сапраўдная паўднёвая пальма і безліч іншых кветак, нават назвы якіх не кожнаму з нас вядомы. З цяжкасцю верыцца, што ўсё гэтае хараство створана і падтрымліваецца ў такім жа квітнеючым і зіхацячым стане рукамі гэтай мініяцюрнай сціплай жанчыны.

– Гэта не зусім так, – заўважае Людміла Сяргееўна, – бо самую вялікую дапамогу мне аказвае муж і ўся мужчынская работа кладзецца на яго плечы. Паглядзіце, колькі стараннасці, працы і майстэрства ў гэтай альтанцы, у той жа сажалцы, летнім доміку і летняй кухні. Не сумнявайцеся, што гэтак жа ўтульна і па-майстэрску зробіць і аддзелае ён і невялікую лазнечку, над якой зараз працуе.

– Ну ты ўжо скажаш, – падымліваючы цыгарэткай, збянтэжана фыркае ў вусы Віктар Эрнставіч, – лепш пра Алесю раскажы…

І сапраўды, бацькі па праву ганарацца сваёй дачкой. Алеся з адзнакай закончыла музычную школу, потым – Мазырскае музвучылішча і Беларускі педагагічны універсітэт імя Максіма Танка. Зараз працуе выкладчыцай у дзіцячай харэаграфічнай школе ў Гомелі. А калі бывае ў Хойніках, то заўсёды разам з 4-гадовай любіміцай усёй сям’і ўнучкай Златай абавязкова дапамагае ў клопатах па гэтаму незвычайнаму дамашняму царству прыгажосці.

Пытаюся ў гаспадыні дома, адкуль у яе такое імкненне да ўсяго прыгожага?

– Напэўна, ад бацькоў, – адказвае Людміла Сяргееўна. – А яшчэ мая былая прафесія таксама стымулюе творчасць, бо выхоўваючы ў дзетках пачуццё прыгожага, нібыта нанава вучышся разам з імі, расцеш і ўдасканальваешся. Ды і калектыў у “Каласку” падабраўся што трэба: палюбуйцеся, якая прыгажосць пануе на яго тэрыторыі і ў яго памяшканнях!     

З цеплынёй успамінае Л.С. Юкко былых загадчыц садка Р.І. Ярмоленка і К.С. Бандарэнка, выхавальніц М.М. Сабадаш, Л.Я. Купрэйчык і А.У. Машэўскую, музычнага кіраўніка І.М. Тузаву, якія і склалі той самы фантаніруючы ідэямі касцяк калектыву, узаемна абагачаючы свой творчы багаж.

…Адцвілі півоні, паступова адыходзяць ружы і лілеі, аднак па-ранейшаму буяюць астры, вяргіні, хрызантэмы, сальвіі і іншыя кветкі позняга лета і восені. І да самых маразоў будзе радаваць вока кветкавае царства на ўчастку дома па завулку Гагарына. Дома, у якім жыве прыгажосць.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *