Замкі на калітках


Работа па добраўпарадкаванню і навядзенню чысціні і парадку на гарадскіх вуліцах і тэрыторыях прыносіць свой плён. Але важна, каб яна праводзілася не ад выпадку да выпадку, а пастаянна і карпатліва. Асабліва гэта датычыць падкошвання травы.  Там, дзе яно праводзіцца рэгулярна, там і тэрыторыя выглядае чыстай і дагледжанай.

Аднак нямала яшчэ ў горадзе месц, дзе, вобразна кажучы, даўно каса гуляла. Напрыклад, Валоцкая МТФ агракамбіната “Віць” яшчэ летась змяніла сваё аблічча да лепшага, аднак усе ўражанні псуе трава па пояс уздоўж дэкаратыўнай агароджы з боку аўтатрасы.

Асаблівай увагі патрабуюць і пустэчы, якіх нямала ў мікрараёне “Юбілейны” і іншых месцах горада. Не абкошаны тэрыторыі насупраць паварота з аўтатрасы Хойнікі-Рэчыца ў бок в. Карчовае, паміж дамамі жылога масіву і ПУП “Палескія сыры”, насупраць нафтабазы (паварот на вул. Лясную), на пад’ездзе да магазіна райпо ў раёне чыгуначнай станцыі, вакол майстэрняў і гаражоў ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”.

Варта адзначыць, што нарэшце наведзены парадак на тэрыторыях, прылягаючых да былога кансервавага завода, якія зараз належаць агракамбінату “Віць”. Праўда, зроблена гэта было толькі пасля таго, як давялося прыняць меры адміністрацыйнага характару ў адносінах да адпаведных пасадавых асоб.

Многае па навядзенню чысціні і парадку ў горадзе зроблена работнікамі КЖУП “Хойніцкі камунальнік”: рэгулярна падкошваюцца газоны і даглядаюцца кветнікі, ліквідаваны шматлікія несанкцыяніраваныя смеццязвалкі ў канцы хойніцкіх вуліц і па-за гаражамі каля цэнтральнай раённай бальніцы. Аднак непакоіць тое, што за тымі ж гаражамі паступова ўзнікаюць новыя сметнікі. У многім рашэнню праблемы паспрыяла б стварэнне гаражнага кааператыву з правамі юрыдычнай асобы. Тады б і заключэнне дагавору на вывазку смецця з гэтага месца пайшло б куды больш шпарка, чым зараз, і вінаватых у засмечванні знайсці было б куды прасцей.

Яшчэ адна праблема – так званы “Шанхай” з хляўчукоў і буданчыкаў за торфабрыкетным заводам. Ніхто не супраць развіцця ўласнай падсобнай гаспадаркі грамадзян, але ж рабіць усё трэба ў адпаведнасці з законам. А так маем тое, што маем – кучы смецця, высачэзныя парканы і замкі на калітках.

10 жніўня, у дзень, калі праводзіўся гэты рэйд, густым дымам была зацягнута аўтатраса насупраць завода ЖБВ. Тут на полі, непадалёку ад вёскі Малішаў, выпальвалі рэшткі іржэўніку, хаця ўжо мільён разоў тлумачылася аб заганнасці і шкоднасці такога спосаба ўборкі саломы. Відаць, даходзіць не да ўсіх…


І. ДУБІНКА,
начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя;
В. НАЗАРАНКА,
карэспандэнт “ХН».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *