Алёнчына радасць


У доме № 20, што па вуліцы Савецкай у вёсцы Дворышча, з ранку кожны быў заняты справай, акрамя малодшанькага Аляксея, якому яшчэ трэба навучыцца  хадзіць і гаварыць, а потым ужо, як і астатнія трое дзяцей, дапамагаць па дамашняй гаспадарцы. Справа ж надзвычай важная: задумалі зрабіць рамонт. Шчыравала, стараючыся не адстаць ад большых і Алёнка. Дзяўчынка яна старанная, і не проста маміна дачушка, а без двух тыдняў – першакласніца. Чакае гэтай падзеі з нецярпеннем.

Крыху збянтэжыліся ўсе, калі нечакана на парозе дома з’явіліся госці – дырэктар ДПТВ-183 В.М. Аніскавец, галоўны бухгалтар гэтай навучальнай установы А.Ф. Карась, тэхнік па абслугоўванню будынкаў і збудаванняў вучылішча П.А. Сушчанка і старшыня Дварышчанскага сельскага выканаўчага камітэта М.В. Блізнец. Прыехалі павіншаваць Алёну Ражкову з прадстаячым падарожжам у вялікую Краіну ведаў. Падарунак прывезлі, вельмі патрэбны школьніцы: прыгожы ранец, у якім сшыткі, алоўкі, ручкі, падручнікі і іншае, што патрэбна для вучобы.

Цёплыя словы сказаў  Валянцін Міхайлавіч Аніскавец  дзяўчынцы, пажадаў вучыцца толькі на “добра” і “выдатна”. А маці, Ірыне Генадзьеўне Ражковай, паведаміў, што старэйшага сына, які сёлета закончыў школу, ёсць магчымасць залічыць у вучылішча на спецыяльнасць станочніка, калі на тое ёсць жаданне Уладзіміра. Добрыя людзі заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу тым, хто асабліва мае патрэбу ў клопатах.


На здымку: В.М. Аніскавец з Алёнай Ражковай.
Фота Уладзіміра СЯМЕНАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *