Найпярвейшыя памочнікі вяскоўцаў

Сельское хозяйство

Вучоныя сцвярджаюць, што першай жывёлінай, якую прыручылі і адамашнілі старажытныя людзі, была сабака. Так гэта альбо не, дакладна не можа сказаць ніхто, як не ведае гэтага і брыгадзір Малішаўскай паляводчай брыгады КСУП «Судкова» А.П. Чарняк. Але ў адным Анатолій Пятровіч перакананы цвёрда і, як кажуць, на ўсе сто: ніводная жывёліна столькі не дапамагае чалавеку ў яго жыцці і працы, колькі выцягваюць на сваіх напрацаваных спінах коні. Яму, выхадцу з простай сялянскай сям’і вёскі Тунеўшчына, факт гэты стаў відавочным яшчэ з дзяцінства, бо ніводная больш-менш значная работа і на ферме, і на полі, і на ўласным падворку ніколі не абыходзілася без гэтых спакойных, сціплых і паслухмяных памочнікаў.

IMG_3473
Большая частка працоўнай біяграфіі А.П. Чарняка прайшла ў сферы сельгасвытворчасці. Гэта не многа і не мала, а роўна чвэрць стагоддзя – з 1989 года працуе ён у цяперашнім сельгаспрадпрыемстве «Суд-кова». І ўвесь гэты час самымі надзейнымі памочнікамі ў рабоце жывёлаводаў і паляводаў былі коні.
– Быў час, калі вараных і буланых вельмі шырока выкарыстоўвалі на ўсіх сельскагаспадарчых работах, – гаворыць Анатолій Пятровіч. – Гэта зразумела: конь – не аўтамабіль і не трактар, але моц і магутнасць яму і не патрэбныя. Адна конская сіла заўсёды пройдзе там, дзе не развернецца машына. Вось і падвозілі на коніках насенне ў час сяўбы на самых аддаленых і маладаступных участках, нарыхтоўвалі піламатэрыялы ў лясных гушчарах, на параконках дастаўлялі сена і салому на фермы, ачышчалі ад камянёў і смецця палі, вывозілі гной з жывёлагадоўчых памяшканняў. А колькі ім, бедным, у вайну давялося перанесці – не менш, чым людзям і на фронце, і ў тыле… Ды і сёння без коней на вёсцы не абысціся, шкада толькі, што колькасць іх у гаспадарках няўхільна скарачаецца…
На гэтых словах мой суразмоўца задуменна змаўкае, а потым працягвае.
– Вось сёння людзі абавязкова пралічваюць эканамічны эфект ад кожнай вытворчай аперацыі, дбаюць і клапоцяцца аб экалогіі. А ўсе гэтыя плюсы таксама могуць забяспечыць коні: і паліва яны не патрабуюць (хопіць сена, кукурузнага сіласу і, як далікатэсу – свежага аўсу) і навакольнае асяроддзе гэты чатырохногі транспарт не забруджвае… Нават людзей, асабліва дзяцей, вылечваюць зносіны з гэтымі жывёлінамі – чулі пра такую конетэрапію?
Не магу не пагадзіцца з такімі пераканаўчымі довадамі, а Анатолій Пятровіч расказвае далей:
– На нашай Малішаўскай ферме сёння ўтрымліваем 12 галоў – 6 дарослых, а дакладней – рабочых коней і столькі ж галоў маладняку. Хаця раней не менш 60 галоў складаў табун толькі на адной нашай ферме. І на сваіх сельгасработах іх выкарыстоўвалі, і людзям давалі, і прадавалі насельніцтву, заўсёды ахвотна куплялі іх, а гаспадарка за кошт гэтага нядрэнны даход мела.
Была і свая кузня, у якой увесь неабходны не толькі для гужавога траспарту інвентар, але і вупраж рабілі. Сёння ж даводзіцца латаць-пералатваць усё гэта, бо не заўсёды і не ўсюды знойдзеш і хамута ладнага, і церассядзёлка, і падпругу добрую…
Свой расказ Анатолій Пятровіч Чарняк заканчвае такімі словамі:
– Люблю я коней. Люблю іх усё жыццё, яшчэ з дзяцінства і вельмі шкада мне, што сёння не выкарыстоўваем мы ў поўнай меры, не цэнім усе магчымасці і выгоды конегадоўлі. Веру, што так будзе не заўсёды, і гэтыя карысныя, разумныя і добрыя жывёліны яшчэ доўгі час будуць дарыць людзям сваю карысць, прыгажосць і дабрыню.
Вось і мне таксама шчыра захацелася, каб нягледзячы на ўсе дасягненні тэхнічнага прагрэсу, так яно і было яшчэ доўгі і доўгі час…

Віктар НАЗАРАНКА.

На здымку: А.П. Чарняк з адным са сваіх гадаванцаў – Каштанам.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *