Вяртанне блуднага бацькі


Нядаўна ў Л.М. Талстога прачытаў: “Большая часть мужчин требуют от своих жён достоинств, которых сами они не стоят…” І мне адразу ўспомнілася гісторыя аднаго сямейнага жыцця, якая адбылася побач, у кватэры на суседняй лесвічнай пляцоўцы.


Суседскі хлопчык Вадзім рос без бацькі – той пайшоў з сям’і са скандалам, звёз мэблю, пакінуў жонку Ларысу і сына Вадзіма без грошай. А перад гэтым яшчэ мы ўсе, суседзі, станавіліся міжвольнымі сведкамі гучных сямейных разборак, біцця посуду…

Ларысе давялося працаваць на дзвюх работах, сын ёй ва ўсім дапамагаў па гаспадарцы. Неяк выжылі. І вось, калі Вадзіму было ўжо за трыццаць (маці ён пахаваў), раптам вярнуўся бацька.

Памятаю, з’явіўся на нашай вуліцы сутулаваты стары Іван Андрэевіч. З’явіўся летам у цёплых чаравіках, якія называюць “бывай, маладосць!” Я яго не адразу пазнаў. І пасяліўся ў сына – у цеснай дзвюхпакаёвай кватэры, а там яшчэ жонка сына Валя і дзіцятка. Мы, суседзі, думалі: ну, пагасцяваць прыехаў, на ўнука Паўліка паглядзець. Аказалася – назусім, таму што яго другая жонка памёрла, а яе дарослыя дзеці з чужым жыць не захацелі – выгналі. Вось Іван Андрэевіч і вярнуўся да пакінутага сына Вадзіма. Ужо не ведаю, як яны ў той двухпакаёўцы жылі, толькі аднойчы чую: старога параліч разбіў. Гляджу: Вадзім увесь пашарэў, ды і жонка яго Валя мучыцца: з сумкамі бясконца і з дзіцяткам. А бацьку ні ў які дом састарэлых не хочуць здаваць, аб гэтым нават думаць не хочуць…

Вось ужо амаль тры гады прайшло такога жыцця, а яны ўсё Івана Андрэевіча даглядаюць. Неяк суседка запытала ў Вадзіма: ці не цяжка ім такога старога даглядаць? І ён адказаў: цяжкавата, але ж ён мой бацька. Суседка: які ён, маўляў, бацька, пакінуў цябе з маці, аліментаў не плаціў? На што Вадзім: гэта ж родная кроў, ён мяне парадзіў на белы свет – і за гэта я павінен быць яму ўдзячны…

Даўно дараваў сын бацьку ягоную здраду. І… правільна зрабіў, хаця, здагадваюся, многія сыны паступілі б інакш. Але, калі даруеш чалавеку, то і сам лепш становішся, і таго, каму даруеш, робіш лепшым… Ды і на нас, суседзяў, гэтая гісторыя асобна ўзятага сямейнага жыцця моцна падзейнічала. Я заўважыў: неяк дабрэй і ўважлівей адзін да аднаго суседзі сталі.


Канстанцін СЦЯПАНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *