Па традыцыі віталі маладых педагогаў

Образование

“Добры дзень, маладыя калегі”, – такімі словамі пачала выступленне на традыцыйнай штогадовай сустрэчы з маладымі спецыялістамі начальнік аддзела адукацыі райвыканкома Л.Ф. Кулакоўская. Яна павіншавала ўноўпрыбыўшых і выказала спадзяванне, што ўсе будуць працаваць старанна.

Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі  С.Ц. Добуш расказала аб ільготах, якія належаць маладым спецыялістам, іх правах і абавязках. Папярэдзіла аб неабходнасці прытрымлівацца правілаў унутранага працоўнага распарадку. “Галоўная задача, – падкрэсліла Святлана Ціханаўна, –  каб вы не толькі адпрацавалі неабходны пасля размеркавання тэрмін, але і заставаліся ў нашых школах і далей, каб стваралі сем’і”.

З парадамі і прывітаннямі выступілі намеснік старшыні райвыканкома В.М. Шаўчэнка, загадчыца метадычнага кабінета аддзела адукацыі Р.Я. Кажамякіна. Расказалі аб сваіх уражаннях на першым месцы працы педагог-арганізатар Глінішчанскага дзіцячага сада-СШ Д.Л. Майстровіч, настаўніца геаграфіі Веляцінскага дзіцячага сада-БШ І.А. Рак, якія засталіся ў адукацыі пасля адпрацоўкі неабходных 2 гадоў, а таксама намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 1 В.А. Шаўчэнка, якая адпрацавала толькі год, а ўжо назначана на гэту пасаду.

Усяго ў гэтым годзе  на працу прыбыло 47 маладых педагогаў. 21 з іх – ураджэнцы нашага раёна, астатнія – з населеных пунктаў Гомельскай вобласці, а таксама са Століна, Бабруйска. Большасць настаўнікаў атрымалі вышэйшую адукацыю: 8 чалавек накіравана на працу з ГДУ імя Ф. Скарыны, 20 – з МДПУ імя І. Шамякіна.

Па прыкладу сваіх родных выбралі прафесію настаўніка  маладыя спецыялісты Т. Валяватая, І. Альпяровіч, У.  Марчанка, М. Атрошчанка, А. Пінчук, І. Данчанка.


Вольга БЕЛАШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *