Радасць на ўсіх


19 жніўня, у дзень вялікага праваслаўнага свята – Яблычнага Спаса – у горадзе Хойнікі адбылася сапраўды знакавая падзея. Наваселле ў камфортным двухпавярховым доме сямейнага тыпу па вуліцы Савецкай справіла прыёмная сям’я электраманцёра раённага вузла электрасувязі Віктара Дзмітрыевіча і санітаркі цэнтральнай раённай бальніцы Алены Генадзьеўны Камарэнкаў, якія выхавалі сына Радзівона, а таксама сталі прыёмнымі бацькамі для чатырох дзяўчынак і аднаго хлопчыка.


Жыллё пабудавана на сродкі ААТ “ААБ “Беларусбанк” па прэзідэнцкай праграме “Дзеці Беларусі”. На ўрачыстаць з нагоды наваселля прыбылі памочнік старшыні праўлення Беларусбанка Галіна Казіміраўна Аверкіна, член праўлення Беларускага саюза жанчын Ларыса Пятроўна Грынько, кіраўнікі Хойніцкага райвыканкома, прадстаўнікі рэспубліканскіх і абласных банкаўскіх структур і грамадскіх аб’яднанняў. Сваіх “калег” прыйшлі павіншаваць прыёмныя сем’і, якія выхоўваюць сацыяльных сірот у нашым раёне.

Дзяўчынка ў нацыянальным касцюме ўручыла гасцям традыцыйныя хлеб-соль, выхаванка прыёмнай сям’і Рабянок Галіна Сямёнава прачытала верш “Дом”, а школьніцы другой гарадской сярэдняй школы выканалі танец “Дзяцінства”.

Разрэзалі стужку каля ўваходу ў дом і ўручылі ключы ад кватэры сям’і Камарэнкаў намеснік старшыні райвыканкома Аляксандр Мікалаевіч Байкоў і член праўлення ААТ “ААБ “Беларусбанк” Рыгор Цімафеевіч Грудніцкі.

Не магла схаваць хвалявання маці Алена Генадзьеўна:

– Мы шчыра ўдзячны Беларусбанку за такі цудоўны падарунак, – сказала яна, запрашаючы гасцей у новы дом, які пабудаваны з разлікам на вялікую сям’ю. – Раней мы ўсе мясціліся ў невялікай хатцы па вуліцы Мележа. Мы з мужам адчуваем сябе вельмі шчаслівымі і спадзяёмся, што з нашай дапамогай дзеці не згубяцца ў гэтым жыцці і стануць на правільны шлях.

За кубкам чаю госці вялі шчырую і задушэўную размову з прыёмнымі маці і іх дзецьмі, фатаграфаваліся на памяць.

…Усялякі раз, калі даводзілася даведацца аб тым, што тая ці іншая сямейная пара афармляе апякунства, усынаўляе дзяцей з інтэрната, маючы пры гэтым сваіх родных дзяцей, варта было задумацца: дзе людзі бяруць сілы, на што спадзяваюцца? Але, як гаворыць народная мудрасць, лепш адзін раз пабачыць. І такая добрая нагода адбылася ў час наваселля сям’і Камарэнкаў. Дастаткова было ўважліва ўглядзецца ў вочы гэтай моцнай, валявой жанчыны, як усё адразу стала на свае месцы. Алена Генадзьеўна адносіцца да таго тыпу людзей, якія прывыклі ва ўсім разлічваць на сябе: на сваю вынослівасць, жыццёвую загартоўку, гаспадарлівасць. Муж і жонка Камарэнкі – працаўнікі, у якіх у руках усё спорыцца, яны паспяхова спраўляюцца з любой пастаўленай задачай, таму што з радасцю бяруцца за працу і не спыняюцца ні перад якімі перашкодамі.

– Безумоўна, быць побач з такой жанчынай, як Алена Генадзьеўна, надзейна, – заўважыў Віктар Дзмітрыевіч. – Хаця, можа быць, і не зусім лёгка: ад сваіх блізкіх яна патрабуе такой жа працавітасці, прыкладам якой з’яўляецца сама.

Першыя дзве прыёмныя дочкі Ірына і  Марына Ерахціны з’явіліся ў гэтай сям’і дзевяць гадоў назад пры сумных абставінах пасля трагічнай смерці іх маці. Муж і жонка Камарэнкі дапамаглі ім справіцца з цяжкай стратай, абагрэлі іх бацькоўскай ласкай. Малодшыя Кірыл, Валерыя і Яна – таксама з адной сям’і з вёскі Езапоў, іх прыкмецілі  ў час наведвання Барысаўшчанскага сацыяльнага прытулку і адразу ж узнікла жаданне папоўніць сваю прыёмную сям’ю.

– Наш старэйшы сын Радзівон жыве ў Мазыры, выбраў спецыяльнасці цырульніка і краўца, – працягвае Віктар Дзмітрыевіч. – Мастацкія здольнасці праяўляе і Валерыя. Ірына хоча служыць у міліцыі, Марына – стаць медыкам.

Мілыя, добрыя дзеці: сціплыя, з радасцю адказваюць на ўсе пытанні, лёгка адзываюцца на дабрыню і ўвагу. Даволі працяглы час дзеці ў прыёмнай сям’і, але і дагэтуль яны да канца не паверылі ў сваё шчасце: мама Лена смачныя стравы гатуе, дзеці заўсёды накормлены і дагледжаны. Тата Віця практычна кожны дзень балуе іх цукеркамі, марожаным. Заўсёды на стале ёсць фрукты і сокі.

Камарэнкі лічаць, што дзеці – гэта дар Божы, што разам з імі ў дом шчасце прыходзіць. Нягледзячы на тое, што згодна з устойлівай грамадскай думкай, дзеці –гэта пастаянныя клопаты, неспакойная і напружаная праца, радасці яны прыносяць значна больш.

І яшчэ ёсць у гэтай мнагадзетнай сям’і мара, што вырастуць, стануць дарослымі дзеці, прывядуць у гэты дом сваіх жонак і мужоў. Размесціцца ўся сям’я за адным вялікім-вялікім сталом, за якім на першым месцы – яны, Алена Генадзьеўна, з мужам. І тады бацькі будуць самыя шчаслівыя на свеце.

Між іншым, у нашым раёне налічваецца 8 прыёмных сем’яў, у якіх выхоўваецца 25 дзяцей. Як паведамілі ў аддзеле адукацыі райвыканкома, у верасні наваселле чакае і прыёмную сям’ю Рабянок: у райцэнтр яна пераедзе з вёскі Казялужжа.


Клаўдзія БОСАК.


Слова гасцям


Л.П. Грынько, член праўлення Беларускага саюза жанчын, кіраўнік прэс-цэнтра ААТ “ААБ “Беларусбанк”:

– Гэты падарунак сям’я Камарэнкаў заслужыла сваім жыццём і сваёй грамадзянскай мужнасцю Я, як жанчына, добра разумею, колькі працы, дабрыні і цеплыні патрабуе выхаванне дзяцей, асабліва прыёмных.
На жаль, у Беларусі існуе праблема сацыяльнага сіроцтва. І добра, што створаны ў нас інстытут прафесійнага бацькоўства ў рамках прэзідэнцкай праграмы “Дзеці Беларусі”.

Р.Ц. Грудніцкі, член праўлення ААТ “ААБ “Беларусбанк”:

– Гэты дом, што пабудаваны банкам для мнагадзетнай сям’і, якая стала роднай для былых сацыяльных сірот, другі па ліку ў Беларусі  (летась першы дом быў падораны прыёмнай сям’і са Шклоўскага раёна). Спадзяюся на прадаўжэнне добрай справы, якую падтрымаюць і іншыя банкаўскія структуры краіны, а таксама буйныя прадпрыемствы. І гэта стане іх важным укладам у вырашэнне праблемы сацыяльнага сіроцтва.

В.М. Кашавенка, намеснік старшыні праўлення абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын:

– Можна толькі парадавацца добрай волі спонсараў, якія падарылі гэтай мнагадзетнай сям’і такі цудоўны дом. У гэтым, бясспрэчна, вялікая заслуга старшыні праўлення ААТ “ААБ Беларусбанк” Надзежды Андрэеўны Ермаковай, здольнага кіраўніка і цудоўнай жанчыны-маці. Сённяшні момант сапраўды хвалюючы і запамінальны. Няхай у гэтым доме  заўсёды будуць сярод бацькоў і дзяцей узаемаразуменне, дружба, падтрымка. Хочацца пажадаць сям’і Камарэнкаў дабра і міру.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *