Дасягнуць поспеху можна толькі разам

Образование

У мінулую суботу ў сярэдняй школе № 3 г. Хойнікі было сонечна ад усмешак, дзьмулі кветкавыя ветры. Фронт добрага настрою вызначаў надвор’е на традыцыйнай жнівеньскай нарадзе педагогаў. На тварах сабраўшыхся з’яўляліся цёплыя кароткачасовыя слязінкі, час ад часу па зале праносілася парывістая бура радасных апладысментаў. Але аб усім па парадку.


Бязмежная колькасць добрых і пяшчотных слоў адрасавана сям’і педагогаў раёна, моцнай талентамі, творчымі ідэямі. Не адвесці вачэй ад іх выставак карцін маляваных, вышываных, з прыроднага матэрыялу, скуры, падзелак з бісеру, паперы, тканіны, саломкі, кампазіцый “Народны кут” з садавіны і агародніны.

Прыемны сюрпрыз ад тых, хто выхоўвае і выхоўваецца ў ЦКРНі Р. Застыўшы ў розных позах, быццам васковыя фігуры, і ажываючы пад музыку, яны змаглі яскрава перадаць адметнасці культуры народаў свету. Шырокі асартымент школьных пісьмовых прыналежнасцей, выпечкі прадставілі работнікі райспажыўтаварыства. Тэматычнае ўбранне калідораў, фае, актавай залы ў імя кожнага настаўніка, у імя звонкага дзяцінства, сімвал-званок, вершаванае прывітанне і абярэгі настаўнікам ад дашкольнікаў – усё гэта стала цудоўным уступным акордам мерапрыемства.

Цеплыню, дабро і мудрасць сімвалізуе свечка. Права яе запаліць і перадаць эстафету ганаровай і адказнай настаўніцкай справы маладым спецыялістам была ўдастоена вопытны педагог В.У. Анісенка. На памяць уноўпрыбыўшым аб знамянальным дні прафесійнага хрышчэння школьнікі ўручылі сувеніры. Галоўнае ў маладых кадраў наперадзе. І важна, каб увянчаліся поспехам пошукі творчага “я”. Як песня ліліся выступленне-наказ ім настаўніцы Казялужскай СШ В.В. Уласенка і ад імя маладых спецыялістаў абяцанне выканаць яго настаўніцы СШ № 3 С.В. Кір’яковай.



Вынікі правядзення ў 2008/2009 навучальным годзе маніторынгу ведаў вучняў устаноў адукацыі раёна наступныя: на першым месцы СШ № 3, за ёй ідуць Казялужская СШ, гімназія, Стралічаўская СШ, СШ № 2, Судкоўская СШ, Глінішчанскі д/с-СШ, СШ № 1 і Віцьеўская СШ.





Адкрыў нараду, у якой прынялі ўдзел кіраўнік раёна А.В. Бічан і начальнік вучэбна-метадычнага аддзела гуманітарных дысцыплін Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Н.В. Салонікава, намеснік старшыні райвыканкома В.М. Шаўчэнка. Віталій Мікалаевіч прадставіў слова начальніку аддзела адукацыі райвыканкома Л.Ф. Кулакоўскай. Згодна з яе дакладам “Сучасная адукацыйная сістэма раёна: стан і перспектывы” мінулы навучальны год прайшоў у напружанай працы. У рамках рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта № 15 “Аб асобных пытаннях агульнай сярэдняй адукацыі” ў сціслыя тэрміны была праведзена работа па пераходу агульнаадукацыйнай школы на 11-гадовы тэрмін навучання. Асноўнай задачай у гэты перыяд было стварэнне для дзяцей роўных умоў у атрыманні якаснай адукацыі незалежна ад таго, у якой школе яны вучацца – сельскай ці гарадской, у штрыхавых класах ці не. Аддзел адукацыі, установы раёна прынялі ўсе меры, каб выканаць пастаўленую задачу.

Адукацыйная сетка раёна – гэта 26 устаноў розных відаў і тыпаў, якія наведваюць больш за 4 тысячы дашкольнікаў і вучняў школ. Сярэдняя напаўняльнасць класаў складала 15 дзяцей (гарадскія ўстановы – 19, сельскія – 11). Сёлета яна амаль не змянілася. Аднак у раёне былі школы, напаўняльнасць у якіх значна ніжэй сярэднераённай: Партызанская СШ – 6, Веляцінскі д/с-БШ – 7, Паселіцкі д/с-СШ – 8 дзяцей. Таму ў канцы мінулага навучальнага года Партызанская СШ была ліквідавана і адбылася рэарганізацыя комплекса Велікаборскі д/с-БШ у Велікаборскі д/с-СШ.

Забяспечаны стопрацэнтны ахоп дзяцей пяцігадовага ўзросту падрыхтоўкай да школы. Укаранёны новыя формы дашкольнай адукацыі: адаптацыйная група кароткачасовага знаходжання (дзетсад №5), сямейная група (Глінішчанскі д/с-СШ). Пашырыліся паслугі для дзяцей з паслабленым здароўем. Функцыяніруюць 11 санаторных груп на базе дзетсада № 5 з ахопам 175 дашкольнікаў. На жаль, аналіз захворваемасці дзяцей паказаў, што яшчэ захоўваецца высокі яе ўзровень і рост колькасці прапушчаных дзён па хваробе, які складае 13,5 дня. У папярэднім годзе – 9. Актуальная гэта тэма асабліва для яслей-садоў №№ 2, 4, 5.

Для развіцця здольнасцей і рэалізацыі творчых магчымасцей дзяцей у дашкольных установах працуюць 29 гурткоў. На аснове запытаў бацькоў адкрыты платныя гурткі рознай накіраванасці з ахопам 108 дзяцей (у 2008 г. – 72).



Адукацыйны працэс у раёне ажыццяўляюць 585 педагогаў, 51% з іх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі (2008 г. – 46). Найбольш высокі адукацыйны склад педработнікаў у СШ № 3, сярод сельскіх устаноў – у Судкоўскай СШ.



Галоўная задача ўстаноў адукацыі як дашкольных, так і агульнаадукацыйных – забеспячэнне якасці адукацыі. Сярэдні бал вучэбных дасягненняў школьнікаў у пачатковым звяне ў мінулым годзе склаў 5,4 бала (2007/2008 г. – 5,5). Найбольш выніковымі ў гэтым звяне з’яўляюцца гімназія, Стралічаўская СШ, Велікаборскі д/с-СШ.

У мінулым навучальным годзе каманда школьнікаў раёна аказалася неканкурэнтаздольнай на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды. Самае лепшае дасягненне – гэта 9-е месца па матэматыцы, якое заняла вучаніца СШ № 3 Лізавета Пабядзінская (настаўнік А.М. Амельчанка). Гэта гаворыць аб тым, што не праводзіцца сістэмная работа з адоранымі вучнямі. Не звяртаецца перавага на пераемнасць у алімпіядным руху. Неабходна, каб кожны настаўнік якасна рыхтаваў вучняў да алімпіяд, пачынаючы з пачатковай школы.

У 2008/2009 навучальным годзе завяршылі вучобу на ўзроўні базавай адукацыі 743 выпускнікі (з іх 384 – 9 класы і 359 – 9* класы) і на ўзроўні сярэдняй агульнаадукацыйнай школы 176 (21 выпускнік – 11 класаў, 155 – 11* класы). Сярэдні бал па раёну складае 6,3 (2008 г. – 5,7). Самы высокі бал па матэматыцы ў СШ № 1 і № 2 – 6,0, па беларускай мове – 7,6 у СШ № 2.

Па выніках уступнай кампаніі 39% (2008 г. – 36%) учарашніх школьнікаў сталі студэнтамі ВНУ. Самы высокі паказчык у гімназіі, СШ № 3, № 2.



На абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” раён прадстаўляла настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ № 3 Т.Л. Жураўская. Яна выйшла ў суперфінал і была ўзнагароджана спецыяльным прызам газеты “Гомельская праўда”.



Асаблівую ролю ў сістэме адукацыі раёна мае гімназія. У ёй забяспечваецца павышаны ўзровень навучання ў спалучэнні з шырокай гуманітарнай і агульнаадукацыйнай падрыхтоўкай. Аднак вынікі мінулага навучальнага года прымушаюць задумацца: ні адзін вучань не закончыў гімназію з адзнакамі 9-10. Да прыкладу, у СШ № 3 – 8, а сярод сельскіх лідзіруючую пазіцыю займаюць Паселіцкі д/с-СШ і Веляцінскі д/с-БШ – 4 і 3 вучні адпаведна.

Таму з 2009/2010 года патрабаванні да гімназіі значна павышаюцца. Усім, і перш за ўсё новаму кіраўніцтву гімназіі, неабходна яшчэ раз правесці глыбокі аналіз работы кожнага настаўніка, ажыццявіць сістэмны падыход да якаснай работы з гімназістамі.

Асноўнымі напрамкамі ў выхаваўчай рабоце былі і застаюцца грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне, фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця, прафілактыка злачыннасці і правапарушэнняў, фарміраванне сістэмы работы ў шосты школьны дзень.

Дзякуючы мэтанакіраванай рабоце педагогаў, класных кіраўнікоў, іх узаемадзеяння з бацькамі, праваахоўнымі органамі за апошні год зменшылася колькасць правапарушэнняў у раёне з удзелам падлеткаў на 25%.

Вынікам актыўнай дзейнасці па далучэнню школьнікаў да фізічнай культуры і спорту стаў рост тых, хто займаецца ў спартыўных гуртках і секцыях – 37% (2007/2008 навучальны год – 30%). Вялікую работу ў гэтым напрамку праводзіць СШ № 3 г. Хойнікі. Па выніках мінулага года вучні школы занялі першае месца ў раённай спартакіядзе школьнікаў. Выхаванцы СДЮШАР у мінулым навучальным годзе заваявалі 5 першых, 8 другіх і 10 трэціх камандных месц у чэмпіянатах, першынствах па цяжкай і лёгкай атлетыцы, дзюдо. У нацыянальную зборную па розных відах спорту залічаны 14 выхаванцаў. У гэтым заслуга трэнераў А.М. Лук’яненкі, А.Л. Шпаруна, М.В. Глушакова. Высокіх вынікаў дасягнула Інеса Палуянава ў ліпені бягучага года на чэмпіянаце Еўропы сярод юніёраў у Швецыі. Яна заваявала бронзавы медаль і ўвайшла ў склад зборнай рэспублікі па цяжкай атлетыцы (трэнер А.Л. Шпарун).

У абмеркаванні дакладаў выступілі дырэктар Судкоўскай СШ Ж.А. Сяргеенка, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 2 А.В. Невядомская, метадыст аддзела адукацыі Г.В. Моўчан.

Старшыня райвыканкома А.В. Бічан павіншаваў армію педагогаў з надыходзячым новым навучальным годам, пажадаў поспехаў, цярплівасці, прызнання, узаемаразумення з вучнямі. Выказаў надзею ў далейшым выніковай бачыць іх работу ў правядзенні прафарыентацыі. Наш раён сельскагаспадарчы, таму пажадана, каб выпускнікі ў большасці сваёй выбіралі ўстановы адукацыі адпаведнай накіраванасці.



УЗНАГАРОДЫ ЛЕПШЫМ З ЛЕПШЫХ


Добрасумленная праца педагогаў не засталася незаўважанай.  Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджана загадчыца ясляў-сада № 5 МІХЕД Любоў Іванаўна.

Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкома ўзнагароджаны: настаўніца пачатковых класаў Віцьеўскай СШ БРОЎКІНА Марыя Іванаўна; намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 2 ТАЛЬЧУК Людміла Юр’еўна.

Ганаровай граматай райвыканкома ўзнагароджана настаўнік-дэфектолаг дзяржаўнай гімназіі г. Хойнікі ЮХНО Наталля Міхайлаўна; настаўніца беларускай мовы і літаратуры Глінішчанскага д/с-СШ МЕЛЕЖ Вера Міхайлаўна, настаўнік музыкі Паселіцкага д/с-СШ МЕЛЬНІКАЎ Канстанцін Сяргеевіч.

Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў узнагароджаны: дырэктар Глінішчанскага д/с-СШ ВАСЯНОВІЧ Галіна Віктараўна; загадчыца раённага метадычнага кабінета аддзела адукацыі райвыканкома КАЖАМЯКІНА Раіса Яўгеньеўна.

Ганаровай граматай аддзела адукацыі райвыканкома ўзнагароджаны: СУЛТАНАВА Валянціна Рузумбаеўна – настаўніца геаграфіі дзяржаўнай гімназіі г. Хойнікі; ГРАЧЫХА Людміла Уладзіміраўна – настаўніца рускай мовы і літаратуры СШ № 2 г. Хойнікі; ЕРМАКОВІЧ Вера Мікалаеўна – намеснік дырэктара па гаспадарчай рабоце СШ № 2 г. Хойнікі; РУБАН Любоў Іванаўна – выхавальніца Глінішчанскага ДС-СШ; КАРАБКОВА Надзежда Адольфаўна – настаўніца рускай мовы і літаратуры Паселіцкага ДС-СШ; УШАК Жанна Юльянаўна – настаўніца пачатковых класаў Казялужскай СШ; НАЗАРАНКА Крысціна Рыгораўна – настаўніца гісторыі Судкоўскай СШ.

За мэтанакіраваную дзейнасць па забяспячэнню якасці адукацыі ў 2009 годзе Падзяка аддзела адукацыі райвыканкома аб’яўлена СШ № 3 г. Хойнікі; за эфектыўную работу па стварэнню ўмоў для ўдасканальвання выхаваўчай работы – Казялужскай СШ.

Лепшым у арганізацыі работы па добраўпарадкаванню ў 2009 годзе прызнаны калектыў Стралічаўскага ясляў-сада. Вялікі ўклад ва ўмацаванне і захаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы адукацыі ўнесла дзяржаўная гімназія г. Хойнікі.



Кветкі і падарункі былі ўручаны ветэранам педагагічнай працы-2009: настаўніцы пачатковых класаў СШ № 3 В.У. Анісенка, настаўніцы французскай мовы СШ № 3 М.В. Драбышэўскай, настаўніцы хіміі і біялогіі гімназіі В.П. Варановіч, сацыяльнаму педагогу СШ № 2 Н.І. Канцавіковай, бібліятэкару СШ № 1 Г.М. Кошмар, настаўніцы рускай мовы і літаратуры Казялужскай СШ В.В. Уласенка, выхавальніцы ясляў-сада № 1 Г.Л. Пазняк, выхавальніцы Судкоўскага ясляў-сада А.Д. Аўдзеенка, трэнеру-выкладчыку СДЮШАР В.Ю. Кудрыцкаму. З прывітальным словам да іх звярнулася старшыня РК прафсаюза работнікаў адукацыі Т.М. Сямёнава. За аказанне практычнай дапамогі ў падрыхтоўцы ўстаноў да новага навучальнага года дзякавалі дырэктарам “Палескіх сыроў” Г.В. Бондар, ААТ “Мазырлес – А.У. Харошка, КСУП імя Мележа – В.М. Каральчуку, эксбаза “Стралічава” – І.А. Каральчук, КСУП “Судкова – А.А. Сцішанку, “Хойніцкага Аграсервіса” – М.П. Прышчэпу.

Пры падрыхтоўцы нарады была праведзена акцыя “Прашу слова”. Відэавіншаванні з пачаткам школьных будняў прымалі прысутныя ад дырэктара КСУП імя Мележа В.М. Каральчука і сям’і Наляговіч з в. Глінішча. З роляй вядучых цудоўна справіліся настаўніца гімназіі І.А. Альпяровіч і вучань СШ № 3 Іван Баляхін. Выдатным завяршэннем мерапрыемства стала святочная канцэртная праграма Гомельскай абласной філармоніі.


Ірына ВАСІЛЬЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *