Каб часовы прытулак не стаў пастаянным

Образование

DSC_0244Самая галоўная задача, якая стаіць перад Хойніцкім сацыяльна-педагагічным цэнтрам, – рэабілітацыя сям’і. Яна вырашаецца тут ужо на працягу 10 гадоў з адкрыццём на базе Барысаўшчанскага дзіцячага сада сацыяльнага прытулку.
Асноўная прычына, калі пражыванне дзіцяці ў сям’і становіцца немагчымым, – гэта алкагалізм бацькоў. Калі ёсць прэцэдэнт, органы апекі або камісія па справах непаўналетніх райвыканкама прымаюць рашэнне аб прызнанні дзіцяці маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне, юрыдычна прысвойваюць яму статус сіраты і змяшчаюць у прытулак на тэрмін шэсць месяцаў. Дзіця працягвае наведваць школу або дзіцячы сад (у нас утрымліваюцца дзеці ад 3 да 18 гадоў), пры неабходнасці заняткі з імі праводзяць профільныя спецыялісты.
За гэты перыяд трэба высветліць, ці могуць бацькі выконваць свае абавязкі, ці здольныя стаць на шлях выпраўлення. Яны праходзяць медагляд, калі неабходна, іх лечаць. І ў абавязковым парадку бацькоў працаўладкоўваюць, таму што яны абавязаны пакрываць знаходжанне дзіцяці ў прытулку.
Бацькі могуць наведваць сваё дзіця пры ўмове, што яны цвярозыя, акуратныя і маюць даведку, што не хварэюць на інфекцыйныя захворванні.
Трапляюць у прытулак і дзеці, якія выхоўваюцца ў няпоўнай сям’і. Напрыклад, маму тэрмінова шпіталізавалі, а дзіця няма з кім пакінуць – тады яно змяшчаецца ў прытулак.
За 6 месяцаў праводзіцца вялікі аб’ём работы: у рэабілітацыі заняты многія службы – і медыцынскія работнікі, і міліцыя. На вялікі жаль, часта бацькі не хочуць нічога рабіць, мы ж насільна не можам аказаць дапамогу чалавеку, які ад яе адмаўляецца, вось чаму ставіцца пытанне аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў. У гэтым выпадку задача нашага цэнтра – пошук замяшчаючай сям’і (апякунскай, прыёмнай) для дзіцяці.
Патэнцыяльным прыёмным бацькам хочам сказаць: нашых дзяцей не трэба баяцца. Часам нам звоняць і пытаюцца, ці не злачынцы яны. Канешне, не – гэта звычайныя нармальныя дзеці, якія вучацца ў школе, у іх ёсць захапленні, сябры, але ім не хапае вашага разумення і падтрымкі.
За год праз наш прытулак праходзіць парадку 40 дзяцей. За шэсць месяцаў сёлета 26 дзяцей вярнуліся ў біялагічныя сем’і, дзе бацькі ўладкаваліся працаваць, навялі парадак у доме або зрабілі рамонт. Але не варта думаць, што на гэтым мы забываем аб такіх сем’ях : на працягу трох месяцаў пасля вяртання дзіцяці з прытулку ўсе органы працягваюць ажыццяўляць кантроль, наколькі сітуацыя ў сям’і стабільная.
2 нашых выхаванцы за першае паўгодзе змешчаны ў прыёмную сям’ю, 5 – у апякунскія сем’і, 1 – вучыцца і выхоўваецца ў прафесійным ліцэі г. Хойнікі.
Да выхаду Дэкрэта №18, у прынцыпе, адбывалася так: бацькам пагражалі, што іх пазбавяць бацькоўскіх правоў, і яны працягвалі жыць як жылі да суда, па рашэнню якога дзіця забіралі і змяшчалі ў інтэрнатную ўстанову. І далей бацькамі ніхто не займаўся: хочаце – наведвайце дзіця, хочаце – аднаўляйцеся ў правах. Згодна ж з Дэкрэтам № 18 даюцца шэсць месяцаў: за гэты час ёсць магчымасць усвядоміць, што можна страціць сваё дзіця і паспрабаваць гэтага пазбегнуць.
На жаль бывае, што бацькі, якія сталі на шлях выпраўлення, зрываюцца і зноў пачынаюць піць. Але нашы бацькі ведаюць: ім даецца ўсяго адзін шанс. Калі адбудзецца паўторнае забіранне дзяцей з сям’і і змяшчэнне ў прытулак, працэса рэабілітацыі не будзе.
Самым вялікім жаданнем кожнага дзіцяці з’яўляецца мара жыць у сям’і. На жаль, ёсць дзеці, у якіх сям’і няма. Яны знаходзяцца ў дамах дзіцяці, дзетдамах, сацыяльных прытулках. Ёсць дзеці, якія часова знаходзяцца ў замяшчаючых сем’ях і якія мараць аб пастаяннай сям’і, сям’і назаўсёды.
Наша ўстанова дапамагае знайсці свой шлях дамоў. Мы хочам, каб усе дзеці жылі ў сем’ях – родных, роднасных, у сем’ях усынавіцеляў.
Запрашаем да супра-цоўніцтва і дабрачыннасці. Мы будзем удзячны, калі вы падорыце нашым дзецям цяпло сваёй душы, любоў ды і проста стан шчасця і дабрабыту.

І. ЯРШОВА,
дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *