Гатуем бабку ў гаршчочках

Смак малой радзімы

Бульбяная бабка – адно з самых папулярных і любімых страў беларускай кухні.

Традыцыйная старажытная беларуская бульбяная бабка ці баба, як яе яшчэ называлі, рыхтавалася ў печы ў гліняным посудзе. Я ўпэўнены, што любы беларус можа назваць не адну страву з бульбы, але пра бабку ўспомняць у першую чаргу.

Дарэчы, такую бульбяную запяканку «прысвоілі» ў сваю нацыянальную кухню розныя народы: яўрэі, украінцы, беларусы, літоўцы, немцы. Кажуць, што хлус і выхваляка барон Мюнхгаўзен таксама спрабаваў такую страву – і называў яго «Кугель». Адным словам, бульбяную бабку ведаюць і ядуць шмат дзе, а рыхтуюць яе па-рознаму: з бульбянога пюрэ, з цёртай бульбы, дадаюць сечанае мяса, грыбы, свіныя вушкі, гародніну, тварог. У цёртую бульбу можна дадаць амаль усё – нават прыдумляць свае рэцэпты.

Праглядзеўшы дзясяткі рэцэптаў, зразумеў, што страва не такая простая, як здаецца на першы погляд. Спосабаў прыгатавання вельмі шмат. Спыніўся на традыцыйным, са свінінай. Гэта мой першы вопыт прыгатавання дадзенай стравы. Пачнем па парадку…

ІНГРЭДЫЕНТЫ:

— 1,5-2 кг бульбы;

— 150-300 г свініны або грудзінкі;

— 1 ст. л. мукі;

— 2-3 цыбуліны;

— сметанковае масла для змазкі гаршчочка;

— па смаку соль і спецыі;

— смятана або вяршкі не менш за 20%.

ПРЫГАТАВАННЕ:

1. Чысцім бульбу, дзяром на дробную тарку разам з адной цыбулінай, дадаем лыжку мукі і соль. Варта адзначыць, дадзены працэс заняў у мяне вялікую частку часу падрыхтоўкі.

2. Свініну і цыбулю дробна нарэзаць. Абсмажваем свініну да залацістага колеру, затым абсмажваем цыбулю і змешваем з бульбяной масай.

3. Змазваем гаршчочак сметанковым маслам, выліваем у яго будучую «бабку». Ставім у разагрэтую да 200 градусаў духоўку на 40-45 хвілін. Перад тым як дастаць гатовую страву, адкрываем накрыўку і пакідаем гаршчочак так яшчэ на 5-10 хвілін, каб атрымалася прыгожая, залацістая скарыначка.

4. Падаваць у талерках, дадаваць смятану па смаку.

Падрыхтаваў Сцяпан МАХНАЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *