Фініш уборачнай: у нас 40 тысячнікаў. І адзін двухтысячнік

Сельское хозяйство

Уборачная-2020 у раёне завяршылася. Жніво бывае розным, але лёгкім ніколі не бывае.

Аграрыі зранку выходзілі ў поле, камбайнамі шпарка малацілі збожжа, раз за разам выціралі пот з ілба, вярталіся дадому цёмначы, загарэлыя, пыльныя, стомленыя. Яны паказалі, якія яны моцныя, мужныя, старанныя, вясёлыя. Мы ганарымся, што на Хойнікшчыне жывуць такія працаўнікі! Дзякуй вам за хлеб! Дзякуй за прыкладзеныя намаганні ў няпростай барацьбе за ўраджай! Віншуем з заканчэннем жніва ўсіх працаўнікоў палёў!

Камбайнер КСУП «Эксбаза «Стралічава» Сяргей Лобан прымае віншаванні ад дырэктара гаспадаркі Уладзіміра Бондара

Дырэктар КСУП «Аравічы» Віталій Локцеў уручае падарунак камбайнеру Сяргею Мастабаю

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ганна Вяргейчык дзякуе вадзіцелю-двухтысячніку КСУП «Аравічы» Аляксандру Сцішанку

Жніво не бывае без каравая, падарункаў, кветак, апладысментаў, яркіх уражанняў. Так, на працягу ўсёй уборачнай кампаніі кіраўніцтва раёна, гаспадарак і райкама прафсаюза работнікаў АПК узнагароджвала тых, хто намалаціў ці перавёз больш 1000 тон збожжа.

Уручалі Дыпломы і грашовыя прэміі, кававаркі, тостэры, музычныя калонкі, брытвы, блэндэры, мікрахвалёўкі, мульціваркі – так ушаноўвалі камбайнераў, вадзіцеляў.

Кожны выезд у поле да хлебаробаў суправаджаўся невялічкім канцэртам артыстаў мастацкай самадзейнасці раёна. Гучалі завадныя песні пад гітару, гармонь. Вельмі гэта душэўна было.

Камбайнер КСУП «Эксбаза «Стралічава» Уладзімір Кавалёў

З музычным падарункам прыехалі самадзейныя артысты Хойнікшчыны

Кветкі для працаўнікоў

У мінулую ўборачную ў нашым раёне было 32 тысячніка. У гэтым годзе іх колькасць павялічылася да 40 (13 экіпажаў і 14 вадзіцеляў) з пяці гаспадарак: «Судкова», «Імя І.П. Мележа», «Аравічы», «Веляцін», «Эксбаза «Стралічава». Есць і адзін вадзіцель-двухтысячнік – Аляксандр Сцішанок (КСУП «Аравічы»). Большасць перадавікоў з КСУП «Судкова» – 11 чалавек (у тым ліку адзін маладзёжны экіпаж). Адзначу, што некаторыя нашы хлебаробы былі задзейнічаны на ўборцы збожжавых у Калінкавічах, куды накіраваліся пасля заканчэння жніва ў гаспадарках нашага раёна.

Ад сябе хачу сказаць вялікі дзякуй за тое, што кожны працаўнік не адмовіў у фотаздымках для «Хойніцкіх навін». Сапраўды, на працягу ўборачнай вы ўпрыгожвалі нашу газету сваімі эмоцыямі, усмешкамі.

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *