Галіна Бондар: «Галоўнае – каб мір быў у кожнай сям’і і ў нашай краіне»

Власть

Мы ехалі са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Галінай Бондар на сустрэчу з насельніцтвам у Глінішча.

Яна замілавана глядзела ў акно аўтамабіля. Любавалася наваколлем, палявымі справамі і вясковымі клопатамі… «Як жа ў нас цудоўна. Вось яна прыгажосць. Але прыгажосць – гэта не толькі нешта візульнае. У жыцці прыгажосць – гэта крыху больш. Прыгажосць учынкаў і рашэнняў, прыгажосць пачуццяў і памкненняў», – раптам вымавіла Галіна Віктараўна.

Адчувалася, што гэтыя думкі ўзніклі ад хвалявання ў душы. Сапраўды складана стрымліваць эмоцыі, калі вакол неспакой. Яе патрыятычны настрой адчуваўся і на працягу ўсёй сустрэчы. Шчыра кажу, не было ніякай агітацыі і «перацягвання каната» поглядаў. Старшыня раённага Савета дэпутатаў проста гаварыла аб тым, што ўсе мы розныя, але мы адзіныя ў сваёй краіне. І мы павінны паважаць і чуць адзін аднаго. З уласцівай ёй адкрытай манерай дыялогу, яна выказвалася наконт таго, што ёй важна чуць кожнага, кожны голас і кожнае меркаванне. Выступ Галіны Віктараўны быў душэўны і датычыўся розных галін і пытанняў.

Яна расказала аб водгуках хайнічан, якія жывуць у іншых гарадах, вёсках і праз гады прыязджаюць пабываць на малой радзіме. Яны дзякуюць землякам за чысціню і добраўпарадкаванне роднай зямлі, захапляюцца тым, чаго нам удалося дасягнуць, многія нават па-добраму зайздросцяць.

Акрамя таго, Галіна Віктараўна з гонарам расказвала аб тым, як яе радуюць новабудоўлі ў нашым горадзе і раёне, якія «растуць» на вачах. Пры чым, як шматпавярховае жыллё, так і прыватныя дамы. Яна гаварыла аб дасягненнях нашых індывідуальных прадпрымальнікаў: да прыкладу, як ТАА «СпецСлавія» шыла аптэчкі для аўтамабіляў Volkswagen і пастаўляла іх у Германію, а прыватнік А. Кзікян набыў сталовую ў аграгарадку Судкова і дасць будынку новае жыццё.

Галіна Бондар агучыла інфармацыю аб даходнай і расходнай частках раённага бюджэту, а таксама паведаміла, куды накіроўваюцца грашовыя сродкі, прадугледжаныя чарнобыльскай праграмай. На самой справе тэм уздымалася шмат: рамонт бальніцы, поспехі завода жалезабетонных вырабаў і пастаўкі малочнай сыроваткі з ПВУ ААТ «Мілкавіта» ў Кітай (якія, дарэчы, не прыпыняліся нават падчас пандэміі). Гаварылі і аб пенсіях, зарплатах і банкаўскіх укладах. Да слова, вы ведалі, што наш раён па ўкладах займае другое месца ў вобласці?

Размова атрымалася жывой і шматграннай, абмяркоўваліся, як сур’ёзныя, так і жыццёвыя пытанні. Вяскоўцы цікавіліся, калі пачнецца будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў аграгарадку, а таксама звярнуліся з пытаннямі наконт спілавання дрэва каля дома і афармлення спадчыны. Звярнуўшымся былі дадзены тлумачэнні.

Пасля сустрэча наогул змяніла фармат на неафіцыйны і пашла гаворка пра справы вясковыя. Пра тое, як цяпер глінішчукам зручна жыць з газам, якую садавіну і агародніну яны закатваюць, узгадвалі мінулае, падкрэсліваючы, як важна ўсё рабіць талакой.

Заканчваючы сустрэчу, Галіна Віктараўна сказала: «Нядаўна мы адзначалі 75-годдзе Вялікай Перамогі, мы ведаем, якой цаной дастаўся нашаму народу мір. І я вельмі хачу, каб мір быў у кожнай сям’і і ў нашай краіне. Беражыце сябе і сваіх блізкіх!».

Наталля РЭВЯКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *