Заціхае вёска

Вёсачка мая

IMG_1358Яшчэ некалькі гадоў назад тут віравала жыццё… Гэта была маленькая, але такая прыгожая вёсачка, з гасціннымі жыхарамі, дружнымі, як адна сям’я. Дзеці гучным смехам залівалі яе вуліцы, іх працавітыя бацькі вялі гаспадарку.

Яна мела нейкі дужа мілы, задумлівы і паэтычны каларыт, дзякуючы прысадам вялікіх дрэў абапал дарогі, векавым ліпам і прыгажуням-яблыням на сядзібах. Шмат зеляніны, шмат неба над галавой. З двух бакоў цягнуліся радкі акуратных цагляных і драўляных хацінак – іх было 35, аздобленых прыгожымі рознакаляровымі налічнікамі. Перад дамамі раслі цудоўныя кветнікі, якія ад пачатку вясны і да позняй восені радавалі вока гаспадароў і прахожых. Чуўся вясёлы птушыны шчэбет, раніцай будзілі зару пеўні. Ммм…А стравы, прыгатаваныя ў печы? Што можа быць смачней?
одеждаЯк надыходзіла змярканне, з розных двароў чуліся падлеткавыя галасы: «Пайшлі на вёску!» Збіраліся разам, каб пасядзець, паразмаўляць ды пажартаваць. Хадзілі на танцы ў мясцовы клуб, часам у ім круцілі яшчэ і кіно. Моладзі хапала: і вясковых юнакоў, і дзяўчатак з горада, якія прыязджалі да бабуль, дзядуль на лета.
ВиноградІ вось настаў час, прыціхлі хаты, замерлі, быццам у сне. Слабодка схавалася за высокія дрэвы, смуткуе і чакае… Але да яе мала хто прыходзіць, праведваюць адзінокую толькі на Радуніцу. Ездзяць аўталаўка і пошта на колах, але гэта іншае.
Вандроўка ў Загальскую Слабаду для мяне, шчыра кажучы, асаблівая, бо тут жыла мая бабуля. Хаця я і бывала ў вёсцы не часта, але душа ад шкадавання разрывалася на часткі, калі ў гэты раз ішла по такой блізкай сэрцу дарозе. У галаве ўсплывалі розныя ўспаміны: вось тут жыла баба Вольга, здаецца, быццам учора яна частавала мяне салодкім вінаградам. А там вось пустымі мёртвымі вачніцамі глядзяць вокны клуба. Далей была ферма, цяпер яе здаюць у арэнду прыватнікам. Памятаю з маміных расказаў, што ў першай хаце быў магазін. Была ў вёсцы пачатковая школа, а ў старэйшыя класы хадзілі пешшу ў Гноеў (цяпер Віць). Ішлі дружнай талакою, зразаючы шлях праз поле. Асабліва цяжка даводзілася школьнікам узімку, калі дарогі перамятала і стаяў моцны мароз.
тётяСёння ў Загальскай Слабадзе застаўся толькі адзін карэнны жыхар – гэта Віктар Сцяпанавіч Салянка. На жаль, пагутарыць з ім не давялося, затое пазнаёмілася з яго жонкай Ганнай Адамаўнай Дземчанка (на здымку). Яна сама родам з Віці, доўгі час жыла ў Гомелі, але так склаўся лёс, што вымушана была вярнуцца на Хойнікшчыну, каб даглядаць старэйшую сястру. У Слабадзе Ганна жыве ўжо пятнаццаць гадоў, на яе вачах вёска сірацела. Шкада вельмі, але гісторыю ўжо не выправіць.
Віктар Сцяпанавіч дваццаць гадоў адпрацаваў на ферме брыгадзірам. Быў сапраўдным прафесіяналам сваёй справы, яго вельмі паважалі ў вёсцы. Усё жыццё захапляецца пчалярствам. А вось Ганна Адамаўна любіць кветкі: якія ж у яе цудоўныя астры! Яшчэ мне спадабалася начная прыгажуня, якая распускаецца толькі па вечарах.
ЯблокиСям’я трымае свіней, качак і курэй, даглядаюць агарод. Па вечарах глядзяць тэлевізар. Пры неабходнасці ездзяць у горад, для гэтага трэба выйсці на трасу – адлегласць да яе дзесьці кіламетр, а там аўтобусы ходзяць часта.
Акрамя гэтай, у Загальскай Слабадзе жывуць яшчэ дзве сям’і, яны займаюцца фермерскай гаспадаркай, вырошчваюць свіней і кароў. Такім чынам, у вёсцы засталіся толькі тры хаты.
збан…Улетку песні спявалі пад музыку гарманіста. Узімку на печы чакалі матуліных духмяных бліноў. Ужо не вернеш тыя імгненні. Яны захаваюцца толькі ў памяці тых, для каго Загальская Слабодка назаўсёды застанецца самай роднай у свеце.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *