Зусім не дзіцячыя праблемы


DSC_006320 жніўня інфармацыйна-прапагандысцкая група раённага Савета дэпутатаў, якую ўзначальвае старшыня райсавета дэпутатаў Г.В. Бондар, правяла чарговую сустрэчу з насельніцтвам вёскі Дубровіца. У саставе групы былі кіраўнікі аддзелаў і служб райвыканкама, дэпутаты раённага Савета дэпутатаў, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна. Абмяркоўваўся ход выканання Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21.11.2006 г. № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях».
Галіна Віктараўна адзначыла, што эфектыўнасць прафілактыкі сацыяльнай неспрыяльнасці залежыць ад паўнаты аддачы кожнага асобнага работніка кожнай службы, якія адказныя за ахову дзяцінства. Фармальнасць у гэтай справе абарочваецца паламанымі дзіцячымі лёсамі. Працаваць трэба не проста згодна са службовай інструкцыяй, а з душой, адкрытым сэрцам, суперажываючы за непаўналетніх, абдзеленых бацькоўскай увагай.
Перш чым пачаўся дыялог, перад жыхарамі выступілі галоўны ўрач ЦРБ А.І. Федзянько, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Н.А. Слесарэнка, начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама А.А. Маліноўскі. Інспектар ГПіА РАНС А.А. Чэкан прадэманстраваў прысутным відэафільм на тэму пажарнай бяспекі, расказаў пра надзвычайныя сітуацыі, у якіх пацярпелі дзеці, нагадаў бацькам аб неабходнасці строгага кантролю за гульнямі дзяцей, аб неабходнасці ўстаноўкі ў дамах аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.
Намеснік старшыні праўлення райпо Т.П. Саханькова паведаміла аб акцыях па зніжэнню цэн на тавары ў гандлёвых кропках горада і раёна. Ад начальніка ААПП РАУС А.В. Лобана прысутныя даведаліся аб прымаемых мерах па прафілактыцы супрацьпраўных паводзін, аб крымінагеннай абстаноўцы ў раёне, наступствах ужывання наркатычных сродкаў тыпу спайс. Алег Віктаравіч прадэманстраваў фота самагоншчыкаў раёна, некаторыя пазналі сябе на іх, з-за сораму нават з залы выходзілі.
Членам ІПГ жыхары Дубровіцы паскардзіліся на нездавальняючы стан дарог у іх вёсцы, недахопы ў рабоце аўталаўкі, якая прыязджае не ў адпаведнасці з графікам работы і з недастатковым наборам прадуктаў харчавання.
Пакрытыкавалі вяскоўцы і графік работы пошты на колах. Не хапае ім паўгадзіны для аплаты ўсіх неабходных плацяжоў. У райцэнтр прыгарадны аўтобус не ходзіць, а ў маршрутным таксі, якое курсіруе па Рэчыцкай трасе, месцаў практычна ніколі няма.
Больш за тры гадзіны працягвалася сустрэча інфармацыйна-прапагандысцкай групы з насельніцтвам Дубровіцы. Амаль на ўсе пытанні людзі атрымалі адказы адразу, некаторыя будуць вывучаны і, вядома ж, без увагі не застануцца.
Завяршылася мерапрыемства цудоўным канцэртам маладога саставу самадзейных артыстаў раённага Дома культуры.

Тэкст і фота Алены СМУСЯНОК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *