А ты запісаўся ў спартыўную секцыю?

Спорт

DSC_0002З першага верасня расчыняць свае дзверы не толькі агульнаадукацыйныя школы, але і спартыўныя секцыі СДЮШАР г. Хойнікі. Зараз трэнеры па дзюдо, лёгкай і цяжкай атлетыцы праводзяць набор хлопчыкаў і дзяўчынак. Дзе можна пасябраваць са штангай, а дзе прымераць кімано – давайце разбірацца разам.

Калі вам да спадобы цяжкая атлетыка, то на выбар тры залы. Адна з іх, спецыялізаваная, знаходзіцца па вул. Першамайскай, 48 (у прыбудове да СШ № 3). Тут з рабятамі займаецца трэнер Андрэй Шпарун. Другая зала – на базе гімназіі г. Хойнікі, у ёй заняткі па цяжкай атлетыцы праводзіць Віктар Саракалетаў. А ў Казялужах, у будынку былога дзіцячага сада, дзяцей трэніруе Максім Глушакоў. Час работы секцый у буднія дні з 14.00 да 19.00, у суботу з 10.00 да 14.00.
Калі ж вы аддаеце перавагу хуткасці і выбіраеце лёгкую атлетыку, то ў СШ № 3 вас чакаюць трэнеры Сяргей Антоненка і Аляксандр Дземідзенка, у СШ № 2 – Дзмітрый Барысенка і ў першай гарадской школе – Віктар Момат і Генадзій Панцюх. Заняткі ў бегуноў будуць праводзіцца па групах з 14.00 да 18.30.
Ну і, нарэшце, дзюдо і самба. Тут два варыянты. Першы – зала барацьбы працуе па вуліцы Лермантава, 1, рыхтуе будучых чэмпіёнаў трэнер Алег Лук’яненка. Час работы секцыі ў дзюдаістаў з 14.00 да 20.00. Другі варыянт – зала ў гімназіі, дзе заняткі з 14.00 да 18.30 праводзіць Шырхан Мусаеў.

Паважаныя бацькі, калі вы жадаеце, каб вашы дзеці раслі дужымі і здаровымі, з самых юных гадоў вучыліся цярпенню, настойлівасці і мужнасці – прыводзьце іх у секцыі СДЮШАР г. Хойнікі ў адпаведнасці з іх спартыўнымі інтарэсамі. І хто ведае, магчыма, з іх вырасце новая спартыўная «зорка».
Заняткі фізічнай культурай і спортам – не толькі сродак фізічнай загартоўкі падрастаючага пакалення. Яны абмяжоўваюць дзяцей ад дрэннага ўплыву вуліцы, выдатна дапамагаюць і ў станаўленні характару.
Дарэчы, са сцен СДЮШАР выйшла нямала спартсменаў, якія праслаўляюць хойніцкую зямлю на рэспубліканскай і міжнароднай арэнах. Нагадаем некалькі імён: свой шлях у вялікі спорт пад кіраўніцтвам трэнераў хойніцкай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву пачыналі Сяргей Кухарэнка – прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы па барацьбе дзюдо і самба, удзельнік Алімпіяд у Сіднеі і Афінах, Алег Лобан – неаднаразовы пераможца чэмпіянатаў Еўропы і свету па цяжкай атлетыцы, Хрысціна Ярац – сёлетні сярэбраны прызёр першынства Еўропы па дзюдо і самба ў Іспаніі.
Наогул, за час свайго існавання СДЮШАР перадала шмат таленавітых атлетаў у вышэйшае звяно для далейшага ўдасканальвання спартыўнага майстэрства, падрыхтавала 4 майстры спорту міжнароднага класа, 52 майстры спорту СССР і Рэспублікі Беларусь, 120 кандыдатаў у майстры спорту.

 

МорозМікалай Мароз:
– Разам з сябрамі я прыйшоў у секцыю па дзюдо і самба 9 гадоў назад, калі яшчэ быў вучнем гімназіі г. Хойнікі. Потым паступіў у Гомельскі ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі, але сувязь са спортам не парываў, займаўся ў абласным цэнтры, а калі прыязджаў дамоў, абавязкова наведваў залу барацьбы, што ў будынку ЖЭУ. Дарэчы, у нас выдатны трэнер – Алег Маратавіч Лук’яненка. Зараз ужо працую ў Хойніках і вольны час прысвячаю трэніроўкам, гэта намнога карысней, чым, напрыклад, сядзенне за камп’ютарам. Заняткі ж спортам выхоўваюць не толькі цела, але і душу.
ШубенокАнтон Шубянок:
– У секцыю па цяжкай атлетыцы прыйшоў калі мне было 9 гадоў, хаця, дакладней, мяне сюды прывёў тата. Першыя ўзнятыя кілаграмы, паездкі і перамогі. Мяне так захапіў гэты від спорту, што я вырашыў звязаць з ім далейшае жыццё. Сёлета закончыў школу алімпійскага рэзерву ў горадзе Наваполацку, атрымаўшы сярэднюю спецыяльную адукацыю. Буду працаваць трэнерам. Зараз спорт для мяне значна больш, чым проста лад жыцця, ён дапамог убачыць розныя гарады, паверыць ва ўласныя сілы. І я ўдзячны за гэта свайму трэнеру Андрэю Леанідавічу Шпаруну, які заўсёды падтрымліваў і верыў у мяне.

ЛобанАлег Лобан:
– Хойніцкая СДЮШАР – мой першы крок у свет спорту. Прыйшоў у секцыю па цяжкай атлетыцы ў сярэдзіне 90-х гадоў і звязаў жыццё са штангай назаўсёды. Дарэчы, гэта быў перыяд, калі ў многіх юнакоў кумірам з’яўляўся Арнольд Шварцэнегер, усе марылі быць такімі ж моцнымі. І сёння быць фізічна развітым, здаровым – прыгожа і модна. Таму запісвайцеся ў спартыўную школу, тут настаўнікі змогуць заўважыць і раскрыць вашы здольнасці і таленты. Магчыма, спорт стане сэнсам вашага жыцця. Вялікае ж заўсёды пачынаецца з чагосьці меншага.

Падрыхтавала Наталля ЧЭКАН.



1 комментарий по теме “А ты запісаўся ў спартыўную секцыю?

  1. Молодцы тренеры. Если бы корреспондент обратил внимание районных властей на состояние зала дзюдо по Лермонтова 1 цены статье бы небыло. Во время СССР был зал борьбы с большой буквы, а сейчас клоповник где мучаются и дети и героический тренер Лукьяненко.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *