Да 20-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана Кіламетры рызыкі і мужнасці


Да восені 1980 года жыццё Васілія Іаганэсавіча Ліберта нічым не адрознівалася ад жыцця многіх яго равеснікаў. Нарадзіўся ў Хойніках, закончыў сярэднюю школу № 1, потым пайшоў працаваць на аўтарамонтны завод. А 10 лістапада ён быў прызваны на службу ў рады Савецкай Арміі. І служыць бы яму спакойна і ўтульна дзе-небудзь у сярэдняй паласе Расіі або цёплай Украіне, аднак у пачатку 1980 года ўвайшло ў жыццё СССР грознае слова “Афганістан”.

Увод савецкіх войск у гэтую краіну крута змяніў лёсы многіх прызыўнікоў таго часу.
Вось і В.І. Ліберт спачатку трапіў у сталіцу Туркменістана – Ашхабад, дзе прайшоў паўгадавое навучанне ў вучэбнай часці аўтамабільных войск, якая рыхтавала маладых, неабстраляных байцоў да службы ў Афганістане. У маі наступнага года сержант Ліберт прыбыў у афганскі горад Палі-Хумры, дзе размяшчалася аўтамабільная брыгада – адна з самых буйных у складзе абмежаванага кантынгенту савецкіх войск. Яе баявой задачай была транспарціроўка паліва для ўсіх авіяцыйных і верталётных палкоў, дыслацыраваных на тэрыторыі Афганістана. Справа ў тым, што прамы трубны палівапровад з тэрыторыі СССР быў пракладзены толькі да Палі-Хумры, далей жа авіяцыйнае паліва дастаўлялася толькі аўтацыстэрнамі.




– Толькі там, у Афгане, я спазнаў цану сапраўднай дружбы, прамых і адкрытых адносін паміж людзьмі.



– Мой КамАЗ, – расказвае В.І. Ліберт, – быў абсталяваны цыстэрнай ёмістасцю 8800 літраў. А ў дадатак да гэтага, чаплялі яшчэ і прычэп на 8 тысяч літраў. Такімі спецыяльнымі калонамі з 50-60 машын давялося праехаць ва ўсіх напрамках амаль увесь Афганістан: ад бліжэйшага аэрадрома ў Баграме і да самага далёкага – у Джэлалабадзе, які стаяў на адной з самых далёкіх ад СССР геаграфічных кропак.
Васілій Іаганэсавіч расказвае спакойна і нетаропка, не згушчаючы фарбы і не падкрэсліваючы сваіх заслуг. Аднак, уявіце сабе, што гэта такое – суткамі рухацца на КамАЗе з 16 тысячамі тон паліва па дарогах і цяснінах, якія пагражалі пастаяннымі абстрэламі з боку маджахедаў. На бытавыя нязручнасці (гадзіны за рулём, з харчавання – амаль заўсёды толькі чай і сухі паёк) ніхто не звяртаў асаблівай увагі – прызвычаіліся. Самым жа небяспечным было прамое пападанне з гранатамётаў і буйнакаліберных кулямётаў у ёмістасць з палівам, якая пры гэтым ператваралася ў вогненны факел. Нездарма вадзіцеляў аўтацыстэрн у Афгане называлі “факельшчыкамі” або “жывымі факеламі”. Ды і аўтаматныя і кулямётныя абстрэлы таксама таілі небяспеку і, хаця калону суправаджалі БТРы і танкі, часцяком даводзілася выклікаць дадатковыя сілы з бліжэйшых гарнізонаў.

У час аднаго з такіх абстрэлаў летам 1981 года быў паранены і В.І. Ліберт.

– Цяжкі быў рэйс, – успамінае ён.– Аднак груз даставілі па прызначэнню, а значыць, задачу выканалі.

І толькі потым даведаўся наш зямляк, што за гэты бой ён быў узнагароджаны баявым медалём “За адвагу” – узнагародай, якая карыстаецца асаблівай павагай і ў былых салдат Вялікай Айчыннай вайны.


На радзіму В.І. Ліберт вярнуўся толькі ў студзені 1983 года. Аднак падзеі той вайны не адпускалі душу, а мірнае жыццё здавалася нейкім прэсным, забюракратызаваным паперкамі, а таму і нецікавым.

Таму не вытрымаў, пайшоў у райваенкамат і папрасіўся назад у Афганістан. Не ўзялі, сказалі: ты сваю задачу ўжо выканаў. А шкада…

Шоў час, паступова ўваходзіла ў звыклую каляіну і пасляафганскае жыццё дэмабілізаванага салдата. Ажаніўся ў 1987 годзе, уладкаваўся на звыклую для шафёрскіх рук работу. Спачатку працаваў у аўтапарку      № 14 вадзіцелем гарадскога аўтобуса, а з 1992 года Васілій Іаганэсавіч па-ранейшаму займаецца ўсё той жа шафёрскай справай у КЖУП “Хойніцкі камунальнік”. Разам з жонкай Святланай Васільеўнай выхавалі дваіх дзяцей. Старэйшая дачка Ірына зараз вучыцца ў Мінскім камерцыйным інстытуце “Элема”, а 15-гадовы сын Анатолій – у Хойніцкай дзяржаўнай гімназіі.

Здавалася б, звычайнае жыццё, звычайная сям’я. Аднак часта, застаючыся сам-насам, узгадвае Васілій Іаганэсавіч падзеі пачатку 80-х гадоў. Успамінае загінуўшых аднапалчан, небяспечныя і поўныя рызыкі кіламетры, пераадоленыя ім па горных афганскіх дарогах. Гэтыя ўспаміны заўсёды будуць займаць асаблівае месца ў яго сэрцы.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *