Сэрца аддаваць дзецям

Образование

DSC_0292У прайшоўшую сераду ў цэнтры культуры г. Хойнікі адбылася традыцыйная нарада педагогаў Хойнікшчыны. Удзел у ёй прынялі прарэктар па вучэбна-метадычнай рабоце Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі В.А. Блажко, старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар, намеснік старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўская, начальнік РАУС В.А. Котчанка.

У фае цэнтра культуры прыемна здзівіла навізной выстаўка творчых работ дзяцей – калекцыю экстравагантнага адзення, вырабленага з асенняй сельгаспрадукцыі, цудоўна прадставілі мадэлі-школьніцы.
DSC_0224Сур’ёзная, дзелавая атмасфера непарыўна знітавалася з урачыстасцю, узнёсласцю на працягу некальніх гадзін мерапрыемства. Глыбокі аналіз пры падвядзенні вынікаў работы за мінулы навучальны год у сваім выступленні зрабіла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Л.Ф. Кулакоўская. Зыходзячы з яго былі азначаны задачы на новы 2014-2015 навучальны год. Арыенціры для ўсіх аднолькавыя – трывалыя веды, раскрыццё творчага патэнцыялу, культура здароўя дзяцей. Пры гэтым калектывам устаноў адукацыі трэба раўняцца на лепшых – сярод дашкольных устаноў гэта цэнтр развіцця дзіцяці, дзіцячы сад № 4, Казялужскі і Веляцінскі яслі-сады, сярод устаноў сярэдняй адукацыі па выніках сёлетняга паступлення выпускнікоў раёна ў ВНУ – СШ № 3, Казялужская і Віцьеўская СШ.
DSC_0128У цэлым зрухі ў павышэнні якасці навучання намеціліся ў раёне, але яшчэ рэзерв у гэтым маецца. Так, сярэдні бал паспяховасці вучняў раёна склаў у мінулым навучальным годзе 6,8 (у 2012-2013 навучальным годзе ён быў 6,5). На цэнтралізаваным тэсціраванні пры сярэднеабласным паказчыку 43,5 вучні раёна атрымалі ў сярэднім 36,6 бала (у 2012-2013 навучальным годзе – 32,7). Самыя высокія вынікі на тэсціраванні паказалі выпускніцы СШ № 3 Елізавета Пабядзінская (руская мова – 90 балаў, гісторыя Беларусі – 87), Таццяна Кісель (беларуская мова – 86 балаў) і выпускніца гімназіі Анастасія Кабанькова (біялогія – 90 балаў). Паступілі ў ВНУ летась 42% выпускнікоў раёна, а сёлета крыху менш – 41%.
Не давялося чырванець за вынікі сваёй працы настаўнікам фізвыхавання, трэнерам – адным словам, яны на вышыні, хайнічане славяць Беларусь у свеце. Так трымаць і далей.

Гасцінна, з вялікім клопатам прымалі ў сям’ю педагогаў раёна 24 маладых спецыялістаў. Цяпер іх 563, а сэрца яны будуць аддаваць 2 685 дзецям. Дзякавала ад імя маладых спецыялістаў настаўніца англійскай мовы СШ № 3 В.Ю. Марчанка. Вопытам работы падзялілася намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Паселіцкай СШ Н.І. Пяшкун.
Кранальна, да слёз радасці ўшаноўвалі ветэранаў педагагічнай працы, – Н.А. Дубавец, В.А. Родзіна, В.М. Мележ, Я.М. Валенчыца, У.Д. Бяспалага, Р.А. Латфуліна, М.У. Цяцерын, А.А. Вайтовіч. Асобны памятны падарунак – фігурку савы – у гонар накопленых ведаў, вопыту, шчырай падзякі за працу Л.Ф. Кулакоўская ўручыла настаўніцы хіміі і біялогіі гімназіі г. Хойнікі В.П. Варановіч.

DSC_0336Свае віншаванні дасылалі са сцэны госці, яны ўручылі лепшым з лепшых граматы, падзякі, падарункі. Таксама ў адрас прысутных у зале гучалі віртуальныя пажаданні з нагоды Дня ведаў ад прыёмнай сям’і Камарэнка, выпускніцы гімназіі Анастасіі Кабаньковай, якая сёлета паступіла на біялагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта.
Радавалі выступленнямі тыя, хто толькі становіцца на дарогу ведаў. Шмат апладысментаў падарылі і эстрадна-сімфанічнаму аркестру Гомельскай абласной філармоніі і яго салістам.
Нарада завяршылася, на парозе – новы навучальны год. Няхай і для тых, хто вучыць, і для тых, хто вучыцца, ён будзе паспяховым, здароўя, аптымізму, удачы ўсім і здзяйснення ўсяго задуманага.

Ірына ЛУКАШЭНКА.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *