Ачаг культуры… без святла


На базе Паселіцкага сельскага Савета прайшоў раённы семінар, у якім прынялі ўдзел старшыні сельскіх Саветаў, работнікі аддзелаў райвыканкома, кіраўнікі арганізацый і ўстаноў, размешчаных на тэрыторыі Савета, яго дэпутаты і прадстаўнікі органаў тэрытарыяльнага самакіравання. Тэмай мерапрыемства стала арганізацыя работы Паселіцкага Савета і сельвыканкома па навядзенню парадку на зямлі, добраўпарадкаванню населеных пунктаў і прафілактыцы негатыўных з’яў на тэрыторыі Савета.

Удзельнікі семінара пабывалі на аб’ектах вытворчай і сацыяльнай сферы, а таксама ў вёсках Лісцвін і Мархлеўск. Прыемныя ўражанні пакінула наведванне фельчарска-акушэрскага пункта і лясніцтва, тэрыторыя якіх радуе мноствам кветак і зялёных насаджэнняў, дагледжанымі выглядаюць магазіны ў Паселічах і Лісцвіне, Паселіцкі СДК. Добра папрацавалі педагогі, бацькі і школьнікі Веляцінскай базавай і Паселіцкай сярэдняй школ па падрыхтоўцы да пачатку новага навучальнага года.

Адзіная заўвага і пажаданне на будучае – адсутнасць на ўсіх гэтых аб’ектах архітэктуры малых форм, якая намнога ажыўляе і вытворчыя тэрыторыі, і тэрыторыі аб’ектаў сацыяльнага прызначэння. Не верыцца, што ў вёсках Паселіцкага Савета няма здольных рэзчыкаў па дрэву або людзей, здольных увасобіць сваю фантазію ў архітэктурныя фігуркі з іншых матэрыялаў.

На пленарным пасяджэнні слушным было выступленне ўпаўнаважанай вёскі Звяняцкае Ніны Ульянаўны Алейнік. Чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі, яна прымае самы непасрэдны ўдзел у грамадскім жыцці вёскі. А ў ім накапілася нямала нявырашаных пытанняў.

Напрыклад, вось ужо цэлы год стаіць адключаным ад крыніц электрычнасці будынак Звеняцкоўскага сельскага клуба, у якім размешчана яшчэ і вясковая бібліятэка. Людзі займаюцца мастацкай самадзейнасцю нават і ў такіх умовах, але ж колькі так будзе працягвацца?

Ніяк не вырашыцца пытанне з рамонтам водаправодных калонак у Звяняцкім, практычна адсутнічае агароджа на мясцовым ФАПе – вось няпоўны пералік пытанняў, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння.

Вынікі работы семінара падвяла старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.М. Рабінкіна. Наступнае мерапрыемства такога плана намечана на 5 верасня. Семінар на тэму “Сучасныя формы і метады арганізацыі работы з насельніцтвам па месцу жыхарства” пройдзе на базе Алексіцкага сельскага Савета дэпутатаў.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *