Віка, Віка, пойдзем капаць бульбу

Общество

Я сама вясковая, таму як капаць бульбу ведаю.

Праўду кажучы, гэты занятак не самы мой любімы ў жыцці. Але ж, прыходзіцца і капаць, не «саскочыш» ужо тут, калі просяць дапамагчы сваякі. Апранаю касынку, бяру з дому вядро для бульбачкі, не забываю пра гумовыя боты и пальчаткі – цяпер я сапраўдная сялянка. Накіроўваюся з братам у поле на Тунеўшчыну.

Калі мы капаем бульбу, то заўсёды склікаем нямала людзей, каб хутчэй справіцца (а пасля разам адправіцца за шыкоўны стол святкаваць) – суседзі, знаёмыя, цёткі, дзядзькі, бабулі, дзядулі. Лішнія рукі не перашкодзяць. Прычым, кампаніяй і весялей, за размовамі час бяжыць незаўважна. Разгружаемся на полі (прыехалі з Глінішч) – пакуль нас 12 чалавек, яшчэ адна жанчына паабяцала прыйсці пазней. Трактарэц паціху падорвае і падорвае нам рады.

– Ніна, у цябе картошка добрая, – кажа адна з памочніц. – А ў мяне ў гэтым годзе нікуды, мабыць усю свінням аддам, – працягвае гутарку.

На гэты раз і дзеці вырашылі падключыцца да зямельнай справы. Мае пляменнікі Аніта з Ягорам спачатку з энтузіязмам узяліся за бульбу, а потым крыху здалі пазіцыі. Прытаміліся, маленькія. А вось мала чым саступаў астатнім 84-гадовы Міхаіл Якаўлевіч, шпарка збіраў вядро за вядром. Кажа, што ён яшчэ малады, на ўсё здольны.

Тэхніка капання ў кожнага была розная, хто як мог спраўляўся, жанчыны ў паўпрысядзі, а мужчыны ўжо наўколенцах поўзалі. Запэцкаліся, канешне.

На шэсць сотак нам спатрэбілася дзесьці каля трох гадзін. Наш ураджай – 30 мяшкоў. І мы ўсе малайцы. Ідзём есці бульбу.

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *