Хлеб ніколі не страціць свайго значэння


Гэта цвёрдае перакананне дырэктара АСП “Каапнарыхтпром” райспажыўтаварыства, структурнай адзінкай якога з’яўляецца хлебазавод, Аляксандры Уладзіміраўны Раманенка, чалавека, захопленага сваёй справай, які пастаянна імкнецца ўдасканальваць работу даверанага ей прадпрыемства і калектыву з мэтай заваявання пакупніцкіх жаданняў:

– З года ў год прадпрыемства стабільна забяспечвае прагнозны паказчык па выпуску тавараў народнага ўжытку. Калі за 7 месяцаў 2008 года ён быў выкананы на 105,6 працэнта, то сёлета за аналагічны перыяд – 112,1 працэнта. Выпушчана сёлета 1124 тоны хлебабулачных і 55,7 тоны кандытарскіх вырабаў. Аб’ёмы выпуску кандытарскіх вырабаў павялічыліся за кошт асваення новых відаў прадукцыі – пернікаў, двух відаў пышак, чатырох відаў пячэння.

На прадпрыемстве ажыццяўляецца выпуск хлебабулачных вырабаў да 180 тон у месяц, у тым ліку белабулачных – да 50 тон. Праектная магутнасць завода – да  39 тон у суткі. Штодзённа мы пастаўляем у гандлёвыя кропкі разнастайную па форме, вазе і цане водарную прадукцыю.

У апошнія гады многае зроблена на заводзе, што дазволіла дасягнуць цяперашніх неблагіх паказчыкаў і забяспечыць станоўчы вынік у будучым. Гэта, у першую чаргу, замена ўстарэўшага абсталявання на сучаснае – высокаэфектыўнае, энергазберагаючае і аблягчаючае працу хлебапёкаў. Гэта арганізацыя сістэматычнага кантролю за рынкам і ўкараненне новых відаў прадукцыі, удасканальванне смакавых якасцей раней асвоеных вырабаў. Так, летась на заводзе ўстаноўлена новая печ нямецкай вытворчасці з расстоечнай шафай прадукцыйнасцю 70 кілаграмаў прадукцыі ў гадзіну, на якой за дзень выпякаецца 3 тоны хлебабулачных вырабаў, што дазволіла расшырыць асартымент хлебных вырабаў.

 У планах на бліжэйшую перспектыву – падрыхтоўка да ўкаранення ў хлебную вытворчасць сістэмы менеджмента якасці, што павінна адбыцца ў сакавіку будучага года. Дзеля гэтага выконваюцца ў цэху многія рамонтныя работы з заменай вокнаў і падшыўка столі, а таксама рамантуюцца іншыя памяшканні. Закуплена абсталяванне для адкрыцця мікрабіялагічнага аддзялення, дзе будуць рыхтавацца вадкія закваскі для вытворчасці хлеба, што падоўжыць тэрмін яго рэалізацыі. Будзе таксама створана аддзяленне для падрыхтоўкі цеста, дзеля чаго закуплена новае абсталяванне: дзве дзялільныя машыны для вытворчасці хлеба ржаных сартоў і адзін  акругляльнік для белабулачных вырабаў, два вадамеры для замесу цеста. Гэта дасць магчымасць выпуску хлебабулачных вырабаў з падоўжаным тэрмінам захоўвання.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *