«Дажынкі» ў Мазыры: тут і вялікі кірмаш, і каларытны аграпарад

Главное Сельское хозяйство

Мазыр запаланілі тысячы гасцей з усёй вобласці, са сталіцы і іншых рэгіёнаў Беларусі – тут ладзілася абласное свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі».

Немагчыма ахапіць усю праграму, якая доўжылася з раніцы да вечара. Таму я паспрабую вылучыць пяць самых яркіх момантаў свята.

Шэсце. Свята пачалося з урачыстага шэсця дэлегацый раёнаў. У кожнага была свая іскрынка: незвычайны каравай, дызайнерскія касцюмы, неверагодныя вырабы… Урачыстае шэсце нагадвала яркі карнавал з сялянскім акцэнтам.

Кірмаш. Па галоўным праспекце «Дажынак», у які ператварылася цэнтральная плошча горада, разгарнуўся маштабны кірмаш. Прадпрыемствы, народныя майстры з Гомельшчыны так крэатыўна і маляўніча рэкламавалі і знаёмілі са сваёй прадукцыяй, што прайсці міма было проста немагчыма. Акрамя таго, па шматгадовай традыцыі сучасныя ўзоры беларускай тэхнікі дэманстравалі гіганты машынабудавання.

Каравай. Сімвал «Дажынак» – каравай новага ўраджаю. Кожны раён, і наш у прыватнасці, прывёз на свята свой каравай – арыгінальна аформленыя, сапраўдныя шэдэўры хлебапякарнай справы. Атрымалася цудоўная выстава, якой шчыра захапляліся госці свята, робячы шматлікія фотаздымкі.

Падвор’е. Кожны раён крэатыўна аформіў сваё падвор’е і падрыхтаваў праграму, каб павесяліць, здзівіць публіку. Наш падворак называўся «Хойнікшчына – шчодрая душа», на яго завіталі ганаровыя госці, якіх артысты пастараліся зарадзіць весялосцю і станоўчай энергетыкай. На падворку можна было паспяваць, патанцаваць, набыць садавіну і агародніну, а таксама ўпрыгожванні, зробленыя хойніцкімі майстрамі, пачаставацца беларускімі прысмакамі і пасядзець на мосце перамоваў.

Узнагароджванне. Безумоўна, самай важнай падзеяй свята з’яўляецца ўрачыстая цырымоніі ўзнагароджвання. Прыемна, што хайнічане таксама ўздымаліся на «дажыначную» сцэну. Губернатар вобласці Генадзій Салавей уручыў Ганаровыя граматы Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Сяргею Яромчыку з КСУП «Веляцін» і Сяргею Канцавому з ААТ «Хойніцкі Аграсэрвіс», а таксама Падзяка аблвыканкама аб’яўлена Дзмітрыю Кузьменка з КСУП «Веляцін». Ганаровай граматай Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК узнагароджана Алена Волкава з КСУП «Судкова». Віншуем землякоў і ганарымся іх поспехамі!

Безумоўна, спіс яркіх момантаў можна працягваць доўга, уключыўшы ў яго выступленні самадзейных і прафесійных артыстаў, якія на працягу ўсяго дня радавалі сваёй творчасцю, розныя дзіцячыя забавы, наведванне драматычнага тэатра і прыгожы салют. Галоўнае – аграфэст падарыў шмат радасных эмоцый, пачуццё сапраўды народнага свята, дзе было хораша, цёпла, гасцінна ўсім ад малога да вялікага. Шчырае дзякуй працаўнікам вёскі за магчымасць пабываць на такім адметным фестывалі!

Наталля РЭВЯКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *