Паскорце стварэнне гаражных кааператываў


Аб неабходнасці стварэння гаражных кааператываў гаворка вядзецца даўно. Аднак ніякіх канкрэтных  дзеянняў з боку аўтаўладальнікаў няма. Нядаўна давялося стаць сведкай, як аднаму з іх у Хойніцкім бюро па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру было адмоўлена ў рэгістрацыі гаража.

За тлумачэннямі гэтай сітуацыі карэспандэнт “ХН” звярнуўся да начальніка аддзела архітэктуры, будаўніцтва, ЖКГ і па праблемах ліквідацыі вынікаў катастрофы на ЧАЭС райвыканкома Р.І. КАРЖАНОК.

– У межах горада размешчана 6 гаражных масіваў: па вул. Партызанскай (№№1-51), Тургенева (1-382), Тургенева (383-594), Тургенева (595-683), Церашковай (1-133), Церашковай (134-217).

22 студзеня 2008 года Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў падпісаны Указ № 43 “Аб дзейнасці арганізацый забудоўшчыкаў, гаражных кааператываў і кааператываў, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю аўтамабільных стаянак”, згодна з якім усе ўладальнікі гаражоў павінны аб’яднацца ў  кааператывы. Гэта патрэбна для навядзення парадку на прылягаючых тэрыторыях і для ажыццяўлення аховы. Як юрыдычная асоба, гаражныя кааператывы  могуць заключаць дагаворы з аддзяленнем Дэпартамента “Ахова”, КЖУП “Хойніцкі камунальнік” – на абслугоўванне, з Энергазбытам – на электразабеспячэнне. Пасля стварэння кааператываў уладальнікі гаражоў могуць  выкупіць зямлю.

У гаражным масіве па вул. Церашковай ёсць свабодныя месцы, але выдзеліць іх грамадзянам райвыканком не мае права. Многія звяртаюцца з просьбамі аб выдзяленні зямельнага ўчастка для будаўніцтва гаража, аднак і гэтага зрабіць нельга, бо згодна з Указам № 43 вырашаць пытанні аб выдзяленні свабодных участкаў пад забудову  можна толькі пры ўмове, калі грамадзянін з’яўляецца членам  гаражнага кааператыва.

У рэгістрацыі ўжо купленых гаражоў адмаўляюць на падставе пісьма Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь ад 12.06.2009 года. У ім, у прыватнасці, гаворыцца аб тым, што з 1 студзеня 1999 года зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і эксплуатацыі гаражоў прадастаўляюцца ў пастаяннае карыстанне толькі гаражным кааператывам. У выпадку звароту грамадзяніна за дзяржаўнай рэгістрацыяй зямельнага ўчастка, прадастаўленага для абслугоўвання гаража пасля 1 студзеня 1999 года пры адсутнасці дакумента, дазваляючага будаўніцтва гаража да 1 студзеня 1999 года, або іншага дакумента, які пацвярджае, што гараж належыць грамадзяніну на законнай аснове, рэгістратар абавязаны адмовіць у здзяйсненні рэгістрацыйнага дзеяння на падставе артыкула 36 Закона Рэспублікі Беларусь ад 22.07.2002 года “Аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю”. Інакш будзе парушаны Кодэкс аб зямлі.

Райвыканком неаднаразова звяртаўся да ўладальнікаў гаражоў з просьбамі  паскорыць працэс стварэння кааператываў. На такую форму абслугоўвання пераходзіць уся рэспубліка, а не толькі наш раён. Па-іншаму не будзе.

У любы час мясцовы выканаўчы орган улады прадаставіць для ўладальнікаў гаражоў памяшканне, дапаможа з распрацоўкай Статута, растлумачыць незразумелае. Кожны кааператыў павінен абраць сабе старшыню, бухгалтара, распрацаваць Статут, зарэгістравацца ў райвыканкоме.

Ужо зараз усе гаражныя масівы абясточаны. І прамаруджванне са стварэннем кааператываў прывядзе да таго, што гаражы застануцца без электраэнергіі.

Да ўвагі ўладальнікаў металічных гаражоў:  такія гаражы не належаць уключэнню ў гаражны кааператыў і ў хуткім часе будуць знесены, як самавольныя пабудовы.


Запісала Вольга АНАТОЛЬЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *