Да 20-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана Загартаваныя Афганам

Образование

Вываду савецкіх войск з Афганістана ў далёкім 1989 годзе чакалі тысячы людзей: і ваеннаслужачыя абмежаванага кантынгенту савецкіх войск, і іх бацькі, і члены іх сем’яў, і іх сябры і суседзі. Мы памятаем, як слязьмі і кветкамі сустракалі нашых салдат і афіцэраў на памятным мосце ва ўзбекскім горадзе Тэрмезе, апошнім па якому прайшоў камандуючы АКСВ генерал арміі Барыс Громаў. І сёння, праз два дзесяцігоддзі, якія мінулі з тых незабыўных дзён, наша памяць упарта вяртаецца да падзей той неаб’яўленай, неафішыруемай і доўгі час замоўчваемай вайны.

Сярод тых, чыё жыццё абарвалася ў гэтай спякотнай і камяністай краіне, і сямёра нашых землякоў – Ігар Анісенка, Віталій Заяц, Сяргей Кузякін, Фёдар Найдзенка, Аляксандр Пінчук, Валерый Рудзянок, Алег Смольскі. Кожны з іх меў баявыя ўзнагароды, кожны ўзнагароджаны пасмяротна. Але ці лягчэй ад гэтага на сэрцы іх маці і бацькам, братам і сёстрам, жонкам і дзецям? І толькі памяць, апаленая Афганам, трапятліва і беражліва захоўвае іх светлыя вобразы.




УСПОМНІМ ГІСТОРЫЮ


25 снежня 1979 года ў 15.00 па маскоўскім часе савецкія войскі ўвайшлі ў Афганістан. Іх прабыванне ў гэтай краіне працягвалася 9 гадоў адзін месяц і 18 дзён. Суровую школу Афганістана прайшлі больш за 600 тысяч ваеннаслужачых Савецкай Арміі, чалавечыя страты склалі каля 14600 загінуўшых і больш за 300 тысяч параненых. Тысячы салдат і афіцэраў за мужнасць і гераізм узнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі. Многія – пасмяротна…



Хойніцкая раённая арганізацыя ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” па меры сваіх магчымасцей імкнецца зрабіць усё для таго, каб падзеі афганскай вайны назаўсёды засталіся не толькі ў памяці сённяшніх, але і ў памяці будучых пакаленняў. На сённяшні дзень на ўліку ў нас састаяць 54 былыя воіны-“афганцы”, а ўсіх удзельнікаў лакальных войн і канфліктаў у раёне налічваецца 60 чалавек. Афіцыйна наша арганізацыя была створана ў 2005 годзе, хаця аб’яднанне воінаў-“афганцаў” дзейнічала ў раёне задоўга да гэтага. У 2005-м гэтую дзейнасць мы прывялі ў адпаведнасць усім юрыдычным нормам, якія дзейнічаюць у нашай краіне: ва ўстаноўленым парадку прынялі статут, зарэгістраваліся ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь, адкрылі свой разліковы рахунак у ААТ “ААБ “Беларусбанк”. 
 
Як у кожнай грамадскай арганізацыі, ёсць у нас і свае актывісты. Гэта У.М. Бордак, В.І. Ліберт, Г.В. Цішкевіч, А.Т. Чэркас, А.А. Балянок, Ю.Д. Гушча. Яны, а таксама многія іншыя воіны-інтэрнацыяналісты прынялі самы актыўны ўдзел у стварэнні музея, прысвечанага падзеям афганскай вайны, актыўна ўдзельнічаюць у сустрэчах з падрастаючым пакаленнем, правядзенні Дзён Памяці і іншых мерапрыемствах.
Віншую ўсіх маіх баявых таварышаў, ветэранаў Афганістана і жыхароў раёна з 20-годдзем заканчэння афганскай вайны, жадаю ўсім ім моцнага здароўя, чыстага мірнага неба, ладу, спакою і дабрабыту ў сем’ях. Не сумняваюся ў тым, што падзеі 80-х гадоў назаўсёды застануцца ў памяці народнай як прыклад мужнасці, гераізму, вернасці салдацкаму доўгу і прынятай прысязе.


М. ГАПОНЕНКА,
старшыня раённай арганізацыі
ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны
ў Афганістане”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *